Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Хронiка
 
Аналітыка

ПАТЭНЦЫЯЛ ВУЛІЧНАЙ АКТЫЎНАСЦІ МОЖА БЫЦЬ СКАВАНЫ СТРАХАМ


2006-03-03

Аўтар: Кірыл ПАЗНЯК, аглядальнік

Хутчэй за ўсё, у сувязі з набліжэннем выбараў Лукашэнка проста вырашыў павысіць ступень мабілізаванасці сілавых структур. А заадно - аказаць псіхалагічнае ўздзеянне на палітычных апанентаў і іх прыхільнікаў.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў найбліжэйшы час сілавым і праваахоўным органам давядзецца дзейнічаць у вельмі няпростай сітуацыі: "Вы ведаеце, які ціск аказваецца на Беларусь: ад непрыхаванага шантажу да спробаў умяшання ва ўнутраныя справы - з боку Захаду. З боку апазіцыі - ад дробных правакацый да пагроз экстрэмісцкіх выступленняў".

"Усведамляючы адсутнасць шансаў на перамогу законным шляхам, апаненты ўлады са скуры вылузваюцца, каб накаліць сітуацыю ў краіне, расхістаць асновы дзяржавы і грамадства, ачарніць нашы духоўныя каштоўнасці. Таму наша асноўная задача - засцерагчы беларускі народ ад навязвання чужой волі, хлусні і насілля", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, у такіх умовах патрабаванні да сілавых і праваахоўных органаў шматразова ўзрастаюць: "Перадусім зараз неабходнае ўменне дзейнічаць на апярэджанне сітуацыі, прымаць найбольш аптымальныя і дзейсныя рашэнні".

Гэта ўсё, што праз урадавае агенцтва БелТА паведамілі аб нарадзе шырокай публіцы. У сваім жа коле спосабы прадухілення гіпатэтычнай рэвалюцыі напэўна абмяркоўваліся і больш канкрэтна. Натуральна, сілавікі маюць план дзеянняў (а можа, і не адзін) у адказ на выхад апазіцыянераў на вуліцы.

Штаб Аляксандра Мілінкевіча заклікае грамадзян з усіх рэгіёнаў збірацца 19 сакавіка а 20-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы Мінска. Пры гэтым заяўляецца, што апазіцыя не мае намеру рабіць рэвалюцыю. Людзей проста клічуць дачакацца на свежым паветры вынікаў выбараў. Асцярожна дадаючы: маўляў, калі яны будуць сфальсіфікаваныя, то з плошчы могуць загучаць патрабаванні правесці сумленны падлік галасоў.

Улады ў апошні час рэгулярна аперыруюць звесткамі сацыялагічных даследаванняў, згодна з якімі Лукашэнка перамагае ў першым жа туры, набіраючы больш за 75% галасоў. Апазіцыя ў адказ сцвярджае, што такога быць не можа, і тэарэтычна разлічвае на другі тур. Па ацэнках штаба Мілінкевіча, зараз яго падтрымліваюць каля 25% беларусаў (тут спасылаюцца на незалежныя сацапытанні, праведзеныя ў студзені), столькі ж - дзейную ўладу, а палова выбаршчыкаў пакуль не вызначылася, як будзе галасаваць.

Лейтматыў заяваў лідэраў дэмакратычных сіл такі: фальсіфікацыямі на выбарах улада сама можа справакаваць масавы выхад людзей на вуліцы. Эківокі тлумачацца аглядкай на нядаўнія папраўкі ў Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы, што робіць палітычную дзейнасць у Беларусі яшчэ больш небяспечнай. Тыя, хто кіне рэвалюцыйны заклік, выведзе людзей на вуліцы 19 сакавіка, вельмі лёгка могуць апынуцца за кратамі.

Што да патрабавання другога туру, то гэта - здаецца, адзіны канкрэтны лозунг, якім апазіцыя зможа мабілізаваць сваіх прыхільнікаў. У ім ёсць мэта, звязаная з персонай альтэрнатыўнага Лукашэнку палітыка. Проста пратэставаць супраць фальсіфікацый - занадта агульна, а галоўнае, у беларускай палітыцы гэта не новае.

Апазіцыя поўная аптымізму. Кіраўнік ценевага апазіцыйнага ўрада, лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька нядаўна заявіў, што не менш чым 60% беларусаў выступаюць за дэмакратычныя перамены і 16% гатовы абараняць свой выбар: "Я не веру ў выбары, затое я веру ў тое, што значная частка грамадзян будзе супраціўляцца фальшыўкам - і мы абавязаныя гэта скарыстаць".

Аднак, улічваючы беларускую ментальнасць і стан вулічнай дэмакратыі, нельга быць упэўненымі, што 19 сакавіка на Кастрычніцкую плошчу вырашаць выйсці дзесяткі або сотні тысяч беларусаў. Ды і сілавікі, у прынцыпе, могуць эфектыўна прадухіліць канцэнтрацыю рэвалюцыйнага натоўпу.

Напрыклад, Кастрычніцкая плошча і яе наваколле проста ачапляюцца, сумежныя станцыі метро зачыняюцца, рух наземнага транспарту абмяжоўваецца. Тут можна прыгадаць нядаўнюю шматзначную заяву Лукашэнкі аб тым, што "ў нас няма такіх плошчаў, дзе будуць расстаўляць палаткі".

На межах напярэдадні выбараў, верагодна, увядуць узмоцнены кантроль, асабліва за грузінскай і ўкраінскай моладзю, якая напэўна збярэцца бліжэй да 19 сакавіка ў Мінск са сваім рэвалюцыйным вопытам.

Інтэрнет-сайты, дзе можа быць размешчана інфармацыя аб альтэрнатыўных экзіт-полах і заклікі выходзіць на вуліцу, лёгка заблакіраваць (тым больш што ёсць вопыт кібервайны на выбарах-2001 і рэферэндуме-2004), мабільныя тэлефоны актывістаў апазіцыі - "вырубіць". У крайнім выпадку, гэтых людзей могуць затрымаць пад рознымі маркамі (тыпу "ваша машына падобная да выкрадзенай"), каб у крытычны момант пазбавіць кіраўніцтва вулічную дэмакратыю.

Дарэчы, як дзеянні спецслужбаў на апярэджанне можна расцаніць і ўзяцце пад варту на мінулым тыдні шэрагу маладых апазіцыйных актывістаў, якія маглі б скласці мабільны касцяк незалежнага назірання і вулічных выступленняў 19 сакавіка. Маладым людзям інкрымінуецца арганізацыя незарэгістраванага грамадскага аб'яднання. Здаецца, крымінальныя папраўкі пачалі ўжо прымяняцца.

"Нервовасць заяваў, відавочнасць пагроз, балючае ўспрыманне абгрунтаванай крытыкі, якую ўлада спрабуе выдаць за абвастрэнне сітуацыі з боку яе апанентаў, - усё гэта сведчыць пра страх перад будучыняй. Рэжым не ведае, адкуль чакаць падвоху", - так пракаментаваў заявы Лукашэнкі на нарадзе з сілавікамі Мілінкевіч.

Пра самаадчуванне вярхушкі ўладаў можна толькі здагадвацца. Разам з тым, няма сумневу, што рэпрэсіўныя захады спараджаюць страх сярод дэмакратычна настроенага электарату. У выніку патэнцыял вулічнай актыўнасці апазіцыі можа рэзка знізіцца.

Учорашні інцыдэнт са збіваннем кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна пацвярждае, што ўлада ўзяла на ўзбраенне жорсткі сцэнар.