Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Хронiка
 
Каментары

ЦЭНТРВЫБАРКАМ ВЫПІСАЎ ЧАТЫРЫ КАНДЫДАЦКІЯ ПАСВЕДЧАННІ


2006-02-17

Аўтар: Аляксандр КЛАСКОЎСКІ, рэдактар сайта

Хаця службовыя асобы і гаварылі строга, што сяму-таму могуць адгукнуцца парушэнні накшталт датэрміновай агітацыі, у выніку гэтыя грахі вырашылі дараваць.

Як няцяжка было прадбачыць, марным лямантам у пустыні застаўся ліст акадэміка Аляксандра Вайтовіча, які заклікаў ЦВК адмовіць у рэгістрацыі дзейнаму кіраўніку. Матывацыя: неканстытуцыйны характар рэферэндуму-2004, афіцыйныя вынікі якога, зняўшы ліміт у два тэрміны, далі першаму прэзідэнту Беларусі магчымасць балатавацца на найвышэйшую пасаду любую колькасць разоў.

Такім чынам, 17 лютага на цырымоніі ў сталічным Палацы Рэспублікі пасведчанні кандыдатаў на пасаду прэзідэнта атрымалі парламентарый Сяргей Гайдукевіч, лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Аляксандр Казулін, кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка і вылучэнец Кангрэса дэмакратычных сіл Аляксандр Мілінкевіч.

Відавочна, што зноў, як і на этапе рэгістрацыі ініцыятыўных груп, улада дэманструе ў фармальным плане максімальную лаяльнасць да сапернікаў кіраўніка дзяржавы.

На думку незалежных палітолагаў, кіраўніцтву выгадна, каб у выбарчых бюлетэнях было паболей прозвішчаў. Гэта распыліць галасы крытычна настроенага электарата. А таксама знізіць верагоднасць вулічных халяванняў па выніках выбараў: калі альтэрнатыва размытая, пратэстны зарад апрыёры слабейшы.

Цяпер пачынаецца перыяд агітацыі. Кожны кандыдат атрымлівае магчымасць двойчы па паўгадзіны выступіць па тэлебачанні і радыё, а таксама апублікаваць сваю праграму ў сямі агульнанацыянальных газетах. Кожнаму належыць ад казны вельмі сціплая - каля 27 тысяч долараў у эквіваленце - сума на агітацыю.

Аднак, як гавораць крытыкі, роўнасць тут толькі фармальная. Бо ўся моц інфармацыйна-прапагандысцкай машыны штодзённа і штогадзінна працуе на захаванне ўладнага статус-кво.

Адбіваючы папрокі палітычных праціўнікаў, Аляксандр Лукашэнка нядаўна заявіў, што яму няма патрэбы фальсіфікаваць вынікі галасавання хаця б таму, што яго рэйтынг - прычым нават па замерах незалежных сацыёлагаў - дазваляе спакойна выйграць ужо ў першым туры.

Электаральная база прэзідэнта і насамрэч дастаткова шырокая. Аднак яго апаненты лічаць, што дзеля прыгожай лічбы, для ілюстрацыі тэзісу аб усенароднай падтрымцы ўсё роўна будуць пушчаны ў ход "спецыяльныя сродкі".

Крытыкаў, у тым ліку з міжнародных структур, хвалююць такія элементы непразрыстасці выбараў, як аднабокі склад выбарчых камісій (куды практычна не ўключылі прадстаўнікоў апазіцыі), пяцідзённае галасаванне (калі лёс датэрмінова ўкінутых бюлетэняў немагчыма прасачыць), празмерныя абмежаванні для назіральнікаў і яўная няроўнасць інфармацыйных магчымасцей кандыдатаў за межамі гарантаванага законам мінімуму.

На гэтым ужо не раз акцэнтавалі ўвагу міжнародныя эксперты, у прыватнасці з Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЕ. Аднак іх рэкамендацыі не сталі кіраўніцтвам да дзеяння для афіцыйнага Мінска.

Ужо самі па сабе пералічаныя вышэй асаблівасці беларускага электаральнага працэсу (плюс непазбежныя адміністрацыйныя "перагіны на месцах") здольныя даць апазіцыі і шэрагу міжнародных структур аргументацыйную базу для аб'яўлення выбараў несправядлівымі і недэмакратычнымі.

Са свайго боку, улады заяўляюць, што не дапусцяць масавых беспарадкаў на глебе нязгоды з афіцыйнымі вынікамі галасавання. Зрэшты, і альтэрнатыўныя кандыдаты дастаткова асцярожныя: нехта лічыць за лепшае гаварыць пра абстрактную "рэвалюцыю духу", а нехта і наогул успрымае будучую перамогу Лукашэнкі як данасць.

Тым часам эксперты, якія скептычна ацэньваюць шанцы апазіцыі на "рэвалюцыю духу" 19 сакавіка, засяроджваюць увагу на перспектыве палітычнага працэсу ў краіне. Ці здолее апазіцыя адваяваць нейкі плацдарм у легальным полі - або канчаткова маргіналізуецца? Як будзе эвалюцыянаваць цяперашняя сістэма ўлады? У бок узмацнення аўтарытарызму? Або імператыў эканамічнай мадэрнізацыі прымусіць паступова аслабляць шрубкі ў іншых сферах? Пытанняў шмат.

Так што ў любым выпадку гэтыя выбары маюць сваю інтрыгу і напэўна сур'ёзна паўплываюць на далейшы лёс Беларусі.