ШТО ЧАКАЕ АПАЗІЦЫЮ ПАСЛЯ 19 САКАВІКА?
2006-02-24
Аўтар: Павел КІРЫЛАЎ, аглядальнік
Так, нядаўна другія папярэджанні ад Міністэрства юстыцыі атрымалі Партыя камуністаў Беларуская і Партыя БНФ. Гэта можа быць падставай для ліквідацыі. Аднак згодна з заканадаўствам палітычную партыю нельга ліквідаваць у перыяд выбарчых кампаній. А вось пасля 19 сакавіка такое развіццё падзей вельмі верагоднае. Улады могуць дзейнічаць тут даволі рашуча, паколькі ў бягучую выбарчую кампанію асноўныя апазіцыйныя палітычныя партыі не толькі актыўныя, але і здолелі кансалідавацца.
Але ці ўяўляюць яны сабой сур'ёзную палітычную сілу?
Палітолаг Віктар Чарноў, робячы рэтраспекцыйны аналіз, зазначае, што ў пачатку 90-х гадоў партыі прэтэндавалі на актыўны ўдзел у палітычным жыцці краіны ды імкнуліся да заваявання ўлады, аднак у 1996 годзе апынуліся на перыферыі палітычнай сістэмы.
"Папросту кажучы, апынуліся непатрэбнымі гэтай сістэме. У сувязі з чым узнікла патрэба ў змене іх паводзінаў. Беларускія партыі з самага пачатку былі арыентаваны на парламенцкія метады барацьбы: на стварэнне кааліцый, парламенцкіх фракцый. Аднак сучасны беларускі парламент - беспартыйны, і партыі адпаведна былі пазбаўленыя легальных каналаў уздзеяння на прыняцце палітычных рашэнняў. Тады і пачаўся пераход да нефармальных, вулічных, метадаў палітычнай актыўнасці. Але партыі апынуліся да гэтага не гатовыя. Прычыны тояцца як у іх малой колькасці і слабой дысцыплінаванасці, так і ў дзеяннях улады і нізкім узроўні палітычнай актыўнасці насельніцтва. І партыі, па сваёй прыродзе прызваныя мабілізаваць пратэстныя настроі насельніцтва, вымушаны скарыстоўваць не ўласцівыя ім спосабы", - сказаў эксперт у інтэрв'ю "БДГ. Деловой газете".
У 2001 годзе менавіта агульнае падзенне аўтарытэту палітычных партый і іх рэйтынгу ў грамадстве вымусіла дэмакратаў зрабіць стаўку на незалежнага непартыйнага кандыдата (ім стаў Уладзімір Ганчарык). На парламенцкіх выбарах 2004 года сітуацыя змянілася. Партыйцы пачалі балатавацца ў дэпутаты, і роля партый стала больш прыкметнай. Але вынік парламенцкіх выбараў аказаўся практычна такім жа, як і ў 2000 годзе, калі апазіцыя іх байкатавала. Нацыянальны сход застаўся не структураваным у партыйных адносінах. А партыі па-ранейшаму не могуць выконваць функцыю канцэнтрацыі інтарэсаў сацыяльных груп і на гэтай аснове выпрацоўваць палітычныя курсы, якія абапіраюцца на інтарэсы выбаршчыкаў.
На гэтай падставе Віктар Чарноў робіць выснову, што ў Беларусі фактычна склалася беспартыйная сістэма, пры якой дэ-юрэ партыі існуюць, а дэ-факта адсутнічаюць як палітычныя сілы. Нізкі рэйтынг партый у грамадстве тлумачыцца, у прыватнасці, тым, што яно яшчэ не падышло да таго, каб усвядоміць важнасць і каштоўнасць партый як інстытутаў, здольных выказваць інтарэсы грамадзян.
Але на выбарах-2006, лічыць палітолаг, у параўнанні з 2001 годам роля партый узмацнілася: "Хоць Аляксандр Мілінкевіч і лічыцца беспартыйным, аб'ектыўна ён стаўленік Партыі БНФ, з якой згадзіліся іншыя палітычныя партыі, якія падпісалі пагадненне". А іншы ўдзельнік прэзідэнцкай гонкі, Аляксандр Казулін, сам узначальвае Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю. Па сутнасці, правядзенне ўсёй кампаніі лягло на плечы палітычных партый.
