Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь 2006 года
 
Хронiка

А.МІЛІНКЕВІЧ НЕ ПАЕХАЎ НА ЎРУЧЭННЕ ПРЭМІІ ФОНДУ ФОРУМУ КРАН-МАНТАНА З-ЗА ШЧЫЛЬНАГА ГРАФІКА РАБОТЫ Ў БЕЛАРУСІ

Аўтар: Сяргей ПУЛЬША, БелаПАН.

Мінск, 22 чэрвеня. Лідэр аб'яднаных дэмакратычных сіл Беларусі, экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч вымушаны быў адмовіцца ад паездкі на ўручэнне прэміі Фонду Сусветнага форуму Кран-Мантана "з-за шчыльнага графіка работы ў Беларусі". Пра гэта паведаміў БелаПАН прэс-сакратар палітыка Павел Мажэйка.
Паводле слоў прэс-сакратара, яму штодзённа даводзіцца адмаўляць розным міжнародным арганізацыям ва ўдзеле А.Мілінкевіча ў іх мерапрыемствах. "Форум Кран-Мантана не выключэнне. Фактычна паўдня я толькі і займаюся тым, што размаўляю з прадстаўнікамі розных арганізацый, перш за ўсё замежных, аб немагчымасці ўдзелу Мілінкевіча ў іх мерапрыемствах", - сказаў П.Мажэйка.
Паводле яго слоў, А.Мілінкевіч заняты ўдакладненнем стратэгіі і тактыкі дзеянняў дэмакратычных сіл пасля выбараў 19 сакавіка, плана дзеянняў аб'яднанай апазіцыі, паездкамі па рэгіёнах Беларусі. "Сітуацыя пасля выбараў і так застойваецца, і калі А.Мілінкевіч будзе рэгулярна знаходзіцца за мяжой, а не ў Беларусі, нашы людзі, перш за ўсё рэгіянальныя актывісты, якія патрабуюць дзеянняў, гэтага не зразумеюць", - заявіў П.Мажэйка.
Фонд Сусветнага форуму Кран-Мантана ўзнагародзіў А.Мілінкевіча спецыяльнай штогадовай прэміяй. Прэмія была заснавана ў 1989 годзе. Яна прысуджаецца за заслугі ў справе барацьбы за мір, свабоду і дэмакратыю. Да А.Мілінкевіча аналагічную прэмію атрымлівалі Ясір Арафат, Зоран Джынджыч, Віктар Чарнамырдзін, Хуан Антоніа Самаранч і Юлія Цімашэнка.