ПАРТЫІ ПАКАЗАЛІ СВОЙ ПАТЭНЦЫЯЛ
2006-02-09
Аўтар: Валер КАРБАЛЕВІЧ, палітолаг
Галоўная інтрыга цяперашняга збору подпісаў палягала ў тым, наколькі ўдасца разгарнуцца апанентам улады. Пытанне стаяла нават шырэй: ці магчымая яшчэ ў Беларусі легальная палітычная барацьба ў выглядзе масавай камунікацыі апазіцыі з насельніцтвам? Мінулы месяц паказаў: пакуль што - магчымая.
Яшчэ больш, цяпер каманды двух апазіцыйных кандыдатаў (Гайдукевіча будзем лічыць асаблівым выпадкам), якія пераадолелі стотысячны рубеж, сабралі больш подпісаў, чым пяць гадоў таму. У 2001 годзе ў падтрымку Домаша падпісалася 161 тысяча, а за Ганчарыка - 123 тысячы чалавек. На гэты раз каманда Мілінкевіча здала, паводле звестак ЦВК, больш за 198 тысяч, а штаб Казуліна - 158 тысяч подпісаў.
Калі ўлічыць, што палітычныя ўмовы ў краіне за пяць гадоў значна пагоршыліся, маштаб рэпрэсій шматразова павялічыўся, то такія вынікі можна лічыць значным поспехам. Важна тое, што, у адрозненне ад 2001 года, цяпер апазіцыйныя сілы не распыліліся на дзесятак кандыдатаў, а аказаліся больш сканцэнтраванымі, аб'яднаўшыся пераважна вакол двух палітыкаў, якія, уласна, таму і пераадолелі даволі лёгка стотысячную мяжу.
І яшчэ адна важная выснова. На працягу ўсяго мінулага года, калі ў атачэнні Лукашэнкавых апанентаў ішлі ажыўленыя дыскусіі наконт стратэгіі і тактыкі на выбарах, шэраг палітыкаў і экспертаў вельмі пагардліва выказваліся аб апазіцыйных партыях. Маўляў, не маюць народнай падтрымкі, дыскрэдытавалі дэмакратычную ідэю, таму патрэбныя новыя лідэры і структуры. Пэўныя палітыкі на гэтым фоне прэзентавалі сябе як "трэцюю сілу", ратавальнікаў дэмакратычнай справы.
Вынікі збору подпісаў паказалі: як і пяць гадоў таму, у гэтай краіне калі і ёсць нешта жывое, гатовае да арганізаванага палітычнага супраціву, дык гэта якраз тыя самыя шмат разоў заклеймаваныя апазіцыйныя партыі.
Аб'яднанне большасці апазіцыі вакол фігуры Мілінкевіча дазволіла гэтаму палітыку набраць някепскі разгон і не толькі сабраць амаль 200 тыс. подпісаў, але і дасягнуць закрытага рэйтынгу 25% у сярэдзіне студзеня (звесткі балтыйскага аддзялення Інстытута Гэлапа). Пэўны палітычны поспех Казуліна таксама абумоўлены тым, што ён знайшоў апірышча ў выглядзе сацыял-дэмакратычнай партыі.
І наадварот, тыя палітыкі, якія спрабавалі знайсці падтрымку па-за апазіцыйнымі партыямі (Аляксандр Вайтовіч, Валерый Фралоў), вымушаны былі выйсці з барацьбы. Усе шматлікія спробы стварыць нешта новае, нейкую трэцюю сілу, закончыліся крахам.
Не атрымаў лаўраў і ветэран беларускай палітыкі Зянон Пазьняк. Гэта ўжо яго трэція прэзідэнцкія выбары. Удзел апазіцыі ў мінулых выбарах у Палату прадстаўнікоў ён аб'явіў здрадай, бо гэта нібыта дапамагло легітымаваць рэжым. Чаму ўдзел апанентаў у парламенцкіх выбарах легітымуе цяперашнюю ўладу, а ў прэзідэнцкіх - не, усвядоміць дастаткова цяжка.
Нагадаю: у 2001 годзе каманда Пазьняка не змогла сабраць неабходныя 100 тысяч подпісаў. Уключыўшыся ў сёлетнюю выбарчую кампанію, лідэр КХП БНФ з самага пачатку заявіў, што не збіраецца змагацца "па правілах рэжыму", а ставіць задачу з дапамогай праекта "Народнае галасаванне" (выбаршчык павінен знесці з сабой бюлетэнь) сарваць "фарс", перашкодзіць фальсіфікацыям і тым самым дэлегітымаваць Лукашэнкаву перамогу.
У гэтай сувязі рашэнне не здаваць у Цэнтрвыбаркам сабраныя 130 тысяч подпісаў (такую лічбу называе сам кіраўнік КХП БНФ) выглядае дзіўным. Пакінем у баку пытанне аб тым, як растлумачыць людзям, каторыя збіралі подпісы ды падпісваліся ў падтрымку Пазьняка, што іх намаганні марныя. Але нават з пункту гледжання дасягнення таго выніку, які абвяшчаецца праектам "Народнае галасаванне", далейшы паўнавартасны ўдзел Пазьняка ў кампаніі быў бы больш эфектыўны. Партыя атрымала б дзяржаўныя грошы для агітацыі за свайго лідэра, а таксама легальную магчымасць стасункаў з электаратам. Палітык-эмігрант мог бы вярнуцца ў краіну, непасрэдна ўзначаліць барацьбу, атрымаў бы магчымасць выступіць па дзяржаўнаму радыё і тэлебачанні.
Пазьняк запэўнівае, што ўсё адно не быў бы зарэгістраваны, ЦВК пагражаў гэтым яго ініцыятыўнай групе. Але ёсць вялікая розніца, калі палітыка не рэгіструе ў якасці кандыдата ўлада, засцерагаючыся моцнага канкурэнта, і калі палітык сам, дабраахвотна саскоквае з набраўшага ход цягніка. У першым выпадку ўзнікае скандал, які заўсёды аб'ектыўна ўзвышае апальнага лідэра. У другім выпадку міжволі закрадаецца падазрэнне: або каманда не сабрала неабходнай колькасці подпісаў, або адшукваецца зручная зачэпка, каб не вяртацца ў Беларусь.
Мала хто сумняваецца, што рашэнне аб рэгістрацыі кандыдатаў будзе не прававым, а палітычным. Перад кіроўнай камандай узнікае цяжкая задача са многімі невядомымі, якія трэба падагнаць пад усім вядомы адказ.