Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь 2006 года
 
Хронiка

ДА ПРЫЗНАЧЭННЯ ДАТЫ СУДОВАГА ПАСЯДЖЭННЯ ПА СПРАВЕ А.КАЗУЛІНА АБАРОНА ПАДАЛА Ў СУД ШЭРАГ ХАДАЙНІЦТВАЎ


2006-06-22 16:01

Аўтар: Сяргей ПУЛЬША, БелаПАН.

Мінск, 22 чэрвеня. Дата разгляду ў судзе крымінальнай справы ў дачыненні да экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна пакуль не прызначана, паведаміў БелаПАН адвакат Казуліна Ігар Рынкевіч. Не прызначаны пакуль і суддзя, які будзе весці справу ў судзе Маскоўскага раёна Мінска.
Між іншым, паводле слоў Рынкевіча, абарона падала ў суд шэраг хадайніцтваў. У іх ліку - хадайніцтва аб тым, каб перад прызначэннем судовага разбору суддзя зрабіў шэраг працэсуальных дзеянняў, а менавіта: змяніў меру стрымання Казуліну з утрымання пад вартай на падпіску аб нявыездзе або ў выглядзе асабістых паручыцельстваў грамадзян Беларусі. "Мы перадалі ў суд 222 асабістыя паручыцельствы, хаця паводле закону дастаткова двух", - зазначыў І.Рынкевіч.
У суд таксама пададзена хадайніцтва аб допуску ў якасці абаронца дачкі Казуліна Вольгі, якая мае вышэйшую юрыдычную адукацыю.
"Абарона хадайнічае і аб выкліку ў суд сведак: кіраўніка Нацыянальнага прэс-цэнтра, міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Навумава, камандзіра ваеннай часці № 3214 Дзмітрыя Паўлічэнкі, камандзіра палка міліцыі спецыяльнага прызначэння Юрыя Падабеда, камандзіра спецпадраздзялення "Алмаз" Мікалая Карпянкова, прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і іншых асоб, для допыту ў якасці сведак па абставінах, што маюць значэнне для справы", - паведаміў І.Рынкевіч.
Абарона просіць суд запатрабаваць шэраг дакументаў, у тым ліку нарматыўны дакумент, які рэгулюе дзейнасць спецпадраздзялення "Алмаз", а таксама далучыць да справы шэраг матэрыялаў: лістоў супрацоўнікаў КДБ і бальніцы Упраўлення спраў прэзідэнта, размешчаных у інтэрнеце, і іншых дакументаў.
"Рашэнне суда па гэтых хадайніцтвах дазволіць абароне Аляксандра Казуліна вырашыць пытанне аб магчымым адводзе суддзі. На падставе рашэння суда па хадайніцтвах мы зможам вызначыць, наколькі прама ці ўскосна суддзя зацікаўлены ў зыходзе гэтай справы", - заявіў адвакат.