Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Хронiка
 
Аналітыка

ПРА ЕЎРАПЕЙСКІ ТРЫУМФ МІЛІНКЕВІЧА МАСА АМАЛЬ НЕ ВЕДАЕ


2006-02-22

Аўтар: Андрэй ФЁДАРАЎ, палітолаг

Канешне, магчымасці кандыдатаў абсалютна несупастаўныя. Практычна нічым у гэтым плане не можа пахваліцца Сяргей Гайдукевіч. Да гэтага часу ні адна замежная арганізацыя, ні адзін больш-менш прыкметны палітычны дзеяч не выказалі да яго свайго пазітыўнага стаўлення, і вельмі малая верагоднасць, што такое адбудзецца ў далейшым. Гэта не дзіўна, паколькі невыразная сама фігура.

Ненашмат больш увагі атрымаў пакуль і Аляксандр Казулін. Адзінае, што можна прыгадаць, - гэта кампліменты ў яго адрас з вуснаў калегі па сацыял-дэмакратычным руху, прэм'ер-міністра Літвы Альгірдаса Бразаўскаса (за што, дарэчы, той быў жорстка раскрытыкаваны ў сваёй краіне).

Чакаць прыкметнага паляпшэння сітуацыі ў выпадку з Казуліным таксама не даводзіцца. Сацыял-дэмакраты ў іншых еўрапейскіх краінах, як уяўляецца, памятаюць пра яго ролю ў не надта прыгожай гісторыі з расколам партыі "Народная грамада" Мікалая Статкевіча.

На гэтым фоне асабліва моцна выглядае палітычнае садзеянне з боку Захаду адзінаму кандыдату ад дэмакратычных сіл Аляксандру Мілінкевічу. Яго сустрэчы з кіраўнікамі шэрагу дзяржаў і кіраўніцтвам Еўрапейскага саюза ўстанавілі, здаецца, максімальна высокую планку міжнароднай салідарнасці з беларускай апазіцыяй.

Знешнепалітычныя рэсурсы дзейнай улады засяроджаныя амаль выключна на Усходзе. Узровень, з якога адтуль даносяцца дыфірамбы беларускаму лідэру і створанай ім сістэме, дастаткова значны, хаця, канешне, не супастаўны з узроўнем сустрэч галоўнага апазіцыйнага прэтэндэнта.

Так, нядаўна Мінск наведаў былы спікер Дзяржаўнай думы Генадзь Селязнёў. Паводле яго слоў, "асноўныя палітычныя сілы Расіі зацікаўлены ў тым, каб прэзідэнтам Беларусі заставаўся Аляксандр Лукашэнка". Акрамя таго, як заявіў, са свайго боку, кіраўнік Палаты прадстаўнікоў беларускага парламента Уладзімір Канаплёў, іншыя думскія дэпутаты таксама маюць намер напярэдадні выбараў прыехаць у Беларусь, каб "выступіць перад працоўнымі калектывамі ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі".

Нядаўна сюды наведаўся і вядомы расійскі паліттэхнолаг Глеб Паўлоўскі, які без залішняй сціпласці заўважыў: "Дапамагчы альтэрнатыўным кандыдатам не здолею нават я". Прагучала некалькі анекдатычна, бо ўсе памятаюць правал гэтага спецыяліста падчас "аранжавай рэвалюцыі" ва Украіне, дзе ён піярыў саперніка Юшчанкі.

Беларускія дзяржаўныя СМІ старанна тыражуюць любыя, нават мімаходзь кінутыя выказванні расійскіх дзеячаў у падтрымку цяперашняй беларускай улады. Напрыклад, шматразовым рэхам паўтарылі фразу Мікалая Бардзюжы, генеральнага сакратара Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы: у Беларусі няма перадумоў для якіх бы там ні было рэвалюцый.

Электарат таксама шырока праінфармавалі аб тым, што ў Мюнхене, на буйной канферэнцыі па бяспецы, міністр абароны Расіі Сяргей Іваноў назваў Аляксандра Лукашэнку самым папулярным палітыкам у краіне і выказаў перакананне ў яго перамозе. Пры гэтым прапагандыстаў не збянтэжыла фраза Іванова: "Мы не дазволім хваляванняў". Што, наогул кажучы, вельмі нагадвае ўмяшанне ва ўнутраныя справы іншай дзяржавы.

Але калі галасы ў падтрымку Лукашэнкі гучаць толькі з Масквы, атрымліваецца занадта ўжо аднабока.

Каб выправіць перакос, тутэйшае тэлебачанне зрабіла цыкл перадач пад назвай "Беларусь. Погляд звонку". У іх слова даецца адшуканым на Захадзе, як правіла, малавядомым асобам, якія хваляць тутэйшыя дасягненні і кляймуюць "ворагаў беларускага народа".

Выглядае ўсе гэта надзвычай аднастайна і ўбога, аднак можна меркаваць, што ва ўмовах інфармацыйнага вакуума і такая прапаганда дае пэўны плён.

Паколькі пра еўрапейскі трыумф Мілінкевіча маса амаль не ведае, адбываецца свайго роду інверсія, гэта значыць у насельніцтва ствараецца цалкам няправільнае ўражанне аб сітуацыі са знешняй падтрымкай кандыдатаў.

Гэта яшчэ раз даказвае, што ў інтарэсах дэмакратычных сіл - найхутчэйшы прарыў інфармацыйнай блакады.