АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА ВЫЙГРАЎ РЭФЕРЭНДУМ. АПАЗІЦЫЯ АПЫНУЛАСЯ ПА-ЗА ПАРЛАМЕНТАМ

17 кастрычніка 2004 года ў Беларусі прайшлі выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і рэспубліканскі рэферэндум.

На іх, згодна са звесткамі Цэнтрвыбаркама, улада атрымала чарговую скрышальную перамогу. Ужо падчас першага тура былі абраныя 108 са 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Яшчэ па адным мандаце выдадзена ў выніку другога тура парламенцкіх выбараў (27 кастрычніка) і паўторных выбараў (20 сакавіка 2005 года). Прычым у парламент не прайшоў ніводзін прадстаўнік апазіцыйных палітычных партый.

Выбары ў Савет Рэспублікі праходзілі на безальтэрнатыўнай аснове. Усяго балатаваліся 56 кандыдатаў — і ўсе яны сталі членамі Савета Рэспублікі. Шэсць абласцей і сталіца Беларусі дэлегавалі ў верхнюю палату парламента па восем чалавек. Столькі ж складае прэзідэнцая квота.

Адначасова з першым турам парламенцкіх выбараў адбыўся і рэферэндум па пытанні аб праве Аляксандра Лукашэнкі зноў балатавацца ў прэзідэнты і аб адпаведным змяненні Канстытуцыі. Паводле звестак Цэнтрвыбаркама, дастатковая колькасць выбаршчыкаў выказалася за тое, каб Канстытуцыя была перапісана, а Лукашэнка змог браць удзел у прэзідэнцкіх выбарах 2006 года.

Апазіцыя заявіла, што не верыць у такі вынік выбараў і рэферэндуму. Яна абвінаваціла ўлады ў фальсіфікацыях і ў інтэнсіўнай агітацыі ў дзень выбараў, што забаронена выбарчым заканадаўствам. Вынікі двух праведзеных у дзень асноўнага галасавання экзіт-полаў (Балтыйскай службай інстытута Гэлапа і створаным незадоўга да выбарчай кампаніі «Экаомам») аказаліся кардынальна супрацьлеглымі. Большасць міжнародных арганізацый і назіральнікаў, перш за ўсё з заходніх краін, не прызналі афіцыйны вынік выбараў і рэферэндуму.

Нягледзячы на гэта, іх вынікі, абвешчаныя Цэнтрвыбаркамам, маюць фактычную і юрыдычную сілу ў Беларусі.