Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь 2006 года
 
Аналітыка

ЦІ АДБЫЛАСЯ "РЭВАЛЮЦЫЯ ДУХУ"?


2006-03-27

Аўтар: Аўтар: Кірыла ПАЗНЯК

Праналізуем не толькі ўласна тэксты перадвыбарных праграм кандыдатаў, а ўсе формы іх пасланняў электарату - ад інтэрв'ю ў СМІ да тэле- і радыёзваротаў. Уласна кажучы, перадвыбарныя праграмы чыталі далёка не ўсе выбаршчыкі, ужо не гаворачы пра вывучэнне і параўнанне. Як правіла, сухі стыль такіх дакументаў дрэнна ўспрымаецца абывацелямі. Іншая справа - праграмныя заявы ў жывых публічных выступленнях кандыдатаў.

Вось і ў выбарчым штабе Мілінкевіча не вельмі засмуціліся з-за таго факту, што тэкст яго перадвыбарнай праграмы не трапіў у дзяржаўныя газеты. Або зрабілі выгляд, што не засмуціліся. Таму што далі промах не ўлады, а самі члены адзінага кандыдата, якія не здалі своечасова ў рэдакцыі тэкст. Тлумачэнне - збой у працы штаба.

Гэта адзін з самых адкрытых, на пустым месцы, праколаў апазіцыі ў гэтай выбарчай кампаніі. Выбары для палітыкаў - гэта як Алімпіяда для спартсменаў. І Мілінкевіча ў гэтым эпізодзе можна параўнаць з біятланістам, які выйшаў на старт без некалькіх патрэбных згодна з правіламі патронаў. Гэта азначае гарантаванае незакрыццё шэрагу мішэняў (маецца на ўвазе не ахопленая агітацыяй частка электарату). Гэта, вядома, не яўнае паражэнне, але прадастаўленне сапернікам пэўнай форы. Аднак сярод сапернікаў і так быў яўны фаварыт (Лукашэнка).

Перадвыбарным лозунгам Мілінкевіча была трыяда "Свабода. Праўда. Справядлівасць". Гэтыя словы самі па сабе з'яўляюцца абстрактнымі паняццямі. Напоўніць іх канкрэтным, даходлівым для выбаршчыкаў зместам было цяжка. Тым болей што дэмакратычныя вартасці ў беларускім грамадстве далёка не на першым месцы. Дый камунікацыі з насельніцтвам з-за несправядлівых умоў перадвыбарнай барацьбы для новага лідэра апазіцыі былі цяжкія і мінімізаваныя. Лозунг Мілінкевіча быў адэкватны хіба як шыльда альтэрнатывы і рэвалюцыйнасці.

Гэтае ж можна сказаць і пра лозунг Аляксандра Казуліна "За краіну! За народ! За цябе!". З такімі заклікамі можна ісці ў атаку (зрэшты, лідэр сацыял-дэмакратаў гаварыў і дзейнічаў насамрэч дастаткова агрэсіўна).

Лозунгам "Дзяржава для народа" Аляксандр Лукашэнка пралангаваў свой імідж народнага прэзідэнта. Хаця рэзоннае пытанне, чаму ён збіраецца будаваць па-сапраўднаму дзяржаву для народа толькі пасля 12 гадоў прэзідэнцтва.

Апазіцыйны на першы погляд лозунг Сяргея Гайдукевіча - "Новая Беларусь - Адзінства. Парадак у краіне, дастатак у доме". Аднак на самой справе ён прапаноўваў толькі касметычнае абнаўленне краіны пераважна ў сферы эканомікі. Пры гэтым куды больш крытыкаваў апазіцыйных кандыдатаў, чым палітыку Лукашэнкі. Але месцамі Гайдукевіч гаварыў ва унісон з Мілінкевічам і Казуліным. Напрыклад: "У сваім руху рэспубліка пачынае прабуксоўваць". Або вось: "Савецкая спадчына ўжо вычарпана, і патрэбны новыя рашэнні".

Для параўнання, у Мілінкевіча: "Стабільнасць у нашым выпадку - гэта застой"; "Мы лічым, што надышоў час па-іншаму кіраваць краінай. Трэба рабіць іншы стыль кіраўніцтва". Прыкладна гэткае ж самае гаварыў і Казулін: "Тая стабільнасць, якую ўсхваляе ўлада як сваё найвышэйшае дасягненне, - ужо не стабільнасць. Гэта стагнацыя. А за стагнацыяй абавязкова прыходзіць крызіс"; "Час кіраваць па-савецку скончыўся".

