Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў Нацыянальны сход i рэферэндум 2004 года
 
Маніторынг

НОВЫ БЕЛАРУСКІ ПАРЛАМЕНТ НЕ ЗМЕНІЦЬ АДНОСІНЫ ДА ІНТЭГРАЦЫІ З РАСІЯЙ ("Звязда")

Аўтар: "Звязда"

Перш за ўсё неабходна адзначыць, што якiя-небудзь значныя змяненнi пазiцыi беларускiх дэпутатаў у адносiнах да саюзнага будаўнiцтва наўрад цi магчымыя. Гэта было вiдаць нават па рэакцыi iх расiйскiх калег, якiя прыехалi ў Беларусь у якасцi мiжнародных назiральнiкаў ад Парламенцкага сходу Саюза Беларусi i Расii. Мiсiя з 15 чалавек, якая назiрала за падрыхтоўкай i правядзеннем выбараў з 7 кастрычнiка, дала станоўчую ацэнку таму, што ўбачыла. Выбары былi прызнаны, як адзначаецца ў заяве мiсii, адкрытымi, свабоднымi, дэмакратычнымi i легiтымнымi. Немалаважна, што гэта ёсць, як адзначыла намеснiк старшынi камiсii Парламенцкага сходу па бяспецы, абароне i барацьбе са злачыннасцю Святлана Савiцкая, адзiная думка ўсiх членаў мiсii, якiя адносяцца да розных палiтычных сiл Расii. Так што фармальных праблем ва ўстанаўленнi кантактаў з парламентарыямi новага склiкання Палаты прадстаўнiкоў Беларусi ў расiйскiх дэпутатаў хутчэй за ўсё не будзе.

Можна меркаваць i аб тым, што ў складзе новай дэлегацыi ад беларускага парламента будзе захавана значная пераемнасць. З 22 дэпутатаў Палаты прадстаўнiкоў, якiя ўваходзяць цяпер у Парламенцкi сход, у новы склад парламента прайшлi 9. Сярод iх першы намеснiк старшынi Парламенцкага сходу Вадзiм Папоў, старшыня камiсii Парламенцкага сходу па пытаннях экалогii, прыродакарыстання i лiквiдацыi наступстваў аварый Марыя Худая, намеснiк старшынi камiсii Парламенцкага сходу па эканамiчнай палiтыцы Сяргей Забалоцец, а таксама члены камiсiй Аляксандр Архiпаў, Мiкалай Куцко, Валерый Лектараў, Iван Мычко, Мiхаiл Орда, Васiль Хрол. Верагодна, з'явiцца магчымасць увайсцi ў Парламенцкi сход ад беларускага боку на другi тэрмiн i беларускiм сенатарам.

Як заявiў у iнтэрв'ю Сяргей Забалоцец, ён быў бы рады i надалей прадстаўляць беларускi парламент у Парламенцкiм сходзе Саюза Беларусi i Расii. Справа ў тым, што пры яго вылучэннi 25 тысяч работнiкаў МАЗа прасiлi ў парламенце акцэнтаваць сваю дзейнасць менавiта на саюзных эканамiчных адносiнах. Дарэчы, Сяргей Забалоцец лiчыць, што менавiта прадстаўнiкi буйных беларускiх прадпрыемстваў, дарожных арганiзацый, якiя выйгралi выбары, з найбольшай рэальнасцю могуць увайсцi ў новую дэпутацыю Парламенцкага сходу ад Беларусi. У прыватнасцi, iм былi названы генеральны дырэктар рэспублiканскага унiтарнага прадпрыемства аўтамабiльных дарог "Брэстаўтадар" Уладзiмiр Майсюк, генеральны дырэктар РУП "Дарбудiндустрыя" Фёдар Стрыкаў i iнш. Ад сябе можна дадаць i генеральнага дырэктара РАП "Гомельскi станкабудаўнiчы завод iмя С. М. Кiрава" Аляксандра Шаўко, дырэктара ААТ "Бабруйскi машынабудаўнiчы завод" Вiктара Герасiмава.

Наўрад цi будзе выступаць супраць саюзных адносiнаў i кiраўнiк аддзялення Пасольства Рэспублiкi Беларусь у Расiйскай Федэрацыi ў г. Санкт-Пецярбургу Мiхаiл Русы. "Мяркуючы па спiсе дэпутатаў новага парламента, - адзначыў Сяргей Забалоцец, - наша дэлегацыя ў Парламенцкiм сходзе будзе не горшая за мiнулую. У яе ўвойдуць сапраўдныя прыхiльнiкi iнтэграцыi з Расiяй. З многiмi з iх я знаёмы, i сярод iх няма прыхiльнiкаў антыiнтэграцыйных працэсаў. Больш таго, лiчу, што такiя наