Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Хронiка
 
Аналітыка

УЛАДА ПЕРАЙШЛА ДА ЗВЫКЛЫХ МЕТАДАЎ


2006-03-15

Аўтар: Валерый КАРБАЛЕВІЧ, палітолаг

Для ўладаў такі спрыт аказаўся нечаканым. Нібыта старанна прапрацаваны сцэнарый затрашчэў па швах. Планы атрымаць "элегантную перамогу", захоўваючы дэмакратычны дэкор (у прыватнасці, дазволіўшы кандыдатам гаварыць па тэлевізары і радыё ўсё, што захочуць), - не спраўдзіліся. Выбарчая кампанія, якая раней нагадвала многім танны вадэвіль з вядомым фіналам, стала набываць рысы сапраўднай барацьбы за ўладу.

Вярхі запанікавалі. Гульня ў дэмакратыю закончылася. Рэжым перайшоў да звыклых метадаў палітычнай барацьбы. Запушчаны сілавы сцэнарый утрымання ўлады. Старшыня КДБ Сцяпан Сухарэнка аб'явіў аб выкрыцці змовы. Тэле- і радыёвыступы кандыдатаў у прэзідэнты пацярпелі ад цэнзуры. 2 сакавіка Казуліна, сяброў яго каманды, журналістаў збілі. Дайшла справа да страляніны ў цэнтры Мінска. Мілінкевічу сарвалі сустрэчу з выбаршчыкамі на плошчы Свабоды (праўда, яна адбылася побач).

У інфармацыі кіраўніка КДБ аб змове асабліва расчульвае тое, што яе кублом аб'яўлена грамадская ініцыятыва "Партнёрства", якая займалася толькі назіраннем за выбарамі і дэманстацыйна дыстанцыявалася ад палітычнай апазіцыі.

У злавеснай ролі змоўніцкіх структураў найбольш праўдападобна выглядалі б, напрыклад, штаб адзінага кандыдата, апазіцыйныя партыі або незарэгістраваныя маладзёвыя арганізацыі накшталт "Маладога фронту" або "Зубра", якія вызначаюцца вулічнай актыўнасцю. Відаць, у КДБ зусім не разумеюць расстаноўкі сіл у апазіцыйным асяроддзі. Або занадта спяшаліся...

Характэрна і тое, што чатыры кіраўнікі "Партнёрства" былі затрыманы на падставе артыкулу Крымінальнага кодэкса за паклёп на прэзідэнта, а пазней справа была распачата ўжо паводле артыкулу за кіраўніцтва незарэгістраванай арганізацыяй. Нарэшце, публічна іх абвінавацілі ў змове з мэтай захопу ўлады. Бадай, "наверсе" нават не паклапаціліся аб элементарнай стыкоўцы юрыдычнага і прапагандысцкага бакоў справы.

Галоўнай жа навіной 2 сакавіка стала зусім не адкрыццё Усебеларускага народнага сходу, а збіванне і затрыманне Аляксандра Казуліна.

Напярэдадні сходу прапаганда настойліва даводзіла, што гэта - найвышэйшы "савет улады з народам", "наўпроставая дэмакратыя", "народнае веча", якое абмяркуе і вырашыць усе наспелыя грамадскія праблемы. Аднак, напэўна, у многіх тэлегледачоў узнікла расчараванне, чаканні не спраўдзіліся.

Пасля сенсацыйных і скандальных тэлевыступаў кандыдатаў у прэзідэнты глядзець сход было вельмі сумна. Народ узрушана абмяркоўваў не даклад Лукашэнкі, а спробу таго ж Казуліна прарвацца на мерапрыемства і мітынг, наладжаны Мілінкевічам недалёка ад месца правядзення афіцыёзнага форуму.

Сам сход выглядаў як тыповае бюракратычнае мерапрыемства, самадастатковая тусоўка, рэлікт іншай эпохі, якая даўно скончылася. Ад выступаў "прадстаўнікоў народа" павявала такой казёншчынай, што лепш бы гэта не паказвалі ў прамым эфіры.

Статус галоўнага форуму пяцігодкі, ды яшчэ напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, меў на мэце вылучэнне нейкіх новых, прарыўных ідэй, абмалёўку прывабнага вобразу будучай Беларусі, зразумелага простаму выбаршчыку. Аднак нічога новага Лукашэнка не сказаў, практычна ўсе прапанаваныя тэзісы былі агучаны шмат разоў раней.

Галоўны мэсэдж электарату зводзіўся да наступнага: у наступныя пяць гадоў нічога мяняць па вялікім рахунку не трэба, будзем працягваць ранейшую палітыку, бо беларуская мадэль давяла сваю эфектыўнасць. Вобраз будучыні ў выглялдзе славутай "стабільнасці" - гэта і ёсць перадвыбарная праграма Лукашэнкі.

Але галоўным в выступах кіраўніка дзяржавы на сходзе было тое, што ён палемізаваў з супернікамі, абвяргаў іх абвінавачанні. Іншы раз стваралася ўражанне, што дзеля прынароднага апраўдання і быў скліканы гэты дзіўны сход.

Тут Лукашэнка парушыў адразу два правілы выбарчых тэхналогій. Перш за ўсё, палітык не павінен апраўдваццца, ва ўсякім выпадку, так яўна. Калі ўжо і абвяргаць абвінавачанні, то вытанчана, пажадана з гумарам. А прэзідэнт не знайшоў нічога лепшага, як апусціцца да знявагаў.

Па-другое, фаварыт выбарчай каманіі, які мае значную перавагу над супернікамі, не павінен улазіць з імі ў дыскусію, бо такім чынам павышае іх рэйтынг.

Аднак грамадскі рэзананс ад тэлевыступаў Казуліна і Мілінкевіча аказаўся такім, што нервы ў Лукашэнкі не вытрымалі.

Склалася сітуацыя, калі менавіта апазіцыйныя кандыдаты аказаліся галоўнымі ньюсмэйкерамі выбарчай кампаніі, менавіта яны задаюць парадак дня грамадскіх дыскусій, прымушаючы дзейнага кіраўніка рэагаваць і апраўдвацца.

Рашучыя, нестандартныя дзеянні прыкметна павышаюць шанцы апазіцыі годна паказаць сябе на гэтых выбарах.