Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Хронiка
 
Хронiка

І.КАЗУЛІНА: ВІЗІТ У МАСКВУ ПАКАЗАЎ, ШТО НАМ ГАТОВЫ ДАПАМАГЧЫ


2006-05-17 23:26

Аўтар: Марына РАХЛЕЙ, БелаПАН.

Мінск, 17 мая. "Расійскія палітыкі і журналісты разумеюць, што адбываецца ў Беларусі, ведаюць аб сітуацыі з палітычнымі зняволенымі", - заявіла ў інтэрв'ю БелаПАН жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна Ірына Казуліна па выніках візіту ў Маскву 15-16 мая.
І.Казуліна, паводле яе слоў, правяла шэраг сустрэч з расійскімі журналістамі і ўплывовымі палітыкамі. У прыватнасці, яна гутарыла з прадстаўнікамі газеты "Московский комсомолец", адказала на пытанні ў прамым эфіры радыёстанцыі "Эхо Москвы". З палітыкаў І.Казуліна назвала кіраўніка Савета па садзеянні развіццю інстытутаў грамадзянскай супольнасці і правах чалавека пры прэзідэнце Расіі Элу Памфілаву. Паводле інфармацыі жонкі экс-кандыдата ў прэзідэнты, Э.Памфілава паабяцала ёй падтрымку. Сітуацыя, у якой апынуўся А.Казулін, будзе разгледжана падчас пасяджэння Міжнароднага камітэта па абароне правоў чалавека напярэдадні саміта "вялікай васьмёркі". "Людзі павінны даведацца аб тым, чаму былому кандыдату ў прэзідэнты пагражае тэрмін зняволення да шасці гадоў і замест адміністрацыйнага пакарання яго чакае крымінальнае", - заявіла І.Казуліна.
Жонка затрыманага палітыка зазначыла, што візіт у расійскую сталіцу "крыху супакоіў" яе. "Я ехала з цяжкім пачуццём, што нікому няма справы да таго, што майго мужа незаконна ўтрымліваюць у турме і ён можа атрымаць вялікі тэрмін, а аказалася, што людзі думаюць аб ім і гатовы нам дапамагчы", - сказала І.Казуліна.
У сваю чаргу адвакат палітыка Ігар Рынкевіч, які суправаджаў яго жонку, зазначыў, што падчас паездкі ўдалося дасягнуць дамоўленасці з маскоўскім адвакатам аб яго ўдзеле ў працэсе. Аднак аказалася, што для такога ўдзелу няма прававой асновы. Рынкевіч зазначыў, што расійскія адвакаты далі прававую ацэнку справы А.Казуліна і не знайшлі ў ім складу крымінальнага злачынства - толькі адміністрацыйныя правапарушэнні.
18 мая І.Рынкевіч і А.Казулін пачануць азнаямленне са справай. У пачатку тыдня палітыку, які ўтрымлівацца ў ізалятары ў Жодзіне, было прад'яўлена канчатковае абвінавачанне. Яно супадае з папярэднім; дададзены і ўдакладненыя аспекты нанесенага ўрону прадпрыемствам і грамадзянам, у прыватнасці міліцыянерам.
А.Казулін быў затрыманы падчас правядзення масавай акцыі пратэсту 25 сакавіка гэтага года. 30 сакавіка яму было прад'яўлена абвінавачанне па трох эпізодах: па падзеях 17 лютага і 2 сакавіка - ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства); па падзеях 25 сакавіка - ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады або якія пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў або арганізацый, або актыўны ўдзел у такіх дзеяннях пры адсутнасці прыкметаў больш цяжкага злачынства).