Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь 2006 года
 
Аналітыка

АПАЗІЦЫЯ РЫХТУЕЦЦА ДА ПРАЦЯГЛАЙ БАРАЦЬБЫ


2006-03-31

Аўтар: Кірыла ПАЗНЯК, аглядальнік

Справа ў тым, што апазіцыя ў параўнанні з 2001 годам больш моцна вяла выбарчую кампанію, ды і стомленасць электарату ад прэзідэнцтва Лукашэнкі павінна, як бачыцца, пастаянна нарастаць. І наогул прывід рэвалюцыі гуляе па постсавецкай прасторы.

19 сакавіка ў Мінску былі напагатове тысячы супрацоўнікаў сілавых структур. Аднак сілавікі не сталі, гаворачы іх слэнгам, "пакаваць" апазіцыянераў на Кастрычніцкай плошчы, а выбралі (напэўна, згодна з ўказаннем зверху) чакальную тактыку.

І вось, ацаніўшы маштаб пратэстаў супраць фальсіфікацый, улады вырашылі прадэманстраваць дэмакратычнасць і даць апазіцыі ўволю памітынгаваць.

Разгон дэманстрантаў на вачах соцень журналістаў з усяго свету і міжнародных назіральнікаў пагоршыў бы імідж Лукашэнкі. Хопіць таго, што ў праўдзівасці вынікаў выбараў сумняваюцца ледзь не ўсе, акрамя традыцыйных сяброў Мінска - Расіі, Ірана, Кубы, Кітая і г.д.

А так Лукашэнка эфектна заявіў, што рэвалюцыя правалілася. І падкрэсліў: пры гэтым супраць апазіцыі ніякіх сілавых дзеянняў не прадпрымалася, што з'яўляецца сведчаннем дэмакратычнасці беларускага грамадства. Паводле слоў беларускага прэзідэнта, ён даў сваім праціўнікам праявіць сябе, і "апазіцыя паказала, што нічога не вартая".

Праўда, акцыя 19 сакавіка атрымалася нечакана маштабнай. На Кастрычніцкай плошчы, паводле некаторых падлікаў, сабралося прыкладна 30 тысяч прыхільнікаў апазіцыі, гатовых пратэставаць супраць афіцыйных вынікаў выбараў. Але ўрэшце лідэры заклікалі публіку разысціся да заўтра...

20 сакавіка на плошчу выйшлі толькі прыкладна сем тысяч чалавек. 21 сакавіка колькасць дэманстрантаў таксама засталася прыкладна ў гэтых жа межах. Гэта значыць, вулічная дэмакратыя ішла на спад, а не пашыралася, як падчас "аранжавай" рэвалюцыі ва Украіне.

У выніку апазіцыі з дапамогай вулічнай дэмакратыі не ўдалося зрабіць нейкі сур'ёзны ціск на ўладу ў падтрымку свайго патрабавання правесці паўторныя выбары. Гэта было б магчыма толькі ў выпадку няспыннага павелічэння колькасці мітынгоўцаў. Для Беларусі важкай сілай былі б 70-100 тысяч чалавек.

Апазіцыя спрабавала дзейнічаць згодна са стандартам кіеўскага Майдана, аднак выявілася, што народ пакуль інертны. Нават дэмакратычны электарат. Палітызацыя грамадства - нягледзячы на даволі яркія выбарчыя кампаніі апазіцыйных кандыдатаў - падчас гэтых выбараў не дасягнула маштабаў, дастатковых для вельмі шматлюдных вулічных выступленняў.

А тут яшчэ мароз. Хаця ўкраінскіх "аранжавых" у свой час ён не спужаў. Праўда, яны не ведалі такіх рэпрэсій, як праціўнікі Лукашэнкі, у іх быў свой тэлеканал, іх падтрымлівалі багатыя людзі. На руку беларускай уладзе працуе і стабільнасць, асабліва эканамічная, якая ў іерархіі каштоўнасцей значнай часткі беларусаў шмат вышэй за дэмакратыю.

