Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў Нацыянальны сход i рэферэндум 2004 года
 
Маніторынг

МІКАЛАЙ ЛАЗАВІК: "СУР'ЁЗНЫЯ ПРЭТЭНЗІІ ДА ПРАЦЫ АКРУГОВЫХ КАМІСІЙ АДСУТНІЧАЮЦЬ" ("Звязда")


2004-09-28

Аўтар: "Звязда"

У найбольшай ступенi колькасць кандыдатаў у дэпутаты павялiчылася ў Мiнску i Гомельскай вобласцi. Цэнтрвыбаркам задаволiў адпаведна 12 i 11 скаргаў прэтэндэнтаў, што балатуюцца па гэтых рэгiёнах. У той жа час па Вiцебскай i Гродзенскай абласцях было задаволена толькi па адной скарзе. У Брэсцкай вобласцi колькасць кандыдатаў павялiчылася на 4 чалавекi, Мiнскай - на 5, Магiлёўскай - на 6. Сярод тых, каго Цэнтрвыбаркам зарэгiстраваў кандыдатам у дэпутаты, ёсць i дастаткова вядомыя ў Беларусi асобы: прафсаюзны лiдар Генадзь Фядынiч, намеснiк старшынi партыi БНФ Юрый Хадыка, намеснiк старшынi БСДГ Мечыслаў Грыб, старшыня Рэспублiканскай партыi Уладзiмiр Белазор. А вось намеснiкам старшынi АГП Яраславу Раманчуку i Сяргею Альферу, старшынi Таварыства беларускай мовы Алегу Трусаву, экс-кандыдату ў прэзiдэнты Уладзiмiру Ганчарыку, былому мiнiстру абароны Паўлу Казлоўскаму, прафсаюзнаму лiдару Аляксандру Бухвоставу, старшынi Сацыял-дэмакратычнай партыi народнай згоды Сяргею Ермаку, экс-кiраўнiку адмiнiстрацыi прэзiдэнта Леанiду Сiнiцыну не пашанцавала. Цэнтрвыбаркам падтрымаў рашэннi акруговых камiсiй, якiя прынялi рашэннi адмовiць iм у рэгiстрацыi кандыдатамi ў дэпутаты.

На працягу мiнулага тыдня на пасяджэннях Цэнтрвыбаркама вырашаўся далейшы лёс i шэрагу цяперашнiх дэпутатаў Палаты прадстаўнiкоў. Працягнуць далейшую барацьбу за дэпутацкi мандат Валерый Фралоў i Марыя Вiнакурава. А вось скаргi Сяргея Скрабца, Юрыя Марозава, Надзеi Цыркун, Уладзiмiра Парфяновiча, Уладзiмiра Навасяда Цэнтрвыбаркамам задаволены не былi.

Сакратар Цэнтральнай камiсii па выбарах i правядзенню рэспублiканскiх рэферэндумаў Мiкалай Лазавiк не лiчыць, што адмена адразу 40 рашэнняў акруговых камiсiй сведчыць аб iх дрэннай працы. Большасць акруговых камiсiй, адзначыў ён, вельмi добрасумленна папрацавалi, iх рашэннi ў абсалютнай большасцi выпадкаў былi юрыдычна абгрунтаваныя. Некаторыя ж iх рашэннi былi зменены, таму што падчас разгляду скаргаў былi выяўлены новыя абставiны. Аднак на момант прыняцця рашэнняў акруговымi камiсiямi ўсе падставы для адмовы ў рэгiстрацыi iснавалi. Праўда, адзначыў таксама М. Лазавiк, асобныя акруговыя камiсii бралi пад увагу i дастаткова фармальныя факты. Напрыклад, адмаўлялi рэгiстраваць кандыдатам у дэпутаты на падставе ўказання недакладных звестак аб месцы жыхарства. Аднак сур'ёзныя прэтэнзii да працы акруговых камiсiй, падкрэслiў М. Лазавiк, адсутнiчаюць.

Пасля разгляду скаргаў колькасць зарэгiстраваных кандыдатаў у дэпутаты дасягнула 399. Нязначна гэта лiчба яшчэ можа змянiцца: некаторыя прэтэндэнты падалi скаргi ў Вярхоўны суд, а скаргу народнай артысткi Зiнаiды Бандарэнка i яшчэ аднаго прэтэндэнта Цэнтрвыбаркам разгледзiць 29 верасня. М. Лазавiк у размове з карэспандэнтам "Звязды" адзначыў, што колькасць кандыдатаў наўрад цi зменiцца. "У мяне ёсць упэўненасць, - заявiў ён, - што тыя, хто звярнуўся са скаргай у Вярхоўны суд, не маюць перспектывы. Усе рашэннi, якiя выносiў Цэнтрвыбаркам, юрыдычна абгрунтаваныя. Мы не прымалi нiводнага кан'юнктурнага рашэння, захоўвалi палiтычную нейтральнасць. I для Цэнтрвыбаркама, i для Вярхоўнага суда галоўнае - патрабаваннi Канстытуцыi i выбарчага заканадаўства".