МОЖА ЛУКАШЭНКА РАЗВУЧЫЎСЯ ТРЫМАЦЬ УДАР?
2006-03-01
Аўтар: Валерый КАРБАЛЕВІЧ, эксперт аналітычнага цэнтра "Стратэгія"
Гэткім жа збянтэжаным ад нечаканай атакі апанентаў паўстаў і сам прэзідэнт. Ён няўпэўнена прачытаў па паперцы вельмі кароткі і просты тэкст, адмовіўся ад прэзентаваных загадзя адказаў на пытанні журналістаў і, мяркуючы па ўсім, расхваляваны пайшоў праз бакавы выхад. Высветлілася, што ў цяплічных умовах, пры адсутнасці рэальнай палітычнай канкурэнцыі Лукашэнка развучыўся трымаць удар. Цяпер зразумела, чаму ён не хоча тэледэбатаў.
Нарэшце за месяц да выбараў тэлегледачы краіны ўпершыню даведаліся прозвішчы і ўбачылі па тэлевізары (а затым і пачулі па радыё) усіх прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду. Дагэтуль на прозвішчы апазіцыянераў было табу. Высветлілася, што Казуліну не хапае досведу публічнага палітычнага выступлення. З іншага боку, жорсткасць яго прамовы на цырымоніі рэгістрацыі плюс "штурм" Нацыянальнага прэс-цэнтра (у выніку Казуліну ўдалося прарваць ахову і пагутарыць з журналістамі ў фае) прадэманстравалі рашучы характар лідэра сацыял-дэмакратаў. Падчас выступаў у эфіры ён пацвердзіў сваю рашучасць ісці на абвастрэнне.
Чаму ж улады ўсё-такі зарэгістравалі ўсіх чатырох кандыдатаў, якія сабралі звыш за 100 тысяч подпісаў?
Зразумела, што рашэнне дыктавалася не прававой працэдурай, а палітычнай мэтазгоднасцю. Напярэдадні выказвалася меркаванне, што ўладам больш выгадна не рэгістраваць апазіцыйных палітыкаў, перш за ўсё Мілінкевіча. Прычыну можна было знайсці любую, хаця б недакладнасць у дэкларацыі аб даходах яго жонкі. Як ЦВК можа гэта вытанчана рабіць, прадэманстравалі выбары ў Палату прадстаўнікоў у 2004 годзе.
Логіка разважанняў прыхільнікаў гэтай версіі была наступная. Вядома, што ўлада вельмі баіцца "каляровай рэвалюцыі". Вопыт іншых краін сведчыць, што крытычны момант наступае адразу пасля выбараў і абнародавання іх вынікаў. Апазіцыя менавіта на гэты час рыхтуе масавыя вулічныя акцыі, штуршком да якіх служыць абвінавачанне ўладаў у фальсіфікацыі.
І ва ўладаў, сапраўды, магла з'явіцца спакуса нейтралізаваць рэвалюцыйную пагрозу апрыоры - не зарэгістраваўшы найбольш небяспечнага кандыдата.
Уявіце карціну: апазіцыя рыхтуецца да выступлення 19-20 сакавіка, а ўлады ставяць падножку на месяц раней, 17 лютага. За месяц пратэставы патэнцыял развеецца. І 19-20 сакавіка далёкага ад палітыкі абывацеля ніхто і нішто не выцягне на вуліцу: незразумела, чаго патрабаваць і што абараняць. (У краінах, дзе перамагла рэвалюцыя, народ абараняў выкрадзеную перамогу.) Каманда ўладаў паказала ўжо, што ўмее гуляць на апярэджанне, прызначыўшы прэзідэнцкія выбары на чатыры месяцы раней за тэрмін.
Зрэшты, такі сцэнарый яшчэ можна запусціць, зняўшы Мілінкевіча з выбарчай гонкі ў агітацыйны перыяд. Але такі варыянт мацней б'е па рэпутацыі ўладаў. Спачатку паказаць апазіцыйнага кандыдата народу, даць яму магчымасць разгарнуць агітацыю, выступіць у дзяржаўных СМІ, а потым адмяніць рэгістрацыю - ход яўна няўдалы. Нават далёкія ад палітыкі людзі скажуць: Лукашэнка спалохаўся канкурэнта!
Чаму ж улады адкінулі план "прэвентыўнай нейтралізацыі" і зарэгістравалі ўсіх? Лукашэнку патрэбна легітымнасць, як унутраная, гэтак і міжнародная. У вачах беларускага насельніцтва, наменклатуры, Расіі ды і часткова Захаду яго перамога павінна быць пераканаўчай, "элегантнай".
Ён і так даў падставу гаварыць пра сваю няўпэўненасць, прызначыўшы выбары на сакавік замест ліпеня. Зараз патрэбна змяніць гэтае ўражанне, прадэманстраваць сілу. Для гэтага варта перамагчы рэальнага саперніка. І разграміць апазіцыю прэзідэнт хоча менавіта на выбарах, а не з дапамогай маніпуляцый на стадыі рэгістрацыі. Імітацыя барацьбы павінна выглядаць праўдападобна, перадусім для недасведчанага электарату. Трэба прадэманстраваць, што апазіцыю не прымае народ.
Гэтую стратэгію сам Лукашэнка нядаўна агучыў, адказваючы на пытанні журналістаў у пасёлку Ялізава. Ён заявіў, што можа атрымаць на выбарах 76-78% галасоў, апазіцыя ж - максімум 5-7%. Следам за прэзідэнтам аб 76% яго падтрымкі заявіў дырэктар Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук. Так што афіцыйны вынік выбараў, хутчэй за ўсё, ужо прагавораны.
І дзеля гэтай вялікай мэты Лукашэнка гатовы рызыкаваць. Ён гатовы да таго, што апазіцыя выйдзе на вуліцу 19-20 сакавіка, але лічыць, што хопіць моцы яе нейтралізаваць. Для гэтага ўсё гатова. Прынятыя новыя драконаўскія законы, праводзяцца прэвентыўныя арышты маладзёвых актывістаў, разгромленыя незалежныя газеты, узятыя пад поўны кантроль вертыкалі выбарчыя камісіі, па ТБ паказваюцца страшылкі пра апазіцыю і вераломны Захад, мабілізуюцца ўсе сілавыя структуры і гэтак далей.
Праўда, у сцэнарыі, узятым уладамі на ўзбраенне, ёсць яшчэ адна небяспека. Гэта выступы апазіцыйных кандыдатаў у дзяржаўных СМІ, перш за ўсё па тэлебачанні. Апошні раз апаненты каманды ўладаў мелі такую магчымасць пяць гадоў таму, падчас папярэдніх выбараў. Але цяпер розгалас значна мацнейшы.
Разам з тым у рэгістрацыі адначасова Мілінкевіча і Казуліна для ўладаў ёсць і плюс. Два апазіцыйныя кандыдаты будуць расцягваць галасы пратэстнага электарату, крытыкаваць адзін аднаго (у гэтым дасягнуў поспеху лідэр сацыял-дэмакратаў), змазваць ідэю палітычнай і асабістай альтэрнатывы дзейнаму прэзідэнту. Што, зразумела, толькі на руку Лукашэнку.