Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Хронiка
 
Хронiка

ПРАКУРАТУРА ЗАВОДСКАГА РАЁНА МІНСКА НЕ ЗНАЙШЛА ПАРУШЭННЯЎ У ДЗЕЯННЯХ СУПРАЦОЎНІКАЎ СПЕЦПАДРАЗДЗЯЛЕННЯ "АЛМАЗ" ПРЫ ЗАТРЫМАННІ А.КАЗУЛІНА 25 САКАВІКА


2006-05-29 15:54

Аўтар: Сяргей ПУЛЬША, БелаПАН.

Мінск, 29 мая. Пракуратура Заводскага раёна Мінска не знайшла парушэнняў у дзеяннях супрацоўнікаў спецпадраздзялення МУС "Алмаз" пры затрыманні экс-кандыдата ў прэзідэнты, лідэра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандра Казуліна падчас падзей 25 сакавіка.
Нагадаем, 25 сакавіка былы кандыдат у прэзідэнты быў затрыманы і дастаўлены спачатку ў Заводскае РУУС сталіцы, а потым у следчы ізалятар у Жодзіне. Палітык у скарзе ў пракуратуру заявіў, што калі яго везлі ў турму, траўмавалі рукі наручнікамі і абыходзіліся не паважліва. Ён прасіў пракуратуру Заводскага раёна разабрацца і пакараць вінаватых.
У дакуменце, які атрымалі А.Казулін і яго адвакаты з пракуратуры Заводскага раёна, пацвярджаецца, што Казуліна 25 сакавіка затрымлівалі супрацоўнікі "Алмаза", аднак парушэння закона ў іх дзеянняў не ўгледжана.
Адвакат А.Казуліна Ігар Рынкевіч, спасылаючыся на судова-медыцынскую экспертызу стану здароўя палітыка, лічыць яго скаргу абгрунтаванай. "На руках Казуліна яўна бачныя сляды ад наручнікаў. Яго везлі ў Жодзіна, не аслабляючы бранзалетаў", - сказаў І.Рынкевіч БелаПАН.
Паводле слоў адваката, скарга на рашэнне пракуратуры яшчэ не пададзена. "Мы пададзім яе ў найбліжэйшыя два дні - гэта ў нашых інтарэсах", - паведаміў І.Рынкевіч.
Ён таксама паведаміў, што ў адказ на пасланне Аляксандра Лукашэнкі парламенту і народу А.Казулін рыхтуе сваё пасланне беларускаму народу. Яно будзе грунтавацца на праграме БСДП (Грамада), перадвыбарнай платформе экс-кандыдата і напрацоўках, зробленых у следчым ізалятары ў паслявыбарны перыд.