Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь 2006 года
 
Каментары

ГАЛАЎНЫ БОЛЬ ТРЭЦЯЙ КАДЭНЦЫІ

Аўтар: Аляксандр КЛАСКОЎСКІ, рэдактар сайта

Карацей, аналітыкам падкінута тэма для версій (палітычныя праціўнікі афіцыйнага лідэра яўна аддаюць перавагу версіі аб стане здароўя).

Так ці інакш, паўтысячы арыштаваных маніфестантаў - не лепшы фон для інаўгурацыйнай помпы. Няхай хоць выйдуць...

Відавочна, хваля палітычнай актыўнасці цяпер пойдзе на спад. На днях Лукашэнка пахваліў сілавікоў за рашучасць і рэзюмаваў: "Розныя палітычныя баталіі скончаны. У краіне ўсталяваўся парадак, як і быў, нягледзячы на асобныя ўсплёскі".

Далейшая фабула залежыць ад некалькіх чыннікаў.

Перад трыумфатарам стаяць няпростыя праблемы. З аднаго боку, ёсць спакуса вычысціць крамолу да донца. З іншага боку, маштаб пратэстаў паказвае, што ў краіне насуперак рэпрэсіям фармуецца слой грамадзянскай супольнасці, ігнараваць які - небяспечна. Дый эканамічныя імператывы прымушаюць задумацца хаця б пра нейкую лібералізацыю.

Шмат будзе залежаць і ад знешніх фактараў.

Захад, натуральна, асудзіў жорсткае здушэнне вулічных пратэстаў, а Масква гэтак жа прадказальна заступілася за хаўрусніка. Аднак у расійскай эліты - свой разлік. Аналітыкі прадказваюць жорсткую барацьбу за "Белтрансгаз". На гэтай глебе Брусель можа паспрабаваць знайсці з Масквой пэўныя кропкі судакранання ў падыходах да "беларускага пытання".

У любым выпадку Захад будзе падтрымліваць дэмакратычныя сілы. Хаця магчымасці тут дастаткова абмежаваныя, паколькі ўлада стараецца запламбаваць усе каналы.

Палітычная апазіцыя настройваецца на зацяжную барацьбу. Аляксандр Мілінкевіч, лідэр кааліцыі дэмакратаў, гаворыць пра варыянт кшталту "Салідарнасці" Леха Валенсы.

Але тады ў Польшчы было кепскае эканамічнае становішча. Беларускія ж улады, няхай сабе і пры дапамозе расійскіх прэферэнцый, забяспечваюць большасці грамадзян такі-сякі сціплы дабрабыт.

Лозунгі апазіцыі пакуль не сталі лозунгамі большасці. Сам Мілінкевіч прызнае, што доля цвёрдых прыхільнікаў дэмакратычных перамен - працэнтаў трыццаць. Ён дэклараваў стварэнне шырокага руху за перамены. Скептыкі зазначаюць, што ўжо мноства падобных да гэтай ініцыятыў патанула ў беларускім балоце.

З іншага боку, сам Лукашэнка, няхай сабе і ў палемічным запале, паўтарае, што дыктатура ў цэнтры Еўропы 21-га стагоддзя немагчымая.

Будзем верыць.