ШТО БУДЗЕ СКАНДАВАЦЬ НАРОД НА ПЛОШЧЫ?
2006-03-17
Аўтар: Павел КІРЫЛАЎ
Закранаючы падчас сваіх апошніх прэс-канферэнцый і сустрэч з выбаршчыкамі праблему кантролю за падлікам галасоў, лідэр сацыял-дэмакратаў папярэджвае членаў выбарчых камісій аб крымінальнай адказнасці за падтасоўванне. А таксама заклікае народ не хадзіць на датэрміновае галасаванне. Яно праходзіць з 14 па 18 сакавіка, і фальсіфікацыя яго вынікаў, на думку апазіцыі, найбольш верагодная.
Дарэчы, паводле афіцыйных звестак, за пяць дзён датэрміновага галасавання па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і рэферэндуме ў 2004 годзе на выбарчыя ўчасткі прыйшлі 17,39% выбаршчыкаў. А паводле даных незалежных назіральнікаў, датэрмінова прагаласавалі 25,21% выбаршчыкаў.
Пры гэтым назіральнікі тады заявілі, што папярэдняе галасаванне праходзіла са шматлікімі парушэннямі выбарчага заканадаўства і міжнародных стандартаў. Найбольш сур'ёзнымі былі названыя прымушэнне да датэрміновага галасавання працоўных і навучальных калектываў, ціск на выбаршчыкаў з мэтай прымусіць іх галасаваць за пэўнага кандыдата, выправаджванне з участкаў для галасавання зарэгістраваных назіральнікаў і прысутнасць там асоб, не згаданых у заканадаўстве (супрацоўнікаў выканаўчых оганаў улады і праваахоўных органаў), незаконная агітацыя на выбарчых участках. Зафіксаваны таксама факты галасавання аднаго чалавека за некалькіх выбаршчыкаў.
Апрача таго, незалежныя назіральнікі засведчылі, што памяшканні для папярэдняга галасавання не апячатваліся на ноч, а на некаторых выбарчых участках былі пашкоджаныя пломбы на скрынях для галасавання.
Казулін толькі за два тыдні да выбараў ва ўнісон Мілінкевічу стаў заклікаць народ выйсці 19 сакавіка на вуліцы сваіх гарадоў ці ехаць у Мінск. "Патрэбна спакойна ісці галасаваць 19 сакавіка, а ў 20.00 у той жа дзень выходзіць на плошчу і гучна заяўляць: "Мы галасавалі супраць Лукашэнкі!". Хто зможа - прыязджайце ў Мінск, на Кастрычніцкую плошчу. Толькі не на сваім транспарце, паколькі дарогі будуць перакрытыя. Адданы загад адсячы сталіцу ад перыферыі! Не паддавайцеся на правакацыі з боку ўладаў. Не ідзіце на сутыкненні. Нельга, каб пралілася кроў, нічыя. Ідзіце з дабром, усміхайцеся міліцыянерам, дарыце ім кветкі", - звярнуўся палітык да выбаршчыкаў.
Гэта значыць, што тактыка дзеянняў пасля галасавання ў абодвух апазіцыйных кандыдатаў аднолькавая?
Можа падацца, што заклік Казуліна да беларусаў выйсці 19 сакавіка на вуліцы нарадзіўся ў ходзе кампаніі. Бо ні ў сваіх тэлевыступах, ні ў радыёзваротах аб стаўцы на вулічную дэмакратыю ён не ўзгадваў. А гэта быў бы добры шанс звярнуцца з такім заклікам на максімальна большую аўдыторыю. Казулін гаварыў агульна: "19 сакавіка дзень, які павінен паказаць, што ў краіне гаспадар народ".
Магчыма, ён і яго каманда натхнілася, калі ўбачылі, што 2 сакавіка на сустрэчу з Мілінкевічам прыйшлі каля трох тысяч чалавек? А магчыма, аптымізм адносна вулічнай дэмакратыі з'явіўся на нядаўніх даволі масавых сустрэчах самога Казуліна з выбаршчыкамі? Нельга выключаць і таго, што гэта яго ўласная рэакцыя на брутальныя дзеянні ўладаў (збіванне за спробу трапіць на Усебеларускі народны сход) і, мякка кажучы, непрадузятыя заявы ў адрас лідэра сацыял-дэмакратаў з трыбуны згаданага сходу з вуснаў прэзідэнта.
