|
Выбары Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь 2006 года
|
|
Пошук
Аб выбарах
Усе кампаніі
|
Хронiка
БЕЛАРУСКАЯ САЦЫЯЛ-ДЭМАКРАТЫЧНАЯ ПАРТЫЯ (ГРАМАДА) ПАДВЯЛА ВЫНІКІ ПРЭЗІДЭНЦКАЙ КАМПАНІІ
Намеснік старшыні БСДП (Грамада) Анатоль Ляўковіч, падводзячы вынікі кампаніі, заявіў, што партыя дагэтуль не падзяляе стратэгіі аб'яднаных дэмакратычных сіл адносна вылучэння адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад апазіцыі. "Гэта стратэгія немагчыма ва ўмовах сучаснай Беларусі. Яна не спрацавала на выбарах 2001 года, таксама аб'яднаныя дэмакратычныя сілы неэфектыўна спрацавалі ў кампаніі па выбарах у парламент 2004 года, у 2006-м была зроблена спроба наступіць на тыя ж граблі", - зазначыў А.Ляўковіч. На яго думку, кандыдат у прэзідэнты ад аб'яднаных дэмакратычных сіл Аляксандр Мілінкевіч і кандыдат у прэзідэнты ад БСДП (Грамада) Аляксандр Казулін у прэзідэнцкай кампаніі дапаўнялі адзін аднаго. "Іх дуэт зрабіў выбары рэальнымі ў плане абазначэння альтэрнатывы ўлады. Казулін падганяў Мілінкевіча, што рабіла кампанію больш актыўнай. З другога боку, кааліцыя аб'яднаных дэмакратычных сіл - 10 партый і прыкладна 200 грамадскіх арганізацый - разам зрабіла тое, што БСДП (Грамада) зрабіла практычна ў адзіночку", - сказаў А.Ляўковіч, маючы на ўвазе вынікі збору подпісаў за вылучэнне А.Казуліна і А.Мілінкевіча кандыдатамі ў прэзідэнты Беларусі. Галоўным вынікам гэтых выбараў, паводле слоў А.Ляўковіча, стала ўсведамленне таго, што Аляксандр Лукашэнка выбары не выйграў. "Апазіцыя таксама выбары не выйграла, але і не прайграла. Лукашэнка праваліў гэтыя выбары, вынікі якіх не прызнаны на Захадзе і з'яўляюцца праблемай для Расіі", - заявіў А.Ляўковіч. Прадстаўляючы зборнік "Выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2006 годзе. Факты. Каментары", кіраўнік юрыдычнай службы перадвыбарнага штаба А.Казуліна юрыст Алег Волчак зазначыў, што ў адрозненне ад публіцыстычных матэрыялаў у СМІ кніга заснавана на юрыдычных дакументах. "Гэты зборнік выданы для таго, каб у будучыні яго разглядаў незалежны пракурор, каб потым можна было апытаць сведак і даць ацэнку дзеянням канкрэтных асоб у розных галінах улады, якія злоўжывалі службовымі паўнамоцтвамі або неяк парушалі закон", - заявіў А.Волчак. На яго думку, юрыдычныя матэрыялы аб выбарчай кампаніі ў Беларусі будуць цікавыя і міжнароднай супольнасці. Акрамя таго, паводле слоў А.Волчака, "наменклатура таксама зробіць свае высновы, ці варта выказваць залішнюю стараннасць, каб трапіць у такі зборнік". Зборнік надрукаваны ў Літве, яго аб'ём складае 195 старонак. |
|
|
|