Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь 2006 года
 
Хронiка

БДІПЧ АБСЕ АПУБЛІКАВАЛА КАНЧАТКОВУЮ СПРАВАЗДАЧУ АБ ПРЭЗІДЭНЦКІХ ВЫБАРАХ У БЕЛАРУСІ


2006-06-07 15:51

Аўтар: Марына РАХЛЕЙ, БелаПАН.

Мінск, 7 чэрвеня. 7 чэрвеня Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ апублікавала канчатковую справаздачу аб прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі, якія прайшлі 19 сакавіка. Абнародаваная на афіцыйным інтэрнет-сайце БДІПЧ АБСЕ справаздача ўтрымлівае падрабязны пералік падзей, што адносяцца да прэзідэнцкіх выбараў, і іх аналіз.
Згодна з высновамі экспертаў, правядзенне прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі ў 2006 годзе "не адпавядала стандартам АБСЕ ў галіне дэмакратычных выбараў". У прыватнасці, указваецца на парушэнне асобных пунктаў Дакумента капенгагенскай нарады канферэнцыі па чалавечым вымярэнні АБСЕ 1990 года. Адзначаецца, што часткова або цалкам былі парушаныя прынцыпы дакладнага раздзялення паміж дзяржавай і палітычнымі партыямі; гарантыі дарослым грамадзянам усеагульнага і роўнага выбарчага права; забеспячэнне тайнага галасавання, раўнацэннай працэдуры свабоднага галасавання, сумленнага падліку галасоў і паведамлення аб ім. Акрамя таго, падчас выбараў у Беларусі часткова або цалкам не было забяспечана "правядзенне палітычных кампаній у атмасферы свабоды і сумленнасці, у якой ніякія адміністрацыйныя дзеянні, насілле або запужванне не стрымлівалі б партыі і кандыдатаў ад свабоднага выказвання сваіх поглядаў і ацэнак, а таксама не перашкаджалі б выбаршчыкам знаёміцца з імі і абмяркоўваць іх або галасаваць свабодна, не апасаючыся пакарання".
Быў таксама парушаны прынцып бесперашкоднага доступу да СМІ для ўсіх палітычных груповак і асоб, права запытваць, атрымліваць і перадаваць свабодна меркаванні і інфармацыю аб правах чалавека і асноўных свабодах, уключаючы права распаўсюджваць і публікаваць такія меркаванні і інфармацыю. У дакладзе ўказваецца на парушэнне права на асацыяцыі, а таксама права ствараць, далучацца і ўдзельнічаць у дзейнасці НДА, якія імкнуцца абараняць правы чалавека і асноўныя свабоды.
"Не былі выкананыя гарантаваныя Канстытуцыяй Беларусі грамадзянскія і палітычныя правы, сярод якіх - свабода выказвання, асацыяцый, сходаў, права на доступ, збор і распаўсюджванне інфармацыі", - адзначаецца ў дакладзе БДІПЧ АБСЕ. Магчымасць для абмежавання вышэйпералічаных правоў і свабод беларускія ўлады, як адзначаюць эксперты, атрымалі пасля ўступлення ў сілу ў 2006 годзе паправак у Крымінальны кодэкс, якія прадугледжваюць крымінальную адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі або палітычнай партыі.
Нагадаем, папярэдняя справаздача БДІПЧ АБСЕ была прадстаўлена ў Мінску 20 сакавіка.