Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь 2006 года
 
Хронiка

САКРАТАР ЦВК М.ЛАЗАВІК: БДІПЧ АБСЕ - СТРУКТУРА БОЛЬШ ЗАКРЫТАЯ, ЧЫМ ЦРУ І КДБ РАЗАМ УЗЯТЫЯ

Аўтар: Юрый ПАЦЁМКІН, БелаПАН.

Мінск, 7 чэрвеня. Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ - "структура больш закрытая, чым ЦРУ і КДБ разам узятыя". Такую ацэнку дзейнасці гэтай арганізацыі ў інтэрв'ю БелаПАН даў сакратар Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік.
Нагадаем, сёння БДІПЧ АБСЕ апублікавала выніковую справаздачу аб прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі, у якой зазначаецца, што выбарчая кампанія "не адпавядала стандартам АБСЕ ў сферы дэмакратычных выбараў".
Паводле слоў М.Лазавіка, нягледзячы на просьбы ЦВК Беларусі прадаставіць праект выніковай справаздачы перад яе зацвярджэннем, гэтага зроблена не было. "Пра тое, што гэты дакумент ужо прыняты, мы, як заўсёды, даведваемся са сродкаў масавай інфармацыі", - сказаў ён. Між іншым, зазначыў М.Лазавік, у папярэдняй справаздачы місіі было дапушчана мноства недакладнасцей, а таксама ўтрымлівалася інфармацыя пра факты, што не адпавядалі рэчаіснасці, былі скіраваныя на "негатыўную ацэнку выбараў" . "Мы нават не ведаем, ці ўстаранілі яны гэты недакладнасці з выніковай справаздачы", - сказаў сакратар ЦВК.
М.Лазавік назваў справаздачу місіі "абсалютна палітызаванай" і не здольнай паўплываць на перагляд вынікаў галасавання. "Усе санкцыі, якія вынікаюць з гэтай справаздачы, ужо прыменены", - сказаў сакратар Цэнтрвыбаркама. Паводле яго слоў, хутчэй можна гаварыць пра "фальсіфікацыю вынікаў назірання за выбарамі з боку АБСЕ", чым з боку выбарчых камісій.