Прынамсі, каманда Казуліна яшчэ ў пачатку выбарчай кампаніі заяўляла, што выступае за двух кандыдатаў ад апазіцыі, але за адзін сцэнарый дзеянняў дэмакратаў. А якая альтэрнатыва вываду людзей на вуліцы, калі рабіць стаўку на перамогу, а не ўдзел?
Калі Казулін працягвае заклікаць народ да вулічнай дэмакратыі, то 19 сакавіка яны з Мілінкевічам будуць дзейнічаць разам. Але гэта калі прыхільнікам дэмакратаў глядзець з аптымістычнага боку. З іншага, песімістычнага, боку можна меркаваць, што 19 сакавіка саперніцтва паміж апазіцыйнымі кандыдатамі можа абвастрыцца.
Ці паверыць Казулін даным экзіт-пола, згодна з якімі, напрыклад, у другі тур з Лукашэнкам выходзіць не ён, а Мілінкевіч? Што будзе скандаваць народ на плошчы: адначасова і "Мі-лін-ке-віч!" і "Ка-зу-лін!"?
Раскол дэмакратычнага электарату на плошчы можа стаць бачным і чутным няўзброеным вокам і няўзброеным вухам.
Каментуючы магчымасць аб'яднання з Мілінкевічам, Казулін на прэс-канферэнцыі ў Кіеве заявіў, што сёння "існуе міф пра адзінага кандыдата".
"Я - чалавек перамогі, члавек выніку, я не магу далучацца да той апазіцыі, якая з'яўляецца віртуальнай і якая ідзе ад паражэння да паражэння", - сказаў ён. І дадаў, што "не супраць любога аб'яднання, але не віртуальнага, не дзеля барацьбы, а дзеля дасягнення выніку".
Услед за гэтым Казулін зрабіў Мілінкевічу тры прапановы. Першая - "за некалькі дзён да выбараў прыняць сумесную заяву аб зняцці абедзвюх кандыдатур у сувязі з незаконнасцю датэрміновых выбараў, а таксама грубым парушэннем дзейнага заканадаўства дзяржаўнымі органамі". У прыватнасці, зазначае штаб Казуліна, не дзейнічае дэклараваная роўнасць правоў кандыдатаў у правядзенні агітацыйнай кампаніі. Лідэр сацыял-дэмакратаў прапануе патрабаваць правядзення выбараў да 16 ліпеня, г.зн. перад самым заканчэннем тэрміну паўнамоцтваў цяперашняга кіраўніка.
Другая прапанова - "разгледзець пытанне аб адзіным кандыдаце ў адпаведнасці з існуючай унутранай і знешняй сітуацыяй, з улікам таго, што адзіны кандыдат не павінен выклікаць раздражнення вядучых геапалітычных гульцоў - Расіі, Еўрапейскага саюза і ЗША". Казулін намякае, што ён больш падыходзіць на ролю такой фігуры.
Трэці сцэнарый - "прыняць дэкларацыю аб сумесных дзеяннях, у якой падкрэсліць, што не істотна, хто будзе абраны прэзідэнтам - Казулін ці Мілінкевіч. Галоўнае для будучыні краіны - прэзідэнтам не павінен быць Лукашэнка. Ідучы на выбары дзвюма камандамі, неабходна скаардынаваць і праводзіць сумесныя акцыі па інфармаванні насельніцтва, недапушчэнні фальсіфікацый, назіранні за ходам галасавання і падвядзеннем яго вынікаў".
То бок, Казулін прапанаваў абмеркаваць усе магчымыя варыянты сумесных дзеянняў апазіцыйных кандыдатаў. З аднаго боку, такі шырокі парадак дня перамоў дэманструе яго гатоўнасць усё ж знайсці кампраміс. А з іншага боку, узнікае пытанне, ці ёсць у Казуліна выразная тактыка дзеянняў на гэтых выбарах. Ці яму ўсё роўна, па якім сцэнарыі будуць дзейнічаць дэмакраты?
Намеснік Казуліна на пасадзе старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Уладзімір Нісцюк у размове з аўтарам гэтых радкоў сказаў, што самым прымальным для яго каманды быў бы другі варыянт. Бо яго патрэбна чытаць як прапанову Мілінкевічу зняцца на карысць лідэра сацыял-дэмакратаў: "У Казуліна больш шырокае электаральнае поле. За ім могуць пайсці тыя, хто вагаецца. Міліневіч - занадта мяккі і інтэлігентны. Казулін жа даказаў, што ён жорсткі баец, які пойдзе да канца".
Прынамсі, Мілінкевіч у адказ на прапановы Казуліна заявіў, што ён таксама пойдзе да канца.