БАРАЦЬБА НА ВЫБАРАХ СТВАРАЕ ГРУНТ ДЛЯ ДАЛЕЙШЫХ ДЗЕЯННЯЎ ПРЫХІЛЬНІКАЎ ПЕРАМЕН
2006-03-24
Аўтар: Валерый КАРБАЛЕВІЧ, палітолаг
У прыватнасці, з самага пачатку кампаніі сярод дэмакратычнай публікі чуліся заклікі да апазіцыйных кандыдатаў зняцца з выбараў і аб'явіць байкот. Пра гэта заяўляў, у прыватнасці, сход прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Нарэшце, незадоўга да пачатку галасавання Аляксандр Казулін прапанаваў Аляксандру Мілінкевічу разам зняць свае кандыдатуры.
Дыскусія аб тым, ці трэба браць удзел у недэмакратычных выбарах, ідзе ў апазіцыйным асяроддзі ўжо даўно. Іншым разам ідэя байкоту перамагала, як гэта было ў 1999-2000 гг. Не выклікае сумневу тэза, што і цяперашнюю кампанію нельга лічыць паўнацэннымі выбарамі.
Прыхільнікі байкоту вылучаюць такі аргумент. Калі перамагчы ў цяперашніх недэмакратычных умовах любому альтэрнатыўнаму кандыдату немагчыма, то трэба нанесці Лукашэнку максімальны палітычны ўрон, паставіўшы пад сумненне легітымнасць яго перамогі.
Аднак такі тактычны ход выклікае як пярэчанні фармальнага парадку, так і аргументы, што вынікаюць з палітычнай мэтазгоднасці. Што тычыцца першага, то трэба нагадаць: Мілінкевіча абраў адзіным кандыдатам ад апазіцыйнай кааліцыі Кангрэс дэмакратычных сіл. І, фармальна кажучы, толькі гэты форум мог бы змяніць сваё рашэнне ды зняць яго з выбараў.
Цяпер аб палітычнай мэтазгоднасці. Што канкрэтна азначае тэза аб дэлегітымацыі Лукашэнкавай перамогі? Калі гаварыць аб унутранай легітымнасці, то бок прызнанні большасцю грамадства вынікаў гэтых выбараў справядлівымі, то варта нагадаць, што нават калі б Мілінкевіч і Казулін знялі свае кандыдатуры, то ў выбарчых бюлетэнях прозвішча Лукашэнкі не засталося б адзіным, ёсць жа яшчэ Сяргей Гайдукевіч. Гэта значыць для большасці абывацеляў выбары ўсё роўна б засталіся фармальна канкурэнтнымі.
Далёкія ад палітыкі выбаршчыкі, якіх большасць, проста не ведаюць аб тых недэмакратычных метадах і прыёмах, што прымяняюць улады падчас выбарчай кампаніі. Самазняцця з выбараў апазіцыйных кандыдатаў не зразумеў бы нават пратэставы электарат. Цалкам відавочна, што ў цяперашніх умовах арганізаваць байкот немагчыма. Спрабаваць за некалькі дзён да выбараў пераарыентаваць сваіх прыхільнікаў (а гэта сама мала - траціна выбаршчыкаў) на іншы сцэнарый было б утопіяй і авантурай. Людзі проста заблыталіся б.
Калі гавораць аб недэмакратычнасці выбараў, то звычайна маюць на ўвазе два бакі гэтага працэсу.
Перш за ўсё, гэта няроўныя ўмовы вядзення выбарчай кампаніі, калі кандыдаты або партыі, якія прадстаўляюць уладу, маюць перавагу перад апазіцыяй. Такой няроўнасці не ўдалося пазбегнуць практычна ні ў адной краіне СНД. І калі ўсё абмяжоўваецца толькі гэтым, то назіральнікі АБСЕ хаця і крытыкуюць такія краіны, але, як правіла, усё роўна прызнаюць выбары.
Другі і галоўны бок недэмакратычнасці выбараў - гэта фальсіфікацыі пры падвядзенні вынікаў галасавання. У такім выпадку гаварыць аб народным волевыяўленні наогул не выпадае. Тады выбары называюць фарсам з усімі вынікаючымі палітычнымі наступствамі.
Але пры адсутнасці ў бюлетэнях прозвішчаў Мілінкевіча і Казуліна наогул не было б ніякай неабходнасці нешта фальсіфікаваць! Тады галасы можна лічыць абсалютна сумленна, у прысутнасці шматлікіх назіральнікаў. Іх можна падпусціць да самага стала, дзе сартуюцца бюлетэні, каб запэўніць у абсалютнай празрыстасці гэтага працэсу. Абвінавачанні на адрас беларускіх уладаў у фальсіфікацыях становяцца беспадстаўнымі. АБСЕ і Захад паўстаюць перад цяжкай дылемай у ацэнцы беларускіх выбараў. У выніку атрымліваецца, што прыхільнікі байкоту, імкнучыся дэлегітымаваць перамогу Лукашэнкі, садзейнічаюць яе міжнароднай легітымнасці.
І яшчэ адзін момант. Калі апазіцыйныя кандыдаты добраахвотна выходзяць з барацьбы, то пытанне аб "вуліцы" і яе ролі ў беларускай дэмакратыі ўвогуле знікае з палітычнага парадку дня. Тады ж становіцца незразумелым, да чаго заклікаць сваіх прыхільнікаў. Супраць чаго пратэставаць? Каго абараняць? Кандыдаты ж зняліся самі, фальсіфікацый не зафіксавана. Знікае галоўная матывацыя вулічнай актыўнасці.
Выходзіць з працэсу на фінішы кампаніі было б для апазіцыйных кандыдатаў недазвольным крокам. Нават калі здаецца, што місія невыканальная.
Незалежна ад афіцыйных вынікаў гэтых выбараў, сама барацьба на іх стварае базу для далейшых дзеянняў прыхільнікаў перамен.