Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Хронiка
 
Хронiка

У СУДЗЕ МАСКОЎСКАГА РАЁНА МІНСКА ПАЧАЛОСЯ СЛУХАННЕ ПА СПРАВЕ Ю.РАДЗІВІЛА


2006-05-17 23:09

Аўтар: Таццяна ДАРАШЧОНАК, БелаПАН.

Мінск, 17 мая. У судзе Маскоўскага раёна Мінска 17 мая пачалося слуханне па справе актывіста штаба экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Аляксандра Казуліна Юрыя Радзівіла.
2 сакавіка каля УУС Кастрычніцкага раёна Мінска, куды раней даставілі затрыманага А.Казуліна, у машыну Ю.Радзівіла страляў супрацоўнік спецпадраздзялення МУС па барацьбе з тэрарызмам "Алмаз". На наступны дзень Ю.Радзівіл быў затрыманы. З таго часу ён знаходзіцца ў зняволенні. Яму прад'яўлена абвінавачанне па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса (насілле або пагроза прымянення насілля ў дачыненні да работніка міліцыі).
Ю.Радзівіл абвінавачваецца ў тым, што не падначаліўся патрабаванням супрацоўнікаў праваахоўных органаў выйсці з аўтамабіля, а таксама стварыў пагрозу для жыцця Мікалая Карпенкава, камандзіра спецпадраздзялення МУС па барацьбе з тэрарызмам "Алмаз".
Паводле слоў М.Карпенкава, пасля затрымання А.Казуліна каля Кастрычніцкага РУУС сабралася група людзей з акружэння кандыдата ў прэзідэнты, якія пікетавалі будынак, выкрыквалі лозунгі, нецэнзурна лаяліся ў адрас супрацоўнікаў міліцыі і ўлады, спрабавалі прарвацца праз лануцг ачаплення. Пасля некалькіх заклікаў супрацоўнікаў міліцыі разысціся было прынята рашэнне затрымаць асоб, якія былі ў актыўным ядры пікетчыкаў. Два чалавекі з гэтага ядра (у аднаго з іх была відэакамера) у момант затрымання кінуліся бегчы, і адзін паспеў заскочыць у машыну, за рулём якой быў Ю.Радзівіл. Паводле слоў М.Карпенкава, ён спыніўся перад машынай, выцягнуў рукі ўперад і гучна крыкнуў: "Выйсці з машыны! Міліцыя!", і ў гэты момант аўтамабіль пачаў рух. М.Карпенкаў, паводле яго слоў, адышоў у бок, і машына наехала яму на нагу. У гэтае імгненне ён выхапіў пісталет і наводмаш ударыў па лабавым шкле. Машына не спынілася, і тады супрацоўнік "Алмаза" зрабіў тры прыцэльныя выстралы па левым пярэднім коле. Паводле слоў сведкі, супрацоўніка "Алмаза" Андрэя Шынкарэнкі, пры спробе затрымаць аўтамабіль ён прад'яўляў вадзіцелю пасведчанне і таксама некалькі разоў крычаў: "Міліцыя!"
Паводле слоў абвінавачванага, Ю.Радзівіла, у момант здарэння ў машыне знаходзіліся тры дзяўчыны. Юрый ужо збіраўся ехаць, калі яму пазванілі. Перадаўшы тэлефон адной з дзяўчат і паварочваючыся, ён бакавым зрокам заўважыў фігуру ў цёмным адзенні, што набліжалася да машыны. Крыкаў "Міліцыя!" ён не чуў, як не заўважыў і прадстаўленых дакументаў. Чалавек у цывільным знаходзіўся налева ад бампера машыны з боку вадзіцеля. Далей паследавалі ўдары рукаяткай пісталета па лабавым шкле, якія падаліся абвінавачванаму выстраламі, і ўдары чымсьці металічным па машыне. Спалохаўшыся, што нехта нападае на аўтамабіль, Ю.Радзівіл крануў машыну, і толькі тады заўважыў людзей, што беглі за машынай. Паводле яго слоў, адзіным яго жаданнем у гэтай сітуацыі было не пацярпець.
17 мая ў судзе былі выслуханы паказанні пацярпелага, абвінавачванага і двух сведак з боку пацярпелага. Слуханні будуць працягвацца ў чацвер. Суддзя Алена Шылько задаволіла хадайніцтва абароны аб прызаннні сведкамі па справе Ю.Радзівіла Мікалая Цяцеркіна і Аляксандра Цялегіна, адхіліўшы кандыдатуры Ірыны Казулінай і Алега Волчака.