ЦІ ВЫЙДУЦЬ БЕЛАРУСЫ НА ПЛОШЧУ?
2006-03-10
Аўтар: Кірыла ПАЗНЯК, аглядальнік
Аляксандр Лукашэнка ад кандыдацкага эфіру зноў адмовіўся. Затое на Усебеларускім народным сходзе дзейны прэзідэнт толькі ў першы дзень гаварыў больш за тры гадзіны, назаўтра зноў браў слова, і яго яшчэ некалькі дзён шчодра цытавалі на ўсіх тэлеканалах.
Другое выступленне Сяргея Гайдукевіча поўнасцю супала з першым. Ці то старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі палічыў яго вельмі ўдалым, ці то піяр-эфект для яго не такі важны, і ён проста адбывае нумар. Да другога схіляецца большасць аналітыкаў, якія лічаць, што Гайдукевіч - не хто іншы, як спарынг-партнёр Лукашэнкі.
А вось спічрайтэры Казуліна і Мілінкевіча пашчыравалі: другі раз на ТБ апазіцыйныя кандыдаты прыйшлі з новымі спічамі.
Праўда, свята дэмакратыі на беларускім тэлебачанні закончылася: калі першыя прамовы апазіцыянераў не цэнзуравалі, то другое выступленне лідэра сацыял-дэмакратаў было дадзена ў эфір з купюрамі. (Пазней нажніцы пагуляюць і па радыёвыступах абодвух апазіцыянераў.)
З другога тэлевыступлення Казуліна выдалілі тыя месцы, якія напэўна выклікалі б самы вялікі рэзананс. Яны тычацца асабістага жыцця Лукашэнкі. У прыватнасці, не трапілі ў эфір пасажы аб адным з ранейшых месцаў яго працы і аб тым, чым зараз займаюцца сыны кіраўніка дзяржавы.
Але нямала гучных заяў цэнзура ўсё-такі не кранула.
Так, Казулін паабяцаў вярнуць, калі стане прэзідэнтам, "у дзяржаўную казну сродкі, якія шмат гадоў ішлі ў абход бюджэту. Той жа гандаль зброяй. Не менш за мільярд долараў штогод! Памножце на дванаццаць гадоў". (Пазней на Усебеларускім сходзе Лукашэнка паспрабуе абвергнуць гэтыя разлікі.)
Кандыдат таксама заявіў: "Мы не будзем купляць самалёты для прэзідэнта. Як нядаўна набылі прэзідэнцкі "Боінг" коштам больш за 100 мільёнаў долараў. Навошта яму такі самалёт? Лятаць жа няма куды: за ўсе 12 гадоў Лукашэнка толькі аднойчы лятаў з візітам у Еўропу. Яго ніхто не прымае".
Казулін дакараў прэзідэнта, што ў народа зарплаты так сабе, асабліва ў параўнанні з даходамі наменклатуры: "За пяць гадоў у самога Лукашэнкі зарплата ўзрасла аж у 12 разоў. Расце зарплата і ў чыноўнікаў. Нават дэпутаты атрымліваюць па паўтары тысячы долараў за месяц. А чыноўнікі, якія асабліва вызначыліся, - яшчэ і прэміі ў канвертах асабіста ад прэзідэнта".
Зрэшты, нягледзячы на тое, што з прамовы Казуліна выразалі найбольш пікантныя месцы, якія тычыліся Лукашэнкі, самую гучную інфармацыйную нагоду ўсё роўна стварыў менавіта ён. Праўда, з дапамогай уладаў. Казулін, вылучаны сваёй партыяй на Усебеларускі народны сход, паспрабаваў зарэгістравацца, але быў збіты спецназам. Пацярпелі таксама актывісты яго штаба і журналісты.
Мілінкевіч зрабіў сваё другое выступленне больш жорсткім, чым першае. Крытыка Лукашэнкі і яго палітыкі стала больш канкрэтнай, без такой вялікай колькасці агульных месцаў, як у першай прамове. Але, як і Казулін, Мілінкевіч у гэты дзень даў нагоду пра сябе гаварыць не толькі ў якасці экраннага прамоўцы.
У дзень паказу на ТБ у запісе яго выступлення адзіны кандыдат ад аб'яднанай апазіцыі правёў у цэнтры Мінска сустрэчу з выбаршчыкамі, якую ўлады назвалі несанкцыянаваным мітынгам. Прыйшлі каля трох тысяч чалавек. Ім удалося арганізавацца, нягледзячы на тое, што цэнтр сталіцы быў ачэплены праваахоўнымі органамі. Апошнім часам апазіцыя так шмат людзей на свае акцыі не збірала. Гэта дае падставу асцярожна разважаць аб адраджэнні вулічнай дэмакратыі.
Сваім другім тэлевыступам Мілінкевіч паспрабаваў гэтаму паспрыяць, балазе яго не цэнзуравалі. Палітык шмат гаварыў пра тое, як важна прыхільнікам перамен 19 сакавіка вечарам быць у цэнтры Мінска: "Беларусы, калі мы не абаронім свой выбар 19-га, другога шанцу на свабоду доўга можа не быць. Нас чакае лёс Паўночнай Карэі. На Беларусь апусціцца палярная ноч".
"Мы будзем ведаць рэальны вынік выараў. Мы яго абвесцім на плошчы. Любымі спосабамі дабірайцеся ў Мінск, 19-га, да 20 гадзін. Будуць усе сусветныя і расійскія тэлеканалы. Будуць сотні назіральнікаў з усіх краін свету. І будзем мы, нас будуць дзесяткі тысяч. Толькі на плошчы вы даведаецеся правільныя вынікі галасавання", - сказаў Мілінкевіч.
Вызначальным для развіцця падзей 19 сакавіка будзе тое, колькі беларусаў выйдуць сустракаць абнародаванне вынікаў выбараў на вуліцы Мінска.
Дарэчы, на днях у Кіеве з заклікам да суайчыннікаў выйсці на вуліцы выступіў і Казулін, які раней пазбягаў такіх лозунгаў.
Аднак пытанне аб патэнцыяле вулічнай актыўнасці ў сувязі з рэпрэсіямі апошняга часу застаецца адкрытым.