Маніторынг
ПАДВЕДЗЕНЫ ВЫНІКІ ПАРЛАМЕНЦКІХ ВЫБАРАЎ ("Звязда")
Аўтар: "Звязда"
Перад зацвярджэннем вынiкаў выбараў Цэнтрвыбаркам разгледзеў скаргi на сам ход галасавання i падлiк галасоў. Найбольшая колькасць скаргаў была пададзена па Мiнску - ажно 31. Тым не менш, нягледзячы на тое, што гэты працэс разгляду скаргаў заняў дзве з паловай гадзiны, нiводная з iх не была прызнана дастатковай, каб адмянiць вынiкi галасавання па адной з акруг.
Як адзначыў сакратар Цэнтрвыбаркама Мiкалай Лазавiк, наяўнасць пэўнай колькасцi скаргаў - гэта звычайная з'ява, калi кандыдат, што прайграў, шукае нейкiя прычыны перамогi iншага кандыдата. Ён лiчыць, што аналiз скаргаў паказвае, сказаў М. Лазавiк, што яны заснаваны не на фактах, а на ўласных меркаваннях.
Даказанай, паводле яго слоў, можа быць толькi адна скарга, дзе ўказваецца аб тым, што бюлетэнi падлiчвалiся не асобна з кожнай са скрынь, а спачатку былi змешаныя. Аднак i гэта не паўплывала на вынiкi ўсяго падлiку галасоў.
Характарызуючы працу членаў Цэнтрвыбаркама з правам дарадчага голасу, старшыня Цэнтрвыбаркама Лiдзiя Ярмошына адзначыла, што iх прысутнасць навучыла большай цярплiвасцi. Аднак, лiчыць яна, iх выступленнi ў большай частцы не былi аргументаваныя, а датычылiся палiтычных момантаў ходу ўсёй выбарчай кампанii. Таму, адзначыла старшыня Цэнтр-выбаркама, факты, што сведчылi б аб парушэннях у дзень галасавання, адсутнiчаюць.
Цэнтрвыбаркам устанавiў, што ў спiсы галасавання былi ўнесены 6 986 163 выбаршчыкi. Удзел у галасаваннi прыняло 6 297 600 чалавек, або 90,14 працэнта ад iх агульнай колькасцi. У першым туры выбары адбылiся ў 109 выбарчых акругах, выбрана 108 дэпутатаў. У Наваполацкай акрузе № 26, дзе нiводны з кандыдатаў не набраў неабходнай колькасцi галасоў, будзе праведзены другi тур. У iм прымуць удзел два кандыдаты, што набралi падчас першага туру найбольшую колькасць галасоў. У Гродзенскай Цэнтральнай акрузе № 52 выбары не адбылiся.
Цэнтральная камiсiя таксама вызначыла, што першая сесiя Палаты прадстаўнiкоў трэцяга склiкання пройдзе 16 лiстапада.