Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Хронiка
 
Аналітыка

ПАЧЫНАЕЦЦА ГУЛЬНЯ Ў АДНЫ ВАРОТЫ?


2006-03-09

Аўтар: Валер КАРБАЛЕВІЧ, эксперт аналітычнага цэнтра "Стратэгія"

Выступленне былога рэктара абмяркоўваюць па ўсёй краіне далёкія ад палітыкі людзі, тэкст шукаюць у інтэрнеце, перадаюць адзін аднаму. Некалі падобны эфект зрабіў пачатак гарбачоўскай публічнасці. Уся афіцыйная прыгажосць ходу выбарчай кампаніі апынулася пад пагрозай.

Чаму ўлады дазволілі гэты "разгул дэмакратыі" на ТБ? Апошнімі ж месяцамі перад выбарамі боязь свабоднага слова, любой растыражаванай "крамолы" прыняла ірацыянальныя формы. Былі выціснутыя з сістэмы дзяржаўнага распаўсюду незалежныя газеты, уключаючы тыя, што мелі мізэрны наклад і вузкае кола апазіцыйных чытачоў. Міліцыя затрымлівала людзей, якія распаўсюджвалі нявінныя каляндарыкі з партрэтамі Мілінкевіча.

Можна ўспомніць, што падчас выбараў-2004 улады не прапускалі ў эфір занадта крытычныя тэлевыступленні кандыдатаў у дэпутаты. А тут мільёны тэлегледачоў змаглі ўбачыць палітычных праціўнікаў дзейнага лідэра і пачуць такія крамольныя прамовы, ад якіх у многіх абывацеляў галава пайшла кругам.

Гэта быў не жывы эфір, а запіс. У мяне няма сумнення, што ён папярэдне праглядаўся на самым высокім узроўні. У правячай каманды была магчымасць выразаць самыя непрыемныя для яе сюжэты на падставе таго, што яны ўтрымліваюць незаконныя заклікі, зневажаюць гонар і годнасць кіраўніка дзяржавы і г.д. Аднак першыя выступленні былі паказаны без купюр (потым, як вядома, улада не вытрымала і ўзялася за цэнзарскія нажніцы).

Патлумачыць гэтую сенсацыю толькі тым, што выступленні кандыдатаў у СМІ гарантаваныя Выбарчым кодэксам, немагчыма. Бо ўсім вядома, мякка кажучы, выбіральнае стаўленне цяперашніх уладаў да прававых норм.

Зазначым, што яны ўстанавілі такія рамкі тэлевыступленняў, каб мінімізаваць іх эфект. Ім адвялі нязручны час, калі людзі толькі вяртаюцца з працы. Фармат выступлення ("гаваркая галава" цягам 30 хвілін) закліканы быў адвярнуць абываталя.

Але галоўная прычына кароткага "разгулу публічнасці" ляжыць, на наш погляд, у іншай сферы. Лукашэнку патрэбна квазідэмакратычная легітымацыя сваёй улады. І такую легітымнасць можна атрымаць толькі на прэзідэнцкіх выбарах, якія далёкі ад палітыкі абывацель будзе лічыць сапраўднымі, а не таннай імітацыяй, няўклюднай пародыяй. "Рэчавымі доказамі" сапраўдных выбараў якраз і павінны паслужыць рэальныя канкурэнты з апазіцыі з "некранутымі" (або амаль не кранутымі) выступленнямі па тэлебачанні.

Такім чынам, выступленні Мілінкевіча і Казуліна ўзарвалі затхлую грамадскую атмасферу, зламалі мерны ход кампаніі, выклікалі шырокі рэзананс. Але што далей? Ці дадуць яны канкрэтны электаральны вынік у выглядзе рэйтынгу, гатоўнасці людзей галасаваць за гэтых кандыдатаў?

Цяжка сказаць.

Па-першае, два паўгадзінныя выступленні па тэлебачанні і два па радыё - гэта вельмі мала, каб пераламаць 12-гадовую татальную прапаганду на карысць дзейнага прэзідэнта. Па-другое, глядзець з цікавасцю на палітыка - яшчэ не значыць галасаваць за яго. Напрыклад, для ўсіх будзе цікавым з'яўленне на тэлеэкране думца Жырыноўскага, але яго шанцы стаць прэзідэнтам Расіі - больш чым уяўныя.

