У ВЫБАРЧЫХ БЮЛЕТЭНЯХ БУДЗЕ НЕ БОЛЕЙ ЗА ЧАТЫРЫ ПРОЗВІШЧЫ
2006-01-30
Аўтар: Аляксандр КЛАСКОЎСКІ, рэдактар сайта
А пакуль што выбарчыя камісіі будуць тэставаць на прадмет дакладнасці подпісы грамадзян, сабраныя ў падтрымку вылучэння названых палітыкаў. Паводле звестак ЦВК на 30 студзеня, ініцыятыўная група Лукашэнкі здала ў выбаркамы 1 млн. 905 637 подпісаў, у падтрымку Мілінкевіча прадстаўлена 198 798 подпісаў, Казуліна - 158 014, Гайдукевіча - 150 504.
А вось каманда адстаўнога генерала Валерыя Фралова, насуперак папярэднім рэляцыям, змагла прад'явіць толькі 58 775 аўтографаў. Такім чынам, гэты прэтэндэнт дэ-факта выбыў з барацьбы, не дацягнуўшы да "кандыдацкага мінімуму" - 100 тысяч.
У астатніх подпісаў з лішкам, нават калі ўлічыць верагодныя страты ў выніку адбракоўкі. Акрамя таго, важна, каб ЦВК не ўгледзеў нейкіх хібаў у дэкларацыях аб даходах прэтэндэнтаў і іх найбліжэйшых сваякоў.
У асяроддзі апазіцыянераў і незалежных экспертаў гучала засцярога, што на рашэнне аб рэгістрацыі здольныя паўплываць не столькі тэхнічныя, колькі палітычныя чыннікі. Маўляў, улада можа проста адсеяць непажаданых прэтэндэнтаў пад прыцягнутай за вушы маркай (накшталт датэрміновай агітацыі).
Дарэчы, менавіта з такой апрыёрнай матывацыяй адзін з бескампрамісных апанентаў улады - Зянон Пазьняк наогул адмовіўся здаваць сабраныя подпісы. Па версіі прадстаўніка ЦВК, група гэтага палітыка проста не адолела "кандыдацкі мінімум".
У той жа час шэраг экспертаў схіляецца да думкі, што для кіраўніцта краіны больш выйгрышны (у плане легітымацыі вынікаў) спаборніцкі варыянт выбараў, чым той, пры якім у выбарчым бюлетэні апынуцца, напрыклад, два прозвішчы - кіраўніка дзяржавы і "тэхнічнага суперніка". Бо рэйтынг Лукашэнкі аб'ектыўна высокі, і не толькі блізкія да ўладаў сацыёлагі, але і незалежныя даследчыкі (праўда, з прыкметнай разбежкай у лічбах) сведчаць: каб выбары былі сёння, дзейны прэзідэнт мог бы перамагчы "чыста" ўжо ў першым туры.
З іншага боку, назіральнікі адзначаюць прыкметную дынаміку рэйтынгу Аляксандра Мілінкевіча, што пэўна напружвае кіруючую эліту. Эксперты падкрэсліваюць: пазіцыі вылучэнца аб'яднаных дэмакратычных сіл прыкметна ўмацаваліся б у выпадку ўваходжання ў яго перадвыбарную калону Аляксандра Казуліна са сваімі паплечнікамі, што цяпер ідуць паралельным курсам. Аднак пакуль шанцы на кампраміс паміж гэтымі двума палітыкамі невялікія. Былы рэктар Беларускага дзяржаўнага універсітэта Казулін, наадварот, лічыць, што менавіта ён здольны стаць найбольш моцнай альтэрнатывай дзейнаму прэзідэнту.
Тым часам Аляксандр Лукашэнка даў вялікае інтэрв'ю нацыянальным тэлеканалам, запэўніўшы, што Майдана на кіеўскі лад у Беларусі дакладна не будзе. "У нас няма такіх плошчаў, дзе будуць расстаўляць гэтыя палаткі. Гэта я проста гарантую", - вось так адным махам перакрэсліў ён усялякія "аранжавыя" сцэнары.
Нават у лагеры непрымірымых апанентаў Лукашэнкі мала хто сумняецца, што ўвечары 19 сакавіка ЦВК абвесціць арыфметычна больш чым пераканаўчы вынік на ягоную карысць.
Разам з тым, на думку шэрагу аналітыкаў, магчыма, што 19 сакавіка "ўсё толькі пачнецца". Гаворка пра тое, што ў выпадку адноснага поспеху, то бок дастатковай раскруткі, аднаго з супернікаў Лукашэнкі ў апазіцыі з'явіцца шанц выйсці з маргінальнага стану, адваяваць нейкі плацдарм у прававым полі беларускай палітыкі.
Магчыма, гэта зараз тая рэальная задача-максімум, на якую разлічвае і Захад, узмацняючы ціск на Мінск з патрабаваннем забяспечыць больш празрыстыя, справядлівыя ўмовы электаральнай кампаніі.