Праграмныя выступленні кандыдатаў у прэзідэнты маюць шмат і іншых тэзісаў, якія пераклікаюцца, асабліва ў тым, што тычыцца сацыяльна-эканамічных праблем. Па адных толькі гэтых тэзісах многія выбаршчыкі наўрад ці здолелі б ідэнтыфікаваць кандыдатаў, запомніўшы, што хто прапануе. Дарэчы, некаторыя кандыдаты нават абвінавацілі сваіх сапернікаў у запазычванні многіх момантаў з іх бачання ў першую чаргу сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.

Асабліва шмат агульнага было ў заявах Мілінкевіча і Казуліна. Галоўнае адрозненне - тон. У Мілінкевіча - спакойны, на кантрасце з Лукашэнкам. У Казуліна - агрэсіўна-эмацыянальны, а-ля Лукашэнка. У выніку апазіцыйныя кандыдаты нядрэнна адзін аднаго дапаўнялі.

Самыя даходлівыя тэмы для электарату - памеры зарплат, пенсій і дапамог пры нараджэнні дзіцяці. І апазіцыйныя кандыдаты былі шчодрыя на абяцанні. Нават Лукашэнка, якога пастаянна абвінавачваюць у папулізме, папракнуў у гэтым Мілінкевіча з Казуліным.

Дэмакраты, як і чакалася, мала гаварылі пра нацынальнае пытанне, у прыватнасці пры стан беларускай мовы. У русіфікаваным грамадстве гэта пройгрышная тэма. Не ўздымалася і праблема захавання незалежнасці, якую ў 1990-х педалявала апазіцыя. Гэтую тэму перацягнуў на сябе Лукашэнка, пафас многіх выступленняў якога апошнім часам гучыць як "незалежнасць - гэта я".

Разам з тым Мілінкевіч і Казулін акцэнтаваліся, як таксама чакалася, на такіх болевых кропках грамадства, як прымусовае размеркаванне студэнтаў-бюджэтнікаў і кантрактная сістэма. Яны выступілі за іх адмену. Між тым Лукашэнка запабягаць перад электаратам не стаў і заявіў, што размеркаванне з кантрактнай сістэмай пры яго прэзідэнцтве застануцца.

Абодва палітыкі шмат крытыкавалі Лукашэнку. Большая частка іх публічных выступленняў уяўляла сабой не прэзентацыю сваёй праграмы, а крытыку існуючых парадкаў. Мілінкевіч і Казулін пабудавалі свае спічы ад адваротнага: крытыкуючы дзеянні цяперашніх уладаў, яны такім чынам давалі зразумець народу, чаго і як пры новай уладзе не будзе.

З аднаго боку, гэта даходліва, а з другога - многімі выбаршчыкамі негатыўны тон не ўспрымаецца. Тым больш што і афіцыйныя прапаганда пастаянна гаворыць пра дэструктыўнасць апазіцыі.

Між іншым нямала беларусаў цэніць менавіта стабільнасць, якой бы яна ні была. Лукашэнка эксплуатаваў гэта, эксплуатуе і будзе эксплуатаваць: "Сверб перамен не ад вялікага розуму. Бо яны не хочуць зразумець, наколькі тонкая мяжа, што аддзяляе мірнае жыццё ад кровапраліцця і бессэнсоўнай жорсткасці, стабільнасць - ад хаосу і анархіі".

Перадвыбарная праграма Лукашэнкі - па сутнасці, праграма развіцця краіны на наступную пяцігодку, прынятая на Усебеларускім народным сходзе. Нават калі яна не аптымальная, то надзейная ў плане гарантый рэалізацыі. Такое яе ўспрыняцце ў насельніцтва было сфармавана стабільнай сацыяльна-эканамічнай сітуацыяй у перадвыбарны перыяд.

Тое ж, што прапаноўвалі Мілінкевіч і Казулін, якім бы правільным ні было, рызыкоўна, таму што новае. Цяжка сказаць, ці ажыццявілі яны рэвалюцыю ў галовах і сэрцах беларусаў, але, як мінімум, дамагліся ажыўлення палітычнага жыцця ў краіне. Вось толькі ці надоўга?