У сакавіку аўтарытэтны Усерасійскі цэнтр вывучэння грамадскай думкі апытаў частку нашых грамадзян адносна ўзроўню іх жыцця.

Высветлілася, што абсалютная большасць беларусаў - 59% - ацэньвае сваё матэрыяльнае становішча як сярэдняе, 15% - як добрае, 24% - як кепскае. Для параўнання: у Расіі гэтыя паказчыкі крыху горш (57% - сярэдняе, 11% - добрае, 32% - кепскае).

Узровень задаволенасці ўласным жыццём у Беларусі таксама вышэй. Мы ацэньваем сваё жыццё ўмерана-пазітыўна, а расіяне - хутчэй умерана-негатыўна. У абедзвюх краінах адносную большасць грамадзян (42 і 40%) жыццё часткова задавольвае, а часткова не. Аднак у Беларусі доля пазітыўных ацэнак ("задавольвае" і "пераважна задавольвае") складае 37% супраць 19% негатыўных ("пераважна не задавольвае", "зусім не задавольвае"). У Расіі ж пазітыўных ацэнак (27%) крыху менш, чым негатыўных (32%).

52% жыхароў нашай краіны лічаць, што за апошнія некалькі гадоў жыццё палепшылася. Трэць апытаных зменаў не бачаць, а 13% адзначаюць хутчэй негатыўныя зрухі.

Палатачны гарадок на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску стаў не больш чым сімвалам, атрыбутам Майдана. Пакуль беларуская апазіцыя здольная толькі на разавыя імпульсы вулічнай дэмакратыі. Ды і тое гэтыя мітынгі не вельмі шматлюдныя. Доўгачасовых масавых пратэстаў, якія маглі прымусіць уладу пайсці на дыялог, не атрымалася.

Урэшце, рэвалюцыя была марай рамантыкаў і максімалістаў у шэрагах апазіцыі. Бо пачынала яна выбарчую кампанію з больш чым незайздросных пазіцый. Рэйтынгі яе лідэраў не выходзілі за межы статыстычнай хібнасці.

Аляксандр Мілінкевіч прызнае, што апазіцыі неабходна настройвацца не на ўкраінскі варыянт, а на доўгатэрміновае супрацьстаянне з Лукашэнкам: "Я працягваю параўноўваць нашу краіну хутчэй з Польшчай часоў "Салідарнасці". Нас таксама чакае доўгая, цяжкая барацьба".

Для гэтага ствараецца шырокі грамадзянскі рух за свабоду. Пра такі намер Мілінкевіч заявіў на мітынгу 25 сакавіка. Вось толькі больш-менш эфектыўныя камунікацыі з насельніцтвам пакуль былі магчымыя толькі падчас выбарчых кампаній або вулічных акцый з нагоды знакавых дат. Урэшце, апазіцыя разлічвае паставіць свой піяр на пастаянную аснову нягледзячы на рэпрэсіі.

"За пяць месяцаў нашай інфармацыйнай і агітацыйнай кампаніі да нас звярнулася з прапановамі аб супрацоўніцтве велізарная колькасць людзей, якая ў дзесяткі разоў вышэй за колькасць членаў палітычных партый і грамадскіх арганізацый. Улада нахабным чынам выкрала ў нас перамогу, таму за яе яшчэ трэба змагацца. Нас чакае карпатлівая сістэмная праца, што непазбежна пацягне дэмакратычныя змены ў Беларусі", - пракаментаваў перадумовы стварэння гэтага руху Мілінкевіч.

Ініцыятары новага руху называюць яго мэты: прадастаўленне рэпрэсаваным студэнтам магчымасці працягваць навучанне за мяжой, стварэнне ўсеабдымнай надзейнай сістэмы распаўсюджвання незалежнай інфармацыі, ажыццяўленне дзеянняў, што дазволяць правесці ў краіне свабодныя і празрыстыя выбары.

Магчыма, у 2011 або 2016 годзе апазіцыя здолее вывесці на вуліцы сотні тысяч беларусаў? Калі, канешне, улада не дапусціць яе ў палітычную сістэму, страхуючыся ад рэвалюцыі паўзучай эвалюцыяй.