Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Хронiка
 
Аналітыка

ЗАХАД І БЕЛАРУСКАЕ ГРАМАДСТВА ЎБАЧЫЛІ АЛЬТЭРНАТЫВУ


2006-02-15

Аўтар: Валер КАРБАЛЕВІЧ, эксперт аналітычнага цэнтра "Стратэгія"

Безумоўна, Захад і раней падтрымліваў беларускую апазіцыю, але гэта было несупастаўна з дапамогай, якую аказвалі ЗША і Еўропа грамадзянскай супольнасці іншых постсавецкіх дзяржаў. Падтрымка была больш маральнай, чым рэальнай. Часам у ёй прысутнічаў нейкі элемент імітацыі - як, напрыклад, у выпадку з беларускай праграмай радыёстанцыі "Нямецкая хваля".

Бадай, адной з прычын было тое, што на Захадзе не бачылі перспектыў дэмакратызацыі Беларусі, не заўважалі тут сіл, здольных яе ажыццявіць.

Але цяпер, перад выбарамі, сітуацыя змянілася. І рэакцыя Захаду не прымусіла сябе чакаць. За кароткі час лідэр аб'яднанай апазіцыі Мілінкевіч сустрэўся з прэзідэнтамі Літвы, Польшчы (плюс выступіў у польскім Сейме), з канцлерам ФРГ, міністрамі замежных спраў Францыі (плюс выступіў у французскім парламенце), Украіны, выступіў з прамовай у Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы.

Кульмінацыяй дыпламатычнага прарыву можна лічыць паездку лідэраў апазіцыі на чале з адзіным кандыдатам у Брусель, сустрэчы са старшынёй Еўракамісіі Жазэ Мануэлем Барозу, вярхоўным прадстаўніком Еўрасаюза па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Хаўерам Саланам, камісарам ЕС па знешняй палітыцы і еўрапейскай палітыцы добрасуседства Бенітай Ферэра-Вальднер, спікерам Еўрапарламента Хасэпам Барэлем, міністрамі замежных спраў усіх краін ЕС. Апрача таго, Мілінкевіч выступіў перад Еўрапарламентам. Больш высокі ўзровень прыёму ў ЕС цяжка ўявіць.

Зразумела, што падтрымка пакуль - чыста палітычная. Яна не трансфармавалася ў рэальны ўплыў на беларускае грамадства, не ператварылася ў фактар сілы апазіцыі. Але сама тэндэнцыя змянення стаўлення ЕС да Беларусі паказальная.

Такая дэманстрацыя салідарнасці з беларускай дэмакратыяй тым больш здзіўляе і ўражвае, што суадносіны сіл у краіне не змяніліся на карысць апазіцыі. Згодна з незалежнымі сацыялагічнымі даследаваннямі, рэйтынг Лукашэнкі перавышае 50%. Большасць экспертаў і палітыкаў прадказваюць чарговую перамогу дзейнаму прэзідэнту, гавораць аб нязначных шанцах апазіцыі.

Чаму ж прагматычныя еўрапейскія палітыкі ўвязаліся ў кампанію, якая можа не даць хуткай аддачы?

Прычын некалькі. Перш за ўсё, за апошнія гады ўдзельная вага беларускага пытання ў еўрапейскай палітыцы, наогул палітыцы Захаду істотна ўзрасла. Рэжым "дапёк" палітычную эліту Еўропы і ЗША сваёй агрэсіўна-ваяўнічай антызаходняй рыторыкай, таталітарнымі тэндэнцыямі ўнутры краіны. І настае момант, калі колькасныя змяненні пераходзяць у якасныя.

Па-другое, Еўропу натхніў прыклад паспяховых "каляровых рэвалюцый", што пракаціліся па краінах СНД.

Па-трэцяе, і гэта асабліва важна, Захад убачыў у Беларусі рэальную альтэрнатыву цяперашняй уладзе. У 2001 годзе адзіны кандыдат ад апазіцыйнай кааліцыі з'явіўся толькі за месяц да выбараў. За гэты кароткі час арганізаваць яму міжнародную падтрымку было немагчыма.

Цяпер апазіцыя аб'ядналася задоўга да выбараў, здолела распрацаваць сумесны праект, паспяхова давяла яго да Кангрэса дэмакратычных сіл, на якім і быў абраны адзіны кандыдат. Дастаткова высокая ступень самаарганізацыі апазіцыі - вось што прымусіла еўрапейскія сталіцы сур'ёзна паставіцца да патэнцыяльных магчымасцей апанентаў цяперашніх уладаў. З'явілася яснасць у пытанні аб тым, з кім размаўляць аб дапамозе беларускай дэмакратыі не толькі сёння, але і ў перспектыве.

Рэакцыяй на трыумфальнае турнэ па Еўропе прадстаўнікоў апазіцыі на чале з Мілінкевічам стала заява віцэ-прэм'ера і міністра абароны Расіі Сяргея Іванова аб гатоўнасці яго краіны не дапусціць беспарадкаў у Беларусі. Рэакцыя - яўна неадэкватная. Голас беларускай апазіцыі, адбіўшыся ад еўрапейскага экрана, дакаціўся да Масквы палохаючым рэхам. І там уздрыгнулі.

Лукашэнка раней за еўрапейцаў убачыў у аб'яднанай апазіцыі сур'ёзную сілу і заслужана ацаніў яе. Сведчаннем стаў перанос прэзідэнцкіх выбараў на раннюю вясну.

Самае дзіўнае, што альтэрнатыву ў асобе Мілінкевіча і палітычных сіл, што стаяць за ім, убачыла і грамадства. Рэйтынгу 25% пры закрытым пытанні і 17% пры адкрытым пытанні за два месяцы да выбараў, бадай, не меў ніводзін апазіцыйны палітык за апошнія дзесяць гадоў. І гэта прытым, што на беларускіх тэлеканалах уведзена табу на ўзгадванне прозвішчаў кандыдатаў у прэзідэнты, якія з'яўляюцца апанентамі Лукашэнку. Яшчэ больш цікава, што самыя масавыя недзяржаўныя газеты "Народная воля" і "Комсомольская правда" в Белоруссии", згодна з маніторынгам Беларускай асацыяцыі журналістаў, больш "піярылі" Аляксандра Казуліна. Аднак рэйтынг апошняга пры закрытым пытанні склаў толькі 3%. (Усе звесткі - балтыйскага аддзялення Інстытута Гэлапа.)

Між іншым, Аляксандр Казулін, відаць, каб змяніць электаральны трэнд, звяртаецца не да самага тонкага прыёму. Апошнім часам ён пераарыентаваў вастрыё сваёй барацьбы. Былы рэктар БДУ крытыкуе ўжо не столькі Лукашэнку, колькі апазіцыю. Тым самым аб'ектыўна ён пачаў размазваць у грамадскай свядомасці ідэю альтэрнатывы, імітаваць нейкую трэцюю сілу.

Але ў гэтай нішы месца даўно занятае. Два Гайдукевічы ў адной краіне - пэўна ж перабор.