РЭФЕРЭНДУМ І ВЫБАРЫ Ў ЛЮСТЭРКУ САЦЫЯЛОГІІ
2004-12-03
Аўтар: Аляксандр САСНОЎ, кандыдат эканамічных навук
Тое, што на восеньскіх парламенцкіх выбарах трэба чакаць даволі высокай актыўнасці выбаршчыкаў, сведчылі даныя нацыянальнага апытання НІСЭПД, праведзенага ў чэрвені 2004 года. Тады пра свой намер узяць удзел у галасаванні заявілі 62,6% апытаных. Але сумяшчэнне з выбарамі канстытуцыйнага рэферэндуму яшчэ больш павысіла актыўнасць электарата. Так, паводле даных ЦВК, усяго ў галасаванні ўзяло ўдзел 90,28% выбаршчыкаў, унесеных у спісы для галасавання. Лічба падаецца настолькі неверагоднай, што памяць міжволі вяртае нас у савецкія часы. Аднак падобны да гэтага вынік (87,3%) быў атрыманы балтыйскім прадстаўніцтвам інстытута Гэллапа, якое вывучала пры дапамозе сацыялагічных метадаў паводзіны беларускага электарата на этапе папярэдняга галасавання і галасавання 17 кастрычніка. Даныя нашага лістападаўскага апытання таксама паказваюць досыць блізкі вынік - 82,7% (дыяграма 1). Такім чынам, яўка насамрэч была беспрэцэдэнтнай!

Дыяграма 1. Размеркаванне адказаў на пытанне "Ці ўдзельнічалі Вы ў выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і агульнанацыянальным рэферэндуме, што адбыліся 17 кастрычніка?"
Аднак, на наш погляд, даныя пра яўку, атрыманыя ў лістападаўскім (2004 г.) апытанні, крыху заніжаныя з-за фармулёўкі пытання: частка выбаршчыкаў, якія прагаласавалі датэрмінова, зусім справядліва адказала, што не ўдзельнічала ў галасаванні менавіта 17 кастрычніка. Значыць, за кошт гэтага крыху завышана колькасць выбаршчыкаў, якія адзначылі, што не ўдзельнічалі ў галасаванні (16,1%). Гэтае меркаванне пацвярджаюць адказы на пытанне аб часе галасавання, прадстаўленыя на дыяграме 2. Як можна заўважыць, асноўная частка выбаршчыкаў (61,8%) прагаласавала 17 кастрычніка. Яшчэ 21% прагаласавалі датэрмінова. І толькі 8,8% зазначылі, што наогул не ўдзельнічалі ў галасаванні (паводле даных ЦВК, у галасванні не ўдзельнічалі 9,6% выбаршчыкаў, унесеных у спісы).

Дыяграма 2. Размеркаванне адказаў на пытанне "Калі Вы ўдзельнічалі ў гэтых выбарах і рэферэндуме, то калі прагаласавалі?"
Асноўныя прычыны, з-за якіх каля 9% выбаршчыкаў не ўдзельнічалі ў галасаванні, прадстаўлены ў табліцы 1. Лёгка заўважыць, што іх галоўны аргумент - занятасць іншымі справамі. Сярод іх больш мужчын, чым жанчын, больш маладых, чым пажылых, з больш высокім узроўнем адуацыі, якія жывуць пераважна ў Мінску і вялікіх гарадах.
Табліца 1. Размеркаванне адказаў на пытанне "Калі Вы не ўдзельнічалі ў выбарах і рэферэндуме, то з якой прычыны?" (можна было даць больш чым адзін адказ)
Варыянт адказу | % |
Не змог трапіць на выбарчы ўчастак, бо быў заняты іншымі справамі | 6,1 |
Гэтыя выбары не былі свабоднымі і справядлівымі | 2,8 |
Дэпутаты ўсё роўна не будуць адстойваць мае інтарэсы | 2,0 |
Цяперашні парламент усё роўна нічога не вырашае | 2,0 |
Не давяраю ніводнаму з кандыдатаў | 1,6 |
Я падтрымаў байкот, аб'яўлены некаторымі апазіцыйнымі партыямі | 1,1 |
З іншай прычыны | 1,3 |
Прычыны, з-за якіх выбаршчыкі галасавалі датэрмінова, прадстаўлены ў табліцы 2. Як можна бачыць, трое з чатырох прагаласавалі датэрмінова ў сувязі з занятасцю 17 кастрычніка сваімі справамі. Асабліва шмат такіх адказаў атрымана ў сельскай мясцовасці наогул і Гомельскім рэгіёне ў прыватнасці. Астатнія выбаршчыкі, як вынікае з адказаў рэспандэнтаў, галасавалі датэрмінова па прымусу. Гэта прыкладна 375-380 тысяч чалавек! Большасць з іх - моладзь, з высокім узроўнем адукацыі, навучэнцы і працаўнікі дзяржаўнага сектара, якія жывуць у малых гарадах і сельскай мясцовасці.
Табліца 2. Размеркаванне адказаў на пытанне "Калі Вы прагаласавалі датэрмінова, то чаму?"
Варыянт адказу | % |
Мне было так зручней, бо 17 кастрычніка я быў заняты сваімі справамі | 14,9 |
Мяне прымусілі прагаласаваць датэрмінова (кіраўніцтва на працы, вучобе і г.д.) | 5,4 |
Не ўдзельнічаў ў галасаванні | 8,3 |
Няма адказу | 71,4 |
Рашэнне аб удзеле ў галасаванні большасць апытаных прынялі альбо задоўга да выбараў (56,2%), альбо напярэдадні выбараў (21,3%) (дыяграма 3). У дзень выбараў галасаваць вырашлі толькі 6% выбаршчыкаў. Можна сказаць, што абсалютная большасць збіраліся ўдзельнічаць у галасаванні зусім свядома і пераканана.

Дыяграма 3. Размеркаванне адказаў на пытанне "Калі Вы ўдзельнічалі ў выбарах і рэферэндуме, то калі прынялі аб гэтым рашэнне?"
На дыяграме 4 прадстаўлены адказы рэспандэнтаў на пытанне аб тым, як яны прагаласавалі на рэферэндуме. Як бачна, толькі 49% рэспандэнтаў галасавалі за прапанову А.Лукашэнкі змяніць Канстытуцыю такім чынам, каб адмяніць абмежаванне аднаму чалавеку займаць пасаду прэзідэнта не больш за два разы і прадаставіць яму асабіста магчымасць яшчэ раз абірацца на гэтую пасаду. Гэты вынік практычна супадае з тым, які быў атрыманы інстытутам Гэлапа (48,4%), і на 30,42% меншы за вынік, што быў абвешчаны ЦВК.
Дарэчы, як паказала апытанне, 57,7% выбаршчыкаў нічога не чулі пра даследаванні інстытута Гэлапа (чулі толькі 32,7%). Пры гэтым 28,6% лічаць, што гэтыя даныя больш адпавядаюць сапраўднасці (44,3% лічаць, што сапраўднасці больш адпавядаюць даныя ЦВК).

Дыяграма 4. Размеркаванне адказаў на пытанне "Скажыце, як Вы прагаласавалі на рэферэндуме, што прайшоў 17 кастрычніка?"
Амаль 85% выбаршчыкаў зазначылі, што на іх не аказвалася ніякага ціску пры выбары, як галасаваць на рэферэндуме - "за" ці "супраць". Аднак 5% адзначылі, што такі ціск на іх аказваўся. Гэта прыкладна 350 тысяч чалавек, сярод якіх пераважаюць асобы ва ўзросце 30-40 гадоў, работнікі дзяржсектара, а таксама грамадзяне, якія жывуць у Гродзенскім і Брэсцкім рэгіёнах, у малых гарадах і асабліва ў сельскай мясцовасці.
Гэтыя і іншыя парушэнні, адзначаныя міжнароднымі і незалежнымі назіральнікамі, цалкам натуральна, не даюць сусветнай супольнасці прызнаць беларускія выбары і рэферэндум свабоднымі і справядлівымі. Інакш кажучы, "элегантная перамога" пры блізкім разглядзе не здаецца такой ужо элегантнай.
Матэрыял падрыхтаваны па выніках нацыянальнага апытання грамадскай думкі, праведзенага Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў у лістападзе 2004 г. Усяго метадам face-to-face interview быў апытаны 1521 алавек ва ўзросце 18 гадоў і больш, гранічная памылка рэпрэзентатыўнасці не перавышала 0,03.