Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Хронiка
 
Хронiка

А.КАЗУЛІНУ АДМОЎЛЕНА Ў ЗМЯНЕННІ МЕРЫ СТРЫМАННЯ, СЛЕДСТВА ПА ЯГО СПРАВЕ ПРАДОЎЖАНА ДА 1 ЛІПЕНЯ


2006-05-23 17:03

Аўтар: Сяргей ПУЛЬША, БелаПАН.

Мінск, 23 мая. Лідэру Беларускай сацыя-дэмакратычнай партыі (Грамада), былому кандыдату ў прэзідэнты Беларусі Аляксандру Казуліну адмоўлена ў змяненні меры стрымання з утрымання пад вартай на іншую, не звязаную са зняволеннем. Пра гэта БелаПАН паведаміла жонка палітыка Ірына Казуліна.
Паводле яе слоў, абарона А.Казуліна, хадайнічаючы аб змяненні яму меры стрымання, спасылалася на тое, што следства па справе А.Казуліна фактычна завершана, ніякіх следчых дзеянняў з яго ўдзелам не вядзецца, а сам палітык не ўяўляе пагрозы грамадству.
Тым не меней, пракуратура Мінска вырашыла падоўжыць тэрміны следчых дзеянняў да 1 ліпеня.
Нагадаем, што А.Казулін зараз знаходзіцца ў следчым ізалятары ў Жодзіне. Ён быў затрыманы падчас правядзення масавай акцыі пратэсту 25 сакавіка гэтага года. 30 сакавіка лідэру БСДП (Грамада) прад'яўлена абвінавачанне па трох эпізодах: па падзеях 17 лютага і 2 сакавіка - ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства); па падзеях 25 сакавіка - ч. 1 арт.342 КК (арганізацыя групавых дзеянняў, у выніку чаго быў груба парушаны грамадскі парадак і звязаныя з яўным непадпарадкаванем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады або у выніку чаго мелі месца парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў або арганізацый, або актыўны ўдзел у такіх дзеяннях пры адсутнасці прыкметаў больш цяжкага злачынства).