|
Выбары Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь 2006 года
|
|
Пошук
Аб выбарах
Усе кампаніі
|
Хронiка
БОЛЬШ ЗА 30 ТЫСЯЧ ЧАЛАВЕК ПАДПІСАЛІСЯ ПАД ЗВАРОТАМ З ПАТРАБАВАННЕМ ВЫЗВАЛІЦЬ З-ПАД ВАРТЫ ЭКС-КАНДЫДАТА Ў ПРЭЗІДЭНТЫ А.КАЗУЛІНААўтар: Юрый ПАЦЁМКІН, БелаПАН. Мінск, 15 чэрвеня. Больш за 30 тысяч чалавек падпісаліся пад зваротам з патрабаваннем вызваліць з-пад варты экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Аляксандра Казуліна, паведамляе прэс-служба палітыка.Апрача таго, у падтрымку лідэра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) сабрана 218 асабістых паручыцельстваў. "У гэтым спісе вядомыя і паважныя ў краіне і свеце людзі, простыя грамадзяне. Усе яны хочуць аднаго - неадкладнага вызвалення А.Казуліна і пакарання сапраўдных вінаватых у правакацыях супраць яго", - гаворыцца ў паведамленні прэс-службы. Тым часам А.Казулін 13 чэрвеня напісаў ліст генеральнаму пракурору Беларусі Пятру Міклашэвічу. Палітык лічыць, што крымінальная справа на яго заведзена па палітычных матывах. У лісце Казулін сцвярджае, што яго справа расследуецца неаб'ектыўна. Ён нагадвае, што супрацоўнікі праваахоўных органаў - спецпадраздзялення міліцыі "Алмаз" і камандзір брыгады ўнутраных войскаў Дзмітрый Паўлічэнка - дзейнічалі ў дачыненні да яго незаконна. Аднак пракуратура ніяк не адрэагавала на гэтыя парушэнні. З 25 сакавіка А.Казулін знаходзіцца ў следчым ізалятары ў Жодзіне. Ён быў затрыманы падчас правядзення масавай акцыі пратэсту, якая была жорстка разагнаная сіламі правапарадку. Падчас разгону пацярпелі некалькі дзесяткаў яе ўдзельнікаў. 30 сакавіка лідэру БСДП (Грамада) прад'яўлена абвінавачанне па трох эпізодах: па падзеях 17 лютага і 2 сакавіка - ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства); па падзеях 25 сакавіка - ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя групавых дзеянняў, у выніку чаго быў груба парушаны грамадскі парадак, і звязаных з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, або мелі месца парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў або арганізацый, або актыўны ўдзел у такіх дзеяннях пры адсутнасці прыкметаў больш цяжкага злачынства). |
|
|
|