Палітолаг лічыць, што падзел беларускіх партый па шкале "правыя - левыя" карэктна толькі ў тэорыі: "У Беларусі гэта не мае ніякага значэння. Асаблівасць беларускіх партый у тым, што яны з'яўляюцца не партыямі інтарэсаў, як гэта прынята ў свеце, а партыямі ідэй. Тэарэтычна яны, канешне, адрозніваюцца адна ад адной хаця б тым, што маюць розныя ідэалогіі, але на практыцы адрозненне ў гэтых ідэалогіях не адыгрывае ніякай ролі, паколькі яны ў першую чаргу дабіваюцца не магчымасці ажыццяўлення ў краіне палітычнага курсу - правядзення эканамічных, сацыяльных пераўтварэнняў, а таго, каб узяць уладу. У гэтай сувязі на дадзеным этапе ідэалагічныя адрозненні адыгрываюць значна меншую ролю, чым нацыянальныя інтарэсы".
Як прагназуе Віктар Чарноў, выбары-2006 у чарговы раз дакажуць, што партыям неабходна і надалей кансалідавацца: "Улічваючы фактычную адсутнасць партыйнай сістэмы, партыі, магчыма, дэ-юрэ захоўваючы свой статус і партыйныя структуры, павінны будуць ствараць масавы грамадска-палітычны рух - арганізаваную структуру з дакладна размеркаванымі паўнамоцтвамі, функцыямі і абавязкамі. У гэтым выпадку на задні план адыходзяць праграмы і амбіцыі асобных структур, якія паасобку нічога сабой не ўяўляюць. Цяперашняя сітуацыя можа падштурхнуць да стварэння строгай міжпартыйнай кааліцыі і стаць фундаментам для стварэння такога руху".
Між тым многія лічаць, што створаная напярэдадні сёлетняй прэзідэнцкай кампаніі апазіцыйная кааліцыя - сітуатыўная і занадта пярэстая, а таму недаўгавечная. У прыватнасці, такога меркавання прытрымліваецца Уладзімір Нісцюк, намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, якая пайшла на выбары асобнай калонай на чале з Казуліным.
У гутарцы з аўтарам гэтых радкоў Нісцюк выказаў меркаванне, што неўзабаве пасля выбараў кааліцыя, збітая пад "адзінага", рассыпецца. Суразмоўца лічыць, што апазіцыйным сілам неабходна структуравацца класічным чынам: левыя павінны аб'яднацца з іншымі левымі і левацэнтрыстамі, а правыя - з правымі і правацэнтрыстамі. І потым ужо дамаўляцца паміж сабой падчас электаральных кампаній. Вось толькі кампрамісу паміж кандыдатамі у прэзідэнты ад левай і правай апазіцыйных кааліцый дасягнуць будзе цяжка.
Між тым шэраг аналітыкаў адзначае: схема, паводле якой сфарміравана цяперашняя апазіцыйная кааліцыя, даказала сваю эфектыўнасць. Пастаўленая мэта - кансалідавацца і выбраць персаніфікаваную альтэрнатыву Лукашэнку - дасягнутая.
І гэтая кааліцыя мае ўсе шансы надоўга застацца палітычным суб'ектам. Асабліва калі апазіцыя нават пры сваёй паразе на выбарах будзе выглядаць у вачах электарату сілай, што набірае папулярнасць.
Важна толькі, каб Мілінкевіч не знік з палітычнага жыцця, як Уладзімір Ганчарык пасля выбараў 2001 года. Ёсць вялікая верагоднасць, што гэтага не адбудзецца. На Мілінкевіча зрабіў сур'ёзную і доўгатэрміновую стаўку Захад. Гэты знешні фактар здольны ўтрымаць кааліцыю ад распаду.
Спрыяе яе захаванню і тое, што парламенцкія выбары ў Беларусі праходзяць не паводле партыйных спісаў, а па мажарытарнай сістэме. Гэта значыць, апазіцыйным партыям, якія складаюць касцяк гэтай кааліцыі, няма вялікай патрэбы пазіцыянаваць свае брэнды і раскручваць іх паасобку.