Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Хронiка
 
Хронiка

ЕЎРАСАЮЗ ПРЫНЯЎ РАШЭННЕ АБ АРЫШЦЕ РАХУНКАЎ 36 ВЫСОКАПАСТАЎЛЕНЫХ БЕЛАРУСКІХ ЧЫНОЎНІКАЎ


2006-05-18 19:40

Аўтар: Марына РАХЛЕЙ, БелаПАН.

Мінск, 18 мая. 18 мая Еўрапейскі саюз прыняў рашэнне аб арышце банкаўскіх рахункаў і нерухомасці 36 беларускіх службовых асоб са спісу неўязных на тэрыторыю краін ЕС.
Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе Савета Еўрасаюза, чыноўнікі і звязаныя з імі асобы абвінавачваюцца ў парушэнні міжнародных выбарчых стандартаў, а таксама ў рэпрэсіях у дачыненні да грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2006 года. У рашэнні Савета ЕС таксама адзначаецца, што "сродкі і эканамічныя рэсурсы, што выдзяляюцца, прама або ўскосна не будуць даступныя" для гэтых 36 чыноўнікаў, а таксама "не могуць быць выкарыстаны" імі.
У спісе гэтых 36 чыноўнікаў - прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Генадзь Нявыглас, намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Пяткевіч, намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Анатоль Рубінаў, памочнік прэзідэнта па ідэалогіі Алег Праляскоўскі, міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў, міністр інфармацыі Уладзімір Русакевіч, міністр юстыцыі Віктар Галаванаў, старшыня Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Зімоўскі, старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Канаплёў, старшыня камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савета Рэспублікі Мікалай Чаргінец, старшыня камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касцян, кіраўнік БРСМ Міхаіл Орда, сакратар Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік, генеральны пракурор Пётр Міклашэвіч, кіраўнік дэпартамента Міністэрства юстыцыі па грамадскіх арганізацыях, партыях і НДА Алег Сліжэўскі, кансультант гэтага дэпартамента Аляксандр Харытон, першы намеснік старшыні Вышэйшага гаспадарчага суда Яўген Смірноў, суддзя Маскоўскага раённага суда Мінска Надзея Рэуцкая, суддзя Партызанскага раённага суда Мінска Мікалай Трубнікаў, намеснік генеральнага пракурора Мікалай Купрыянаў, старшыня КДБ Сцяпан Сухарэнка, першы намеснік старшыні КДБ Васіль Дземянцей, старшыня ФПБ Леанід Козік, кіраўнікі: Брэсцкай выбарчай камісіі Аляксандр Каляда, Гомельскай - Уладзімір Міхасёў, Гродзенскай - Леанід Лучына, Мінскай - Уладзімір Курловіч, Магілёўскай - Мікалай Мяцеліца, Віцебскай - Міхаіл Пішчулёнак, горада Мінска - Ігар Карпенка, дзяржсакратар Савета бяспекі Віктар Шэйман, камандзір брыгады спецыяльнага прызначэння ўнутраных войскаў МУС Дзмітрый Паўлічэнка, кіраўнік МУС Уладзімір Навумаў, старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, камандзір палка міліцыі спецыяльнага прызначэння ГУУС Мінгарвыканкама Юрый Падабед.