|
Выбары Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь 2006 года
|
|
Пошук
Аб выбарах
Усе кампаніі
|
Хронiка
ПРАДСТАЎНІКІ ІНТЭЛІГЕНЦЫІ ВЫСТУПІЛІ ЗА ЎКЛЮЧЭННЕ БЕЛАРУСКАГА ПЫТАННЯ Ў ПАРАДАК ДНЯ САМІТУ "ВЯЛІКАЙ ВАСЬМЁРКІ" Ў САНКТ-ПЕЦЯРБУРГУ
Кінарэжысёр і педагог Уладзімір Колас лічыць, што ў выніку фальсіфікацыі вынікаў выбараў кіраўніка дзяржавы ў Беларусі павінны быць праведзены паўторныя, справядлівыя і роўныя выбары. "Аднак яны могуць адбыцца толькі пры змяненні выбарчага заканадаўства краіны ў адпаведнасці з чатырма ўмовамі АБСЕ, аднаўленні нармальнай працы недзяржаўных СМІ, выкананні канстытуцыйнай нормы, пры якой адна асоба не можа быць прэзідэнтам больш за два тэрміны, а таксама вызваленні ўсіх палітзняволеных", - сказаў У.Колас. Паводле яго слоў, прыхільнасць да ідэалаў дэмакратыі прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін можа пацвердзіць заняўшы прынцыповую пазіцыю ў адносінах да сітуацыі ў Беларусі. У.Колас прапанаваў падрыхтаваць зварот да кіраўнікоў дзяржаў "Вялікай васьмёркі". На думку кінадраматурга Уладзіміра Халіпа, у лісце на імя У.Пуціна павінна таксама прагучаць думка аб тым, што спробы замахнуцца на права беларускага народа жыць у суверэннай дзяржаве не маюць перспектывы, прывядуць да дыскрэдытацыі расійскага кіраўніцтва ў вачах беларускай і міжнароднай грамадскасці, а таксама да росту антырасійскіх настрояў. Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка мяркуе, што ў звароце неабходна падкрэсліць ролю Расіі ў захаванні цяперашняй сітуацыі ў Беларусі. "Так, інфармацыя расійскіх тэлеканалаў не дазваляе беларусам ведаць праўду аб сітуацыі ў сваёй краіне", - сказала З.Бандарэнка. На думку гісторыка і палітыка Аляксея Караля, у лісце неабходна ўзгадаць аб масавых палітрэпрэсіях супраць іншадумцаў у Беларусі ў перыяд выбараў кіраўніка дзяржавы. "Бо праслед зазналі нават кандыдаты на пасаду прэзідэнта: Аляксандр Мілінкевіч адбыў 15 сутак за адміністрацыйнае правапарушэнне, нібыта здзейсненае ім, а Аляксандр Казулін абвінавачаны ў здзяйсненні крымінальнага злачынства і знаходзіцца за кратамі", - сказаў А.Кароль. Акадэмік Аляксандр Вайтовіч падкрэсліў важную ролю інтэлігенцыі ў пашырэнні сацыяльнай базы палітычных партый і звярнуў увагу на неабходнасць развіцця кантактаў паміж прадстаўнікамі беларускай і расійскай інтэлігенцыі. "Мы павінны даводзіць да расійскіх калег, што толькі дарога ў Еўропу адкрывае перспектыву для нармальнага жыцця народаў Беларусі і Расіі", - сказаў вучоны. |
|
|
|