НАКОЛЬКІ ЎРАЗІЛІ ЭЛЕКТАРАТ "ГАВАРКІЯ ГАЛОВЫ"?
2006-03-02
Аўтар: Павел КІРЫЛАЎ, аглядальнік
Па-першае, яны пайшлі на такі крок, каб надаць выбарчай кампаніі, што крытыкуецца з усіх бакоў, хаця б эпізадычную дэмакратычнасць. Па-другое, выступленні трансляваліся зусім не ў прайм-тайм. Гэта значыць, іх аўдыторыя была не надта вялікай. Па-трэцяе, у фармату "гаваркой галавы" звычайна невысокі піяр-эфект.
Улады, трэба меркаваць, упэўненыя ў тым, што кандыдацкі эфір наўрад ці здолее істотна паўплываць на вынік выбараў. Асабліва калі зыходзіць з таго, што ён ужо перадвызначаны.
Але самі апазіцыйныя кандыдаты зрабілі ўсё магчымае, каб іх выступленні мелі рэзананс. Асабліва гэта тычыцца лідэра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандра Казуліна. Яго першая прамова была папулісцкай і эпатажнай - у стылі расійскага палітыка Уладзіміра Жырыноўскага і ранняга Лукашэнкі. Гэта значыць, Казулін вырашыў біць Лукашэнку яго фірмовай піяр-зброяй.
Ён фамільярна "тыкаў" кіраўніку дзяржавы, разарваў газету Адміністрацыі прэзідэнта "Советская Белоруссия". Пры гэтым Казулін дэманстратыўна блазнаваўся пры дапамозе ўхмылак і інтанацый.
Разам з тым лідэр сацыял-дэмакратаў раздаваў шмат абяцанняў і быў вельмі рэзкім у дачыненні да сітуацыі ў краіне і асабіста да Лукашэнкі. Палітык гуляў на грані фолу, у прыватнасці, выклаўшы версію, што афіцыйна жанаты Лукашэнка мае яшчэ і грамадзянскую жонку, і пазашлюбнага сына.
Наогул, выступленне Казуліна не магло не запомніцца. Іншая справа - ці спадабаецца беларускім выбаршчыкам такі імідж. Магчыма, на яго адарванне і разлічваюць у вярхах, даўшы усё гэта без купюраў.
Яшчэ адна версія: палічыўшы сказанае паклёпам на прэзідэнта, рэгістрацыю Казуліна могуць адмяніць. А могуць і крымінальную справу распачаць. Гэта значыць - "папаўся, галубок!".
У прынцыпе, Казулін і Мілінкевіч - хаця і ў рознай стылістыцы - крытыкавалі ўладу за адно і тое ж. Напрыклад, абодва назвалі беларускую стабільнасць застоем, узнялі тэму фальсіфікацый на выбарах і паабяцалі адмяніць кантрактную сістэму.
Але лідэр аб'яднанай апазіцыі выступіў інтэлігентна і спакойна - на кантрасце з эмацыянальным Лукашэнкам. І на кантрасце з Казуліным таксама. Пры гэтым, каб прамова найлепш успрымалася, Мілінкевіч пабудаваў яе ў выглядзе адказаў на пытанні грамадзян, што задаваліся ў час паездак па краіне.
Так што барацьбу за электарат, які пакуль не вызначыўся, апазіцыйныя кандыдаты вырашылі весці па-рознаму. Складана меркаваць, які падыход спрацуе. Але і Казулін, і Мілінкевіч паспрабавалі змяніць уяўленне пра апазіцыю ў цэлым, што можа даць як кароткатэрміновы, гэтак і доўгатэрміновы эфект.
Першы рэзкімі заявамі і бесшабашнымі паводзінамі робіць імідж дэмакратаў больш яскравым і даходлівым, другі - больш пазітыўным.
Так, Мілінкевіч зазначыў: "Калі мы кажам пра тое, што будзе з чыноўнікамі ў новай Беларусі, я зусім шчыра заяўляю: тыя людзі, якія парушалі закон, абавязкова будуць трымаць адказ; калі чалавек чысты перад законам, калі ён з чыстым сумленнем, ён будзе працаваць. Абавязкова будзе працаваць, мы яшчэ будзем прасіць гэтых людзей, каб яны засталіся і нікуды не ішлі. Змены абсалютнай усіх уладных структур ніхто рабіць не збіраецца".
Ці яшчэ: "З Расіяй мы пабудуем адносіны нават лепшыя, чым сёння, бо многія дагаворы эканамічныя, якія мы заключалі, з-за таго, што ў нашых адносінах значна больш палітычнай балбатні, чым рэальнай эканомікі, не працуюць. Можна зрабіць дагаворы ўзаемавыгадныя, доўгатэрміновыя і празрыстыя, што вельмі важна. І палітыка наша ў дачыненні да Расіі будзе прадказальнай. Больш за тое, Расія для Беларусі была, ёсць і будзе стратэгічным партнёрам".
Гэтыя пасажы відавочна разлічаны на заспакаенне тых, хто баіцца "новай мятлы".
Звяртае на сябе ўвагу тое, што ад Казуліна дасталося не толькі Лукашэнку, але і калегам-дэмакратам: "Яшчэ больш аддаленая ад народа і старая апазіцыя, якая за 15 гадоў не здолела дамагчыся нічога, апрача паражэнняў. Яна ідзе ад паражэння да паражэння". Лідэр сацыял-дэмакратаў спрабуе ўявіць сябе новай палітычнай сілай, вольнай ад цяжару паражэнняў, але афіцыёзная контрпрапаганда наўрад ці дазволціь яму дабіцца такога ўспрымання ў народзе.
Значную частку свайго першага выступлення прысвяціў апазіцыі і іншы кандыдат у прэзідэнты - Сяргей Гайдукевіч, якога аналітыкі называюць спарынг-партнёрам Лукашэнкі. "У Беларусі ёсць у прамым сэнсе ўзгадаваныя Захадам палітычныя сілы, якія рвуцца да ўлады і нацэлены сваімі апекунамі на вырашэнне адзінай мэты - разбурэнне расійска-беларускага саюза", - заявіў лідэр Ліберальна-дэмакратычнай партыі.
"У сваіх абяцаннях яны ўжо далі зразумець, што дзеля чужых інтарэсаў гатовы пайсці на радыкальныя дзеянні", - сказаў Гайдукевіч.
Аляксандр Лукашэнка ў кандыдацкі эфір не выйшаў. Сапраўды, навошта яму гэтыя два разы па паўгадзіны на ТБ і радыё, калі ён у тэлевізары і так амаль што круглыя суткі? Асвятленне дзяржаўнымі СМІ аднаго толькі Усебеларускага народнага сходу з лішкам кампенсуе адмову ад кандыдацкага эфіру.
Да таго ж гэтая адмова заклікана дэманстраваць, што дзейны кіраўнік - яўны фаварыт, які і так упэўнены ў сваёй перамозе. Урэшце, агітацыйная кампанія Лукашэнкі, нягледзячы на рэйтынг 75% ад лаяльных сацыялагічных службаў, разгортваецца вельмі магутна.