Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Хронiка
 
Аналітыка

КРЭМЛЬ ДАЕ ЗРАЗУМЕЦЬ ЗАХАДУ, ШТО МАЕ НАМЕР САМ "КУРЫРАВАЦЬ" БЕЛАРУСЬ


2006-02-16

Аўтар: Аляксандр КЛАСКОЎСКІ, аналітык

"Калі ўзнікнуць грамадскія хваляванні - будзем рэагаваць адмоўна, але павінны зрабіць усё, каб гэтага не адбылося", - так Сяргей Іваноў пракаментаваў 5 лютага пазіцыю Масквы адносна беларускіх выбараў, адказваючы на пытанні падчас 42-й канферэнцыі па бяспецы ў Мюнхене.

Красамоўная яшчэ адна яго рэпліка: "Якім бы вы ні хацелі бачыць дэмакратычнае галасаванне - там пераможа Лукашэнка". Логіка своеасаблівая: атрымліваецца, калі ў дзейнага прэзідэнта высокі рэйтынг, то дэмакратычныя "празмернасці" нібыта ўжо і без патрэбы. Тады, магчыма, і выбары распачынаць не варта?

Нацыянальна свядомая беларуская апазіцыя абурылася: бачыце, імперская Масква гатова задушыць беларускую рэвалюцыі танкамі!

Урэшце, эксперты схільныя лічыць, што выказванні Іванова - не больш чым ваяўнічая рыторыка.

Па-першае, невядома, ці будуць наогул якія вулічныя хваляванні. Па-другое, у беларускага рэжыму свой магутны сілавы кулак (да таго ж у такіх выпадках запатрабаваныя добра навучаныя паліцэйскія сілы, а не танкі Таманскай дывізіі). Па-трэцяе, Масква напэўна не захоча пэцкаць сваю рэпутацыю новай інтэрвенцыяй, тым больш - у год старшынства ў "вялікай васьмёрцы". Дый Аляксандру Лукашэнку такая мядзвежая паслуга не патрэбная.

Месэдж Іванова адрасаваны найперш Захаду. Бо ён віртуальна заклінае Расію: паспрыяйце справе беларускай дэмакратыі! Вось паплечнік Пуціна (да таго ж імаверны пераемнік) і даў зразумець: не май ілюзій, Беларусь - наша зона ўплыву, і распачынаць тут "каляровыя рэвалюцыі" мы не дазволім!

Прынамсі, яшчэ больш шчырым быў Сяргей Іваноў у інтэр'вю "Frankfurter Allgemeine Zeitung", якое даў, мяркуючы па ўсім, падчас гэтай жа паездкі ў Германію.

У прыватнасці, таннасць газу для Мінска ён патлумачыў тым, што "Расія з'яўляецца ўласнікам транспартнай сістэмы ў Беларусі". Іваноў крыху перабольшваў. Пакуль расійскай уласнасцю з'яўляецца толькі ўчастак магістральнага газаправода "Ямал - Еўропа".

Магчыма, у Маскве перакананыя, што і "Белтрансгаз" у іх ужо ў кішэні? Але яшчэ вялікае пытанне, ці згодны з гэтым Лукашэнка. Нядаўна ў праграмным тэлеінтэрв'ю ён ізноў пацвердзіў, што разбазарваць народны набытак не збіраецца.

Са свайго боку Іваноў у Мюнхене даў зразумець, што і для грамадзян Беларусі газ з наступнага года падаражэе. Наколькі - гэта, бадай, будзе залежаць ад ступені падатлівасці Мінска ў пытаннях уласнасці (гаворка ідзе пра "Белтрансгаз" і іншыя прывабныя для расійскага боку прадпрыемствы).

На гэтай глебе, на думку шэрагу экспертаў, магчыма абвастрэнне адносінаў паміж Лукашэнкам і Крамлём пасля выбараў. Тым больш што ў расійскага кіраўніцтва назапашана дастаткова раздражненасці і ў сувязі з непадатлівасцю Мінска ў пытаннях "саюзнага будаўніцтва".

Вось і ў згаданым інтэрв'ю нямецкай газеце безапеляцыйна прагучала: "Беларусы і рускія ў прынцыпе адзіны народ. І мы ствараем саюзную дзяржаву, не вельмі хутка, але мэта застаецца".

Такія заявы заўсёды балюча ўспрымаюцца апазіцыйнымі адэптамі беларускай незалежнасці, якія адчуваюць тут імперскі дух і жаданне плаўна ператварыць інтэграцыю ў інкарпарацыю. Ды і Лукашэнка апошнімі гадамі ўсё больш выразна дае зразумець, што не схільны разменьваць самаўладдзе ў асобна ўзятай краіне на пернікі аб'яднання.

Маскоўскія назіральнікі ўпэўнены, што мюнхенскія заявы Сяргея Іванова, якія далёка выходзяць за межы кампетэнцыі міністра-сілавіка, маглі быць зроблены толькі са згоды Пуціна. І калі яго пецярбургскі сябар Іваноў сапраўды будзе новым гаспадаром Крамля, то можна прагназаваць сур'ёзныя калізіі ў беларуска-расійскіх адносінах. Прычым як пры ўладзе Лукашэнкі, гэтак і ў выпадку перамогі дэмакратычнай альтэрнатывы. Таму што Сяргей Іваноў дакладна дэкларуе новую дактрыну Расіі, згодна з якой адрадзіць яе геапалітычны ўплыў дапаможа "газавая зброя". Гэта значыць, важная роля ў пастаўках энерганосьбітаў.

Нядаўна мы ўжо бачылі гэтую дактрыну ў дзеянні - на ўкраінскім кірунку. Праўда, досвед аказаўся не занадта ўдалым. Але гэта не гарантыя, што Беларусь зможа пазбегнуць такой перспектывы.

З іншага боку, у словах Іванова пры жаданні можна ўбачыць і нейкую завуаляваную санкцыю на жорсткае падаўленне беларускімі ўладамі гіпатэтычных хваляванняў па выніках выбараў. Узяла ж Масква пад сваё крыло, прычым дэманстрацыйна, узбекскага прэзідэнта Карымава пасля крывавых падзей у Андыжане.