Каментары
У ЛУКАШЭНКІ СЕМ ПАТЭНЦЫЙНЫХ СУПЕРНІКАЎ
2006-01-04
Аўтар: Каментар ад 4 студзеня 2006 года
Інакш кажучы, на сёння ў афіцыйнага лідэра, Аляксандра Лукашэнкі, сем патэнцыйных супернікаў - "сямёра смелых", як ахрысьціла іх прэса. Гэта Аляксандр Вайтовіч, Сяргей Гайдукевіч, Аляксандр Казулін, Аляксандр Мілінкевіч, Зянон Пазьняк, Сяргей Скрабец, Валерый Фралоў.
Каманды ўсіх прэтэндэнтаў распачалі збор подпісаў. Для рэгістрацыі, нагадаем, трэба назапасіць сотню тысяч аформленых па ўсіх правілах аўтографаў суграмадзян.
Шанцы канкурэнтаў відавочна няроўныя. З аднаго боку, па шэрагу аб'ектыўных і суб'ектыўных прычын каласальная фора ў прэзідэнта. З іншага боку, бачна простым вокам, што і яго апаненты - у зусім розных вагавых катэгорыях. Напрыклад, колькасны склад іх ініцыятыўных груп вагаецца ад няпоўных паўтары сотні чалавек (у былога дэпутата Сяргея Скрабца) да пяці тысяч з гакам (у вылучэнца Кангрэса дэмакратычных сіл Аляксандра Мілінкевіча).
Аглядальнікі звяртаюць увагу на тое, што асобныя прэтэндэнты ўступілі ў кампанію хутчэй з піяраўскімі мэтамі, чым у разліку на рэальнае спаборніцтва. Зробленыя імі заявы дазваляюць у любы момант бразнуць дзвярыма, абвясьціўшы, што выбары не адпавядаюць жаданым стандартам.
Нарэшце, сваю селекцыю можа правесці ЦВК. Патрабаванні да афармлення подпісаў і іншыя фармальнасці здольныя стаць гібельнымі рыфамі нават для таго, хто набярэ жаданых аўтографаў з лішкам.
Натуральна, апазіцыя апрыёры выказвае апасенне, што селекцыя апынецца, мякка кажучы, не зусім бесстаронняй. ЦВК, са свайго боку, не скупіцца на запэўніванні ў поўнай дэмакратычнасці і празрыстасці электаральнага працэсу. А што Захад на яго традыцыйна скоса глядзіць - дык, вядомая рэч, у іх там двайныя стандарты!
Найбліжэйшая кантрольная кропка перадвыбарнай дыстанцыі - 27 студзеня. Гэтым днём завяршаецца этап вылучэння. Імаверны натуральны сыход кагосьці з аўтсайдэраў.
Урэшце, нечаканае рашэнне ўладаў правесці выбары ў сакавіку (а не ў ліпені, як прарочылі эксперты) ускладніла жыццё ўсім прэтэндэнтам (кіраўніка дзяржавы вынесем за дужкі). Як бы ні храбрыліся апазіцыянеры, гэтая справа нежартоўная - сабраць столькі подпісаў у перыяд навагодніх святаў (які далёка выпаўзае за афіцыйныя каляндарныя рамкі і называецца аматарамі змрочнага гумару "ноччу з 1 студзеня на 23 лютага").
Паводле прагнозаў шэрагу аналітыкаў, у бюлетэні для галасавання можа апынуцца не больш за тры прозвішчы. Што да другога туру, то пра яго ў кантэксце цяперашняй кампаніі эксперты не разважаюць нават тэарэтычна. Усё вырашыцца 19 сакавіка. Урэшце, скептыкі кажуць, што ўсё ўжо даўно вырашана.
Ці здолее хтосьці абвергнуць гэтае перакананне?