Аляксандр Мілінкевіч выглядаў палітыкам дастаткова ўпэўненым, ураўнаважаным, раскаваным, які ўмее гаварыць без паперкі. Ён пераканаўча развенчваў створаныя афіцыйнай прапагандай міфы аб апазіцыі. І ход з адказамі на пытанні быў удалым.

Кажуць, адзіны кандыдат ад апазіцыйнай кааліцыі нехарызматычны. Аднак гэта не ёсць крытычна важны недахоп. Не былі харызматыкамі і лідэры пераможных рэвалюцый Каштуніца, Юшчанка. Дый Пуціна, які на працягу шасці гадоў мае вельмі вялікі рэйтынг, нельга лічыць харызматычным палітыкам. Галоўнае, каб вобраз лідэра трапіў у фокус грамадскіх чаканняў.

Праблемы Мілінкевіча ў іншым. Ён не вельмі тэхналагічны. У сваім першым выступленні кандыдат стаў на той сумнеўны шлях, якім ішла апазіцыйная кааліцыя "Пяцёрка плюс" падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў у 2004 годзе, калі прапанавала праграму "Пяць крокаў да лепшага жыцця". Гэта значыць - паспрабаваў даваць канкрэтныя адказы на канкрэтныя пытанні. На мой погляд, гэта памылка. Калі выбаршчык задае кандыдату пытанне аб праграме, насамрэч ён хоча пачуць нешта іншае, чым пералічэнне запланаваных мер у эканоміцы, сацыяльнай сферы і г.д.

Галоўны хіб Мілінкевіча ў тым, што ён не прапанаваў цэльнага альтэрнатыўнага праекта, вобраза будучыні Беларусі. Кандыдат не здолеў ясна патлумачыць выбаршчыкам сэнс свайго лозунга "Свабода. Праўда. Справядлівасць". Усе яго канкрэтныя адказы на пытанні былі мала звязаныя з гэтым лозунгам, з нейкай цэнтральнай ідэяй. У выніку вобраз атрымаўся размытым. Запытай назаўтра ў звычайнага выбаршчыка, што было галоўным у выступленні Мілінкевіча, - наўрад ці адкажа.

Звярніце ўвагу на публічныя выступленні Лукашэнкі. На якую б тэму ні казаў прэзідэнт, ён увесь час, да месца і не да месца, звяртаецца да свайго агульнанацыянальнага праекта - маўляў, краіну не раскраў, не кінуў народ у бяздумныя рэформы - і ніколі не выпускае з-пад увагі гэтую цэнтральную лінію свайго пазіцыявання.

Выступленне па тэлебачанні - гэта кульмінацыя агітацыйнай кампаніі, галоўны стрэл кандыдата. Большасць насельніцтва менавіта ў гэты момант бачыць прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду ў першы і апошні раз. Удалае тэлевыступленне пераважвае дзесяткі паездак па краіне, падчас якіх, як правіла, палітык сустракаецца з вельмі абмежаванай колькасцю людзей, значная частка з іх да таго ж і так яго прыхільнікі.

І вось чытаем у "БелГазете" прызнанне Мілінкевіча: "На рэпетыцыі часу не хапіла. Як і на кансультацыі са спічрайтэрамі... Таму як падрыхтаваўся, гэтак і пайшоў".

Ну і ну! Для падрыхтоўкі праграмы адзінага кандыдата прыцягвалі сузор'е спецыялістаў, затрацілі шмат часу, намаганняў, праводзілі круглыя сталы і г.д. Але вывучаць гэты дакумент будзе, шчыра кажучы, дастаткова вузкае кола людзей. Уплыў праграмы на выбар людзей, якія пойдуць галасаваць, блізкі да нуля. Узнікае рэзоннае пытанне: ці ёсць у кампаніі менеджэр?

А Казулін пайшоў іншым шляхам - тым, якім некалі ішоў Лукашэнка. Вырашыўшы, што разварушыць беларускае балота могуць толькі нестандартныя дзеянні, ён спрабуе стварыць імідж тэрмінатара. Трэба аддаць належнае яго смеласці і асабістай мужнасці. Кандыдат пайшоў у лабавую атаку на прэзідэнта і стаў на нейкі час галоўным героем палітычнага сезона.

Зрэшты, апазіцыйныя кандыдаты ўжо выбралі свае эфірныя квоты. Цяпер будзе разгортвацца, па сутнасці, гульня ў адны вароты. Да выбараў туды могуць назабіваць нямала прапагандысцкіх мячоў.