ВЫБАРЫ Ў РЭЖЫМЕ "ЖОРСТКА КІРАВАНАЙ ДЭМАКРАТЫІ"
Аўтар: Валерый КАРБАЛЕВІЧ, эксперт аналітычнага цэнтра "Стратэгія"
Ажыятажу вельмі моцна пасадзейнічалі ўлады. Большасць насельніцтва даведалася аб "пагрозе рэвалюцыі" ад афіцыйных асоб, перш за ўсё ад самога прэзідэнта. Спецслужбы і дзяржаўныя СМІ чарговай сенсацыяй аб змове апазіцыі, якая ці то рыхтуе тэракты, ці то збіраецца атруціць ваду мёртвымі пацукамі (!), магутна рэтранслявалі і заклік апазіцыі прыйсці на Кастрычніцкую плошчу Мінска вечарам 19 сакавіка.
Часам заявы афіцыйных асоб былі на мяжы істэрыкі. Прагучала нават, што грамадзяне, якія прыйдуць на Кастрычніцкую плошчу, могуць быць абвінавачаны ў тэрарызме, за што прымяняецца пакаранне аж да смяротнай кары.
Знаходзячыся ў такім стане, улады цалкам лагічна рыхтаваліся да прэзідэнцкіх выбараў як да спецаперацыі і нават ваеннай акцыі. Паводле сцвярджэння штаба Аляксандра Мілінкевіча, у Мінск былі сцягнуты падраздзяленні МУС.
Як на ўсякай вайне, з'явіліся і палонныя. За некалькі дзён перад выбарамі былі затрыманы каля 100 актывістаў апазіцыі, уключаючы 8 з 30 давераных асоб Мілінкевіча. У некаторых рэгіёнах кіраўнікі мясцовых штабоў адзінага кандыдата ад аб'яднанай кааліцыі былі адпраўлены за краты. З прававога пункту гледжання гэта нагадвае інтэрнаванне, што прымяняецца падчас вайны да ўласнага насельніцтва, у дачыненні да якога ёсць сумненні добранадзейнасці.
Вось такімі метадамі здабывалася чарговая "элегантная перамога". Калі для перамогі на выбарах неабходна задзейнічаць увесь патэнцыял сілавых ведамстваў, то хіба можна гаварыць аб сіле і папулярнасці ўлады?
Усё гэта бязлітасна разбурае міф аб стабільнасці, які так скрупулёзна і настойліва ствараецца кіраўніцтвам краіны. Мяркуючы па ўсім, не вельмі верыць у гэты міф і сам Лукашэнка, аб чым сведчыць пачатак яго прэс-канферэнцыі 20 сакавіка.
Аналізаваць вынікі галасавання асаблівага сэнсу няма. Тыя вынікі, што абвешчаны Цэнтрвыбаркамам, маюць вельмі аддаленае дачыненне да рэальнасці. А сапраўдныя вынікі народнага волевыяўлення застаюцца невядомымі.
Драма мінулых выбараў заключаецца ў тым, што мы не ведаем і, напэўна, дакладна ўжо не даведаемся, як прагаласаваў народ. Незалежныя экзіт-полы не праводзіліся. А сацыялагічныя апытанні, праведзеныя праз нейкі час, моцна скажаюць рэальную карціну.
Беларускія выбары, як і беларускае грамадства, становяцца ўсё больш закрытымі, ператвараюцца ў нейкую "рэч у сабе". Сістэма вытворчасці неабходных электаральных звестак адладжана да дасканаласці, пераведзена ў аўтаматычны рэжым і дае неабходную прадукцыю звыш плана. Напрыклад, колькасць тых, хто прагаласаваў датэрмінова, аказалася неверагодна вялікай (31,3%).
Як звычайна, прадстаўнікоў апазіцыі не ўключылі ў выбарчыя камісіі. Даўно адпрацаваны механізм нейтралізацыі назіральнікаў простым і немудрагелістым спосабам: выдаленнем іх на дыстанцыю, непрыдатную для назірання.
Падчас гэтай кампаніі ўлады пайшлі далей. Па-першае, фактычна ліквідавалі ініцыятыву "Партнёрства", створаную для незалежнага назірання за выбарамі, абвінаваціўшы яе ў замове і падрыхтоўцы перавароту. Па-другое, улады ў значна большай колькасці, чым раней, прывялі на выбарчыя ўчасткі сваіх назіральнікаў, якія павінны былі імітаваць назіранне і служыць жывым доказам дэмакратызму і празрыстасці нашых выбараў.
Нарэшце, былі забаронены незалежныя экзіт-полы. Кіраўнік ЦВК прыгразіла міліцыяй тым, хто будзе іх праводзіць без афіцыйнага дазволу. Незалежным сацыялагічным структурам якраз не дазволілі. Такім чынам, апошні элемент незалежнага кантролю за выбарамі ліквідаваны. І гэта, дарэчы, развязвае рукі апазіцыі, яна можа зараз прыводзіць любыя лічбы ў падтрымку свайго кандыдата.
Гэтыя прэзідэнцкія выбары пабілі ўсе рэкорды электаральных кампаній у Беларусі. Рэкордным аказалася колькасць подпісаў, сабраных у падтрымку Лукашэнкі. На выбары з'явілася надзвычайная колькасць выбаршчыкаў - 92,6%. Таксама Цэнтрвыбаркам выдаў рэкордную колькасць галасоў за Лукашэнку, і, наадварот, адзіны кандыдат ад апазіцыі атрымаў па версіі ЦВК значна менш галасоў, чым у 2001 годзе.
Такая рэкордаманія ўяўляецца зусім лагічнай. Паколькі жыццё ў краіне, згодна з пастулатамі прапаганды, становіцца ўсё лепшым і весялейшым, то цалкам заканамерна, што лічбы падтрымкі дзейнага прэзідэнта будуць імкнуцца да 100%. Як у таталітарнай дзяржаве.
Ужо даўно не здзіўляюць палярна супрацьлеглыя ацэнкі нашых выбараў назіральнікамі АБСЕ і СНД. Гэта пацвярджае даўно вядомую ісціну: кожны бачыць тое, што хоча бачыць. Назіральнікі СНД, якія прызналі выбары ўзорам дэмакратыі, зафіксавалі парадак на выбарчых участках, але не звярнулі ўвагі на збіванне кандыдата Казуліна, масавыя затрыманні прадстаўнікоў каманды іншага кандыдата - Мілінкевіча.
А ў цэлым выбарчая кампанія, што прайшла ў Беларусі, стала класічнай ілюстрацыяй выбараў ва ўмовах недэмакратычнай дзяржавы. У паліталогіі гэта называецца "кіраванай дэмакратыяй". Гэта значыць, знешне выконваюцца ўсе элементы нармальных выбараў: наяўнасць некалькіх кандыдатаў, уключаючы прадстаўнікоў апазіцыі; правядзенне агітацыйнай кампаніі, у тым ліку ў дзяржаўных СМІ; магчымасць галасавання за любога з чатырох прэтэндэнтаў і г.д. Аднак усё гэта - толькі форма, абгортка.
Насамрэч назваць гэта паўнацэннымі выбарамі ніяк нельга. Бо ў рэальнасці народ не мае магчымасці рабіць свабодны выбар і пракантраляваць вынікі свайго галасавання.