БЕЛАРУСКАЯ ЭЛІТА І БУДУЧЫЯ ПАРЛАМЕНЦКІЯ ВЫБАРЫ
2004-06-10
Аўтар: Алег МАНАЕЎ, НІСЭПД
Многія палітычныя сілы - і ў структурах улады, і партыі - ужо праводзяць актыўную падрыхтоўку да запланаваных на 17 кастрычніка 2004 года выбараў у Нацыянальны сход Беларусі. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў актыўна працуюць у сваіх акругах, апазіцыя складае адзіныя спісы кандыдатаў і імкнецца працаваць з электаратам, рыхтуецца па-свойму і выканаўчая ўлада. А якая думка пра будучыя выбары ў эліты?
Эксперты і лідэры такіх меркаванняў ускладаюць на парламенцкія выбары больш спадзеваў, чым электарат (тут і далей - параўнанне са звесткамі агульнанацыянальнага апытання, праведзенага НІСЭПД у красавіку 2004 года). 93% апытаных, у тым ліку 87% у дзяржаўным сектары, мяркуюць, што гэтыя выбары не будуць свабоднымі і справядлівымі (сярод электарату ў цэлым так мяркуюць 45,1%), а 89%, у тым ліку 83% па дзяржсектары, - што афіцыйныя вынікі выбараў не будуць адпавядаць фактычным вынікам галасавання. Разам з тым абсалютная большасць прадстаўнікоў эліты (84%, у тым ліку 77% па дзяржсектары) адмоўна ставіцца да байкоту выбараў, да якога заклікаюць некаторыя дзеячы апазіцыі. Таму збіраюцца браць удзел у гэтых выбарах 73% рэспандэнтаў (64,2% па ўсім электараце). За каго ж гатова галасаваць беларуская эліта?
Табліца 1. Палітычныя прыхільнасці эліты і электарату, %
За кандыдата якой партыі або блока Вы прагаласавалі б на выбарах у Палату прадстаўнікоў? | Электарат* | Лідэры і эксперты |
Прагаласавалі б | Не сталі б галасаваць |
Усе апытаныя | Работнікі дзяржсектара | Работнікі недзяржсектара | Усе апытаныя | Работнікі дзяржсектара | Работнікі недзяржсектара |
Ад "Народнай кааліцыі 5+" | 7,0 | 77 | 67 | 87 | 3 | 3 | 3 |
Ад дэпутацкай групы "Рэспубліка" | -** | 61 | 63 | 59 | 10 | 7 | 12 |
Ад "Еўрапейскай кааліцыі "Свабодная Беларусь" | 3,5 | 47 | 50 | 44 | 13 | 7 | 19 |
За незалежнага кандыдата | 25,6 | 45 | 43 | 47 | 10 | 3 | 16 |
Ад руху "За перамены!" | 1,9 | 32 | 33 | 31 | 10 | 3 | 16 |
Ад блока "Маладая Беларусь" | 1,0 | 24 | 17 | 31 | 23 | 17 | 28 |
Ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі | 5,2 | 8 | 7 | 9 | 63 | 70 | 56 |
За кандыдата, які падтрымлівае А.Лукашэнку | 21,2 | 7 | 13 | - | 76 | 73 | 78 |
За іншага кандыдата | 4,0 | 23 | 23 | 23 | 18 | 7 | 28 |
* У першым слупку прыводзяцца вынікі сакавіцкага апытання грамадскае думкі (апытана 1.480 чалавек ва ўзросце ад 18 гадоў). Табліца чытаецца па вертыкалі.
** У апытанні электарату гэтая опцыя адсутнічала. Опцыі "Ні за аднаго з іх" і "Цяжка адказаць/не адказаў" выключаны.
Хоць прамое супастаўленне вынікаў апытання электарату і эліты (табліца 1) ускладняецца з-за адрознення ў фармулёўках (у апытанні электарату рэспандэнты маглі даць толькі адзін адказ на гэтае пытанне, а ў апытанні эліты - некалькі), і парадак лічбаў, і іх іерархія не могуць не трывожыць. Так, калі безумоўнымі лідэрамі ў прыхільнасцях эліты з'яўляюцца кандыдаты ад "Народнай кааліцыі 5+" і дэпутацкай групы "Рэспубліка", а безумоўнымі аўтсайдэрамі - кандыдаты, якія падтрымліваюць А.Лукашэнку, і ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі, то лідэрамі ў прыхільнасцях электарату з'яўляюцца незалежныя кандыдаты і кандыдаты, якія падтрымліваюць А.Лукашэнку, якім намнога саступаюць кандыдаты ад дэмакратычных структур. Гэта азначае, што дэмакратычныя сілы ў працэсе падрыхтоўкі да парламенцкіх выбараў даволі блізка падышлі да настрояў і інтарэсаў эліты (у тым ліку і з дзяржсектара), але па-ранейшаму "надта далёкія ад народа". Вядома, галасы выбаршчыкаў з эліты не могуць прыкметна паўплываць на вынікі галасавання, бо складаюць толькі мізэрную частку ўсяго беларускага электарату. Але на саму выбарчую кампанію - фарміраванне выбарчых камісій, танальнасць выступленняў у мас-медыа, падлік галасоў і інш. - пазіцыя эліты, перадусім з дзяржструктур, пэўным чынам паўплываць можа. Спадзяванні на тое, што сумленнасці і справядлівасці на ўсіх этапах выбарчай кампаніі можна будзе дамагчыся праз прысутнасць міжнародных назіральнікаў (ад АБСЕ, Савета Еўропы і да т.п.), вельмі ілюзорныя. Па-першае, таму, што іх могуць запрасіць усяго на некалькі дзён да выбараў (як гэта было на прэзідэнцкіх выбарах 2001 года) або не запрасіць наогул (як гэта было на мясцовых выбарах 2003 года). Па-другое, таму, што, як паказвае досвед, нават непрызнанне гэтых выбараў сумленнымі і справядлівымі істотна не паўплывае на палітыку беларускіх уладаў. Так, дарэчы, мяркуе і большая частка апытаных (табл. 2).
Табліца 2. Размеркаванне адказаў на пытанне "На Ваш погляд, прысутнасць міжнародных назіральнікаў (ад АБСЕ, Савета Еўропы і да г. д.) на парламенцкіх выбарах 2004 г. паўплывае на іх вынікі альбо не?", %
Варыянт адказу | Усе апытаныя | Работнікі дзяржсектара | Работнікі недзяржсектара |
Не паўплывае ў любым выпадку | 57 | 60 | 53 |
Паўплывае, калі яны прыедуць за 2-3 месяцы і будуць назіраць за ўсімі этапамі выбарчай кампаніі | 29 | 17 | 41 |
Паўплывае ў любым выпадку | 11 | 20 | 3 |
Таму дэмакратычным сілам, якія рыхтуюцца да восеньскіх выбараў, варта больш актыўна наладжваць кантакты і ўзаемапаразуменне не толькі з даступнымі групамі электарату, але і з даступнымі прадстаўнікамі кіраўнічай эліты.
Не менш важным паказчыкам настрояў і інтарэсаў эліты з'яўляецца яе "палітычнае нецярплівасць і аптымізм". Аб "нецярплівасці" можна меркаваць па тым, наколькі эліта гатова да радыкальных пераменаў. На пытанне "На Ваш погляд, ці патрэбны ў Беларусі палітычныя перамены? Ацаніце, калі ласка, па дзесяцібальнай шкале, дзе 1 - "палітычныя перамены не патрэбны", 10 - "патрэбны радыкальная палітычныя перамены" сярэдні бал па ўсіх апытаных склаў 9,3, па дзяржсектары- 8,6. Аб "аптымізме" можна меркаваць па тым, як эліта ацэньвае гатоўнасць грамадства да пераменаў. У свой час, аналізуючы вынікі выбарчых кампаній 2000 - 2001 гг., мы зазначалі, што беларуская эліта недаацэньвае гатоўнасць электарату галасаваць за перамены. "Спіраль маўчання", г.зн. пераацэнка падтрымкі грамадствам цяперашняга курсу сярод эліты была б больш выражанай, чым сярод электарату. Цяпер карціна выглядае інакш (табл. 3).
Табліца 3. Размеркаванне адказаў на пытанне "За каго, на Ваш погляд, прагаласуе большасць выбаршчыкаў на парламенцкіх выбарах?", %
Варыянт адказу | Усе апытаныя | Работнікі дзяржсектара | Работнікі недзяржсектара |
За кандыдата - праціўніка А.Лукашэнкі | 63 | 73 | 53 |
За кандыдата - прыхільніка А.Лукашэнкі | 26 | 24 | 28 |
За іншага кандыдата | 8 | 3 | 13 |
Як відаць, сёння прадстаўнікі эліты, найперш з дзяржсектара, вельмі аптымістычна ацэньваюць гатоўнасць электарату галасаваць за перамены. Добра вядома, што гатоўнасць эліты, перш за ўсё кіраўнічай, падтрымаць радыкальныя перамены рэзка ўзрастае, калі яна лічыць, што "такая воля народа". Мы далёкія ад таго, каб пераацэньваць гатоўнасць да такіх пераменаў, як сярод беларускай эліты, гэтак і сярод грамадства ў цэлым. Але дынаміка гэтых працэсаў, безумоўна, станоўчая. І падрыхтоўка да парламенцкіх выбараў дае рэальныя шанцы на тое, каб іх паскорыць.
* Матэрыял падрыхтаваны на аснове звестак апытання лідэраў грамадскай думкі і экспертаў, праведзенага Незалежным інстытутам сацыяльна-палітычных і эканамічных даследаванняў у маі 2004 года. Усяго было апытана звыш 60 полісімейкераў, прадстаўнікоў СМІ, навукоўцаў і бізнесменаў, якія прыкладна пароўну прадстаўляюць дзяржаўны і недзяржаўны сектар.