КРЭМЛЬ ВЫКОНВАЕ РЫТУАЛ
2006-03-16
Аўтар: Андрэй ФЁДАРАЎ, палітолаг
З прычыны таго, што гэтае мерапрыемства фармальна праводзілася ў мэтах ухвалення планаў на наступную пяцігодку, на падставе выказаных палажэнняў можна зрабіць выснову аб тым, якая знешняя палітыка чакае краіну ў гэтыя гады ў выпадку, зразумела, захавання ўлады за цяперашнім кіраўніком.
Перш за ўсё, звяртае на сябе ўвагу тая акалічнасць, што абмалёўцы ўласна міжнародных адносінаў Рэспублікі Беларусь папярэднічалі доўгія разважанні аб небяспеках сучаснага свету і стане ўзброеных сіл краіны. Гэта наглядна сведчыць пра тое, якія настроі дамінуюць у беларускіх уладаў. Стандартныя абвінавачанні ў адрас Злучаных Штатаў у імкненні да сусветнага панавання спалучаліся з запэўніваннямі тыпу "разам з нашай Расіяй нашы Узброеныя сілы забяспечваюць непарушнасць межаў нашага Саюза і здольныя стрымаць любую агрэсію".
Зразумела, не было забытае і клішэ аб "шматвектарнасці" беларускай знешняй палітыкі. Праўда, тут жа было заяўлена, што "не ім (мяркуючы па ўсім, меліся на ўвазе заходнія краіны. - А.Ф.) сёння вучыць нас правам чалавека. З сабой няхай разбяруцца. Яны залілі крывёй увесь Блізкі Усход, Афганістан, Ірак, Югаславію". Палякі, аказваецца, за 110 мільярдаў долараў будуць скакаць пад дудку амерыканцаў, а праз Украіну, Прыбалтыку і Польшчу сюды ідуць сотні мільёнаў, "пасольствы атрымліваюць наўянымі і возяць сюды, раздаюць гэтыя грошы".
Перад абліччам віртуальнай узброенай агрэсіі з трыбуны сходу быў прадэманстраваны намер працягваць усё той жа курс. Не выклікае сумненняў, што ў грамадстве будзе яшчэ больш насаджацца псіхалогія жыхароў абложанага лагера. Акрамя таго, не выключана прыняцце абмежавальных адміністрацыйных мер, у прыватнасці могуць рабіцца больш жорсткімі правілы выезду беларускіх і прыезду сюды замежных грамадзян. Нарэшце, могуць значна пагоршыцца ўмовы дзейнасці тут пасольстваў тых краін, якія заслужылі няўхвалу.
Затое Расійскай Федэрацыі нішто падобнае не пагражае. Яно і зразумела: падтрымка, якая аказваецца ёю свайму "найбліжэйшаму саюзніку", з'яўляецца амаль максімальнай. Ажыццяўляецца яна практычна на ўсіх узроўнях - у апошні час у Мінску пабывалі спікер Дзярждумы, прэм'ер-міністр, мэр Масквы. Расійскі міністр замежных спраў папярэдзіў пра недапушчальнасць ціску на Беларусь і запатрабаваў ад Захаду неўмяшання ў ход прэзідэнцкай кампаніі. Пракрамлёўскі палітолаг Глеб Паўлоўскі паказаў інтэрв'ю з Лукашэнкам - стопрацэнтны піяр! - у сваёй праграме на тэлеканале НТВ.
Пакуль толькі Уладзімір Пуцін асабіста не прадэманстраваў сваёй прыхільнасці, хаця наўрад ці можна меркаваць, што акты падтрымкі ажыццяўляюцца падначаленымі без яго згоды. Аднак расійскі кіраўнік амаль напэўна нанясе на гэтую ідылічную карціну апошні мазок - напрыклад, павіншаваўшы Лукашэнку з чарговай "элегантнай" перамогай яшчэ да абнародавання афіцыйных вынікаў галасавання.
Варта, урэшце, адзначыць, што падтрымка з Масквы наўрад ці істотна ўплывае на настроі мясцовага электарату. Можна меркаваць, што большасць выбаршчыкаў ужо вызначыліся са сваім кандыдатам. А для тых, хто гэтага яшчэ не зрабіў, больш важнымі будуць іншыя сігналы: ужо занадта звычайнае для нашага насельніцтва гэтае відовішча - рытуальныя візіты і заявы расійскіх высокапастаўленых чыноўнікаў.
Так што ў гэтай канкрэтнай сітуацыі Крэмль не адыграе прыкметнай ролі нават на карысць Лукашэнкі.
Што ж да беларускай апазіцыі, то, як неаднаразова зазначалі эксперты, ёй на падтрымку Масквы ніколі не варта было разлічваць. Адзінае, што для яе гіпатэтычна можа быць карысным, - гэта выкананне быццам бы дадзенага Расіяй Захаду абяцання папярэдзіць беларускія ўлады аб недапушчальнасці прымянення сілы супраць мірных дэманстрацый пратэсту. Ды і тое, трэба сказаць, верыцца ў гэта з вялікай цяжкасцю.
Але, самае галоўнае, ёсць сур'ёзнае падазрэнне, якое паступова перарастае ва ўпэўненасць, што агітацыйныя мерапрыемствы на карысць таго ці іншага кандыдата пазбаўленыя сэнсу, паколькі афіцыйны вынік галасавання вызначаць спецыфічныя тэхналогіі, адпрацаваныя падчас парламенцкіх выбараў і рэферэндуму 2004 года. Потым будзе расійскае прызнанне вынікаў, і ўлада палічыць, што ў яе развязаныя рукі яшчэ на пяць гадоў.
Канешне, вельмі хацелася б памыліцца, але развіццё падзей паводле гэтага сцэнарыя ўяўляецца найбольш верагодным. Тым не менш, жыццё будзе працягвацца, і асноўнай задачай для прыхільнікаў дэмакратыі ў Беларусі, як айчынных, так і знешніх, стане працяг той актыўнай дзейнасці, якая назіраецца ў апошнія месяцы.