Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Хронiка
 
Каментары

ГУЛЬНЯ АБВАСТРЫЛАСЯ


2006-03-07

Аўтар: Аляксандр КЛАСКОЎСКІ, рэдактар сайта

Спецыфіку выбараў па-беларуску са змрочнай сімвалічнасцю праілюстраваў дзень 2 сакавіка. Заканадаўства, як вядома, гарантуе кандыдатам у прэзідэнты роўныя правы. І вось 2 сакавіка, у той час як адзін з кандыдатаў, Лукашэнка, шматслоўна выступаў з трыбуны Усебеларускага народнага сходу, другому, Казуліну, пры спробе трапіць на сход публічна надавалі пад бакі. А трэці, Мілінкевіч, праводзіў па суседстве сустрэчу з выбаршчыкамі пад пагрозай арышту за несанкцыяваную акцыю.

Інцыдэнт з Казуліным і шэраг іншых падзей паказалі: дзяржаўнае кіраўніцтва выбрала суровы сцэнарый кампаніі. Праўда, мітынг прыхільнікаў Мілінкевіча вечарам 2 сакавіка разганяць не сталі. Сапраўды, два збітыя кандыдаты ў адзін дзень - зашмат.

Затое супраць Казуліна постфактум яшчэ і распачалі дзве крымінальныя справы. Сам, маўляў, скандаліў і нарываўся на грубасць... Такім чынам, над ім завіснуў дамоклаў меч.

Аднак шэраг назіральнікаў лічыць, што ўладам нявыгадна адмяняць рэгістрацыю Казуліна або Мілінкевіча (а тым больш абодвух).

Паводле ацэнкі вядомага сацыёлага Алега Манаева, Лукашэнка сапраўды можа набраць каля 60% галасоў без усялякіх падтасовак. Да 30% здольныя раздзяліць паміж сабою Мілінкевіч і Казулін.

Навошта ж дзейнаму лідэру пры такім раскладзе пазбаўляць сваю перамогу бляску канкурэнтнасці? У тым, што Гайдукевіч - сур'ёзны сапернік, публіку ніяк не запэўніш. Патрэбны больш яркія фігуры-апаненты. Такім чынам, можна з даволі высокай долей верагоднасці прагназаваць, што ў бюлетэнях будуць чатыры прозвішчы.

Пра гэта ўскосна сведчыць заява сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка пасля падзей 2 сакавіка: маўляў, Цэнтральная камісія гатова выказаць лібералізм у адносінах да "свавольстваў" некаторых кандыдатаў дзеля захавання альтэрнатыўнасці выбараў.

Жорсткі ж "урок" для Казуліна разам з арыштамі лідэраў незарэгістраванага "Партнёрства" і заявамі КДБ аб падрыхтоўцы радыкальнай апазіцыяй крывавага захопу ўлады, на думку незалежных аналітыкаў, маюць сваёй звышзадачай скаваць страхам патэнцыял вулічнай актыўнасці. Калі не цырымоняцца з кандыдатам у прэзідэнты, дык ці могуць быць упэўненыя за свае рэбры радавыя грамадзяне, якія высунуцца на вуліцу "адстойваць вынікі выбараў"? Кожны сто разоў падумае...

Тым часам кандыдаты выкарысталі свае эфірныя квоты. Дзейны лідэр ад іх, як вядома, адмовіўся. Зрэшты, для перадвыбарных заяў і завочнай (месцамі вельмі недыпламатычнай) палемікі з апанентамі ён па поўнай праграме выкарыстаў трыбуну трэцяга Усебеларускага народнага сходу, што прайшоў у Мінску 2-3 сакавіка. І, хутчэй за ўсё, яшчэ не раз з'явіцца на тэлеэкране да 19 сакавіка.

Што тычыцца праграмных момантаў даклада Лукашэнкі, які прагучаў 2 сакавіка, то варта зазначыць: спічрайтэры насыцілі тэкст наогул цалкам прагрэсіўнымі лозунгамі. У прыватнасці, гаварылася пра інавацыйны шлях развіцця, інвестыцыі, развіццё рыначнай інфраструктуры, высокія тэхналогіі, стабільныя правілы гульні для прадпрымальнікаў і г.д. Прагучала нават прызнанне, што адміністрацыйныя метады кіравання эканомікай шмат у чым сябе вычарпалі.

Гэта значыць, улада, па сутнасці, перахапіла шэраг эканамічных тэзісаў апазіцыі. Ды і заслугу пабудовы незалежнай дзяржавы занесла ў свой актыў.

Незалежныя аналітыкі падкрэсліваюць, аднак, што ўсё гэта - ад высокіх тэхналогій да ідэалогіі незалежнасці - плануецца ўбудаваць у сённяшнюю сістэму ўлады. У абвешчанай Лукашэнкам мадэлі "дзяржавы для чалавека" няма месца палітычнай канкурэнцыі, развіццю паўнакроўнай грамадзянскай супольнасці. Прапануецца ўрэзаны набор нейкіх спажывецкіх дабротаў, а ўзамен патрабуецца поўная лаяльнасць.

Палітолаг Віталь Сіліцкі называе гэта "лукашэнкаўскім застоем", праводзячы паралель з часамі Брэжнева.

Увогуле, нават антураж Палаца рэспублікі ў дні "народнага веча" нагадваў афармленне з'ездаў КПСС. Пытанне ў тым, ці можна ўвайсці другі раз у тую ж раку "развітога сацыялізму".

Сацыялогія паказвае, што цяперашнія рэаліі - гэта значыць сціплы рост дабрабыту на фоне ўрэзаных правоў і свабод - больш пажаданыя для даволі вялікага пласта насельніцтва, чым рызыкоўныя рэформы і грамадскія ўзрушэнні. Доля цвёрдых прыхільнікаў перамен прыкметна ніжэйшая, чым дэкларуе на мітынгах апазіцыя. Змены дзяржаўнага лідэра, іншага шляху развіцця свядома хочуць каля трэці грамадзян.

Гэта таксама вялікая сіла, і яе патэнцыял у перспектыве будзе залежаць ад некалькіх фактараў, у ліку якіх - дынаміка эканамічнай сітуацыі, уздзеянне Расіі і Захаду, ступень адзінства і сталасці палітычнай апазіцыі.

Ды і дзень 19 сакавіка не абяцае ўладам поўнага спакою.