Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Хронiка
 
Аналітыка

ДЗВЕ СЛАБЫЯ АЛЬТЭРНАТЫВЫ АБО АДНА МОЦНАЯ?


2006-02-08

Аўтар: Кірыл ПАЗНЯК, аглядальнік

Перамоўны працэс ініцыяваў Казулін. У лісце да Мілінкевіча ён выклаў пазіцыю партыі і сваю асабістую наконт выбарчай кампаніі: "Мы лічым, што ўлады аб'явілі і праводзяць выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з шэрагам грубых парушэнняў беларускага заканадаўства. Ігнаруюцца таксама міжнародныя нормы дэмакратыі і рэкамендацыі беларускім уладам з боку АБСЕ. Вынікі такіх выбараў напэўна будуць неадназначна ўспрыняты як у самой Беларусі, так і міжнароднай супольнасцю. Мы бярэм удзел у гэтых сумніўных выбарах толькі таму, што іншыя выбары пакуль у Беларусі не праводзяцца".

Мэта - "наблізіць аднаўленне дэмакратыі ў нашай краіне і змяніць настроі грамадзян". З такога разумення сённяшняй палітычнай сітуацыі, паводле слоў Казуліна, вынікае "лаяльнае стаўленне да ўсіх прадстаўнікоў беларускай дэмакратыі - удзельнікаў выбарчага марафону. Больш за тое, мы ўсведамляем неабходнасць каардынацыі і ўзаемадзеяння ўсіх дэмакратычных сіл у гэты вельмі адказны для лёсу Айчыны час".

Казулін прапанаваў Мілінкевічу перамовы па трох пытаннях. Гэта - "перспектыва зняцця кандыдатуры на карысць іншага ў выпадку нерэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты аднаго з нас для арганізацыі сумеснай выбарчай кампаніі дэмакратычных сіл", арганізацыя маштабнага назірання за выбарамі, аб'яднанне намаганняў падчас агітацыйнай кампаніі (гэта калі Мілінкевіч і Казулін ўсё-такі пойдуць на выбары дзвюма калонамі).

Для Казуліна ў выпадку нерэгістрацыі Мілінкевіча будзе вельмі важная яго падтрымка. У адваротным выпадку значная частка апазіцыйных сіл можа пайсці на байкот выбараў, а за лідэрам сацыял-дэмакратаў замацуюць ярлык "праекта Адміністрацыі прэзідэнта" (варыянт: "крэатуры расійскіх спецслужбаў").

Звяртае на сябе ўвагу тое, што ў прапанаваным Казуліным парадку дня перамоў адсутнічае тэма зняцця кандыдатуры аднаго з палітыкаў на карысць іншага пасля рэгістрацыі абодвух кандыдатамі ў прэзідэнты або да яе. Гэта лішні раз падкрэслівае, што верагоднасць такога развіцця падзей вельмі малая.

Мілінкевіч не раз заяўляў, што здымацца з выбараў не збіраецца. Аргументацыя зразумелая: вакол яго аб'ядналася вялікая частка апазіцыйных сіл, апрача таго, згодна са звесткамі незалежных сацапытанняў, ён самы рэйтынгавы апазіцыйны палітык, сабраў больш за ўсіх пасля Аляксандра Лукашэнкі подпісаў.

Са свайго боку, Казулін лічыць, што менавіта ён - найбольш перспектыўная альтэрнатыва дзейнаму прэзідэнту.

У гутарцы з аўтарам гэтых радкоў Уладзімір Нісцюк, намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), якую ўзначальвае Казулін, так пракаментаваў гэты ліст Мілінкевічу: "Адразу было зразумела, што працэдура збору подпісаў адсее ўсё віртуальнае ў беларускай апазіцыі. І зараз мы бачым, што засталіся Мілінкевіч, вакол якога аб'ядналіся моцныя структуры, і Казулін, за якім стаяць не менш сур'ёзныя сілы. Зараз ім патрэбна паспрабаваць знайсці агульную мову".

Размова ідзе аб дамоўленасцях па пералічаных у лісце пытаннях. Тое, што нехта з двух - Казулін або Мілінкевіч - пасля паспяховай рэгістрацыі здымецца на карысць іншага, Нісцюк на дадзены момант лічыць амаль неверагодным.

Пры гэтым ён зазначае, што гэта далёка не першая прапанова БСДП аб перамовах з астатняй апазіцыяй - папярэднія месіджы ігнараваліся: "Нас лічаць не партнёрамі, а палітычным інструментам".

Рашэнне аб рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты Цэнтрвыбаркам абвесціць у перыяд з 16 па 19 лютага, гэта значыць у палітыкаў ёсць яшчэ дэкада, каб дамовіцца да гэтай падзеі.

Задача-мінімум на перамовах ужо вырашана: каманды Мілінкевіча і Казуліна дамовіліся наконт карэктных узаемаадносінаў і супрацоўніцтва пры назіранні за ходам выбарчай кампаніі.

А вось у галоўным пытанні - аб магчымасці зняцця незарэгістраваным палітыкам сваёй кандыдатуры на карысць зарэгістраванага - перспектывы кампрамісу больш чым прывідныя.

Падчас перамоў члены штаба адзінага прэтэндэнта ад аб'яднанай апазіцыі заявілі, што ў выпадку дамоўленасці па схеме Казуліна ўлады атрымаюць магчымасць выбраць у сапернікі Лукашэнку больш зручную для яго фігуру. У адказ камандзе лідэра сацыял-дэмакратаў прапанавана яшчэ да рэгістрацыі дамовіцца аб тым, хто здымецца. А для гэтага спачатку вызначыць крытэрыі, па якіх будзе прынята такое рашэнне.

Штаб Мілінкевіча мае на ўвазе рэйтынг палітыкаў і колькасць сабраных подпісаў. А тут у яго перад Казуліным перавага.

На днях сам Мілінкевіч выклаў гэтыя прапановы ў лісце Казуліну, але той палічыў гэта за ультыматум. Дыялог зайшоў у тупік?

Між тым улады Беларусі, аказваецца, "садзейнічаюць толькі таму, каб у прэзідэнцкіх выбарах брала ўдзел найбольшая колькасць кандыдатаў". Пра гэта заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Канаплёў 31 студзеня на сустрэчы ў Мінску з дэлегацыяй рабочай групы Парламенцкай асамблеі АБСЕ па Беларусі на чале з Утай Цапф.

Аднак пры наяўнасці двух кандыдатаў ад апазіцыі будуць распылены не толькі галасы электарата, але і яго патэнцыял у плане вулічнай дэмакратыі.

Варта сказаць, у Мілінкевіча, у адрозненне ад Казуліна, дастаткова дакладны план на гэтыя выбары. Так, адзіны прэтэндэнт ад аб'яднанай апазіцыі гаворыць аб шанцах на перамогу, у тым ліку аб магчымых масавых пратэстах. Казулін жа аперыруе агульнымі разважаннямі аб каштоўнасцях дэмакратыі. Нібыта проста хоча шляхам балатавання ў прэзідэнты раскруціцца на перспектыву, калі перамога будзе больш рэальная.

Зразумела, што на ролю агульнанацыянальнага лідэра, альтэрнатыўнага Лукашэнку, нават у выпадку паражэння на выбарах-2006 будзе прэтэндаваць і Мілінкевіч. Гэта значыць абодва палітыкі працуюць не толькі на станоўчы вынік у цяперашняй выбарчай кампаніі, але і на перспектыву.

Зрэшты, вялікая верагоднасць, што Мілінкевіч і Казулін паўтораць лёс Уладзіміра Ганчарыка і Сямёна Домаша, якія пасля выбараў-2001 зніклі з палітычнага жыцця. Па-за сістэмнай палітыкай стаць сапраўдным лідэрам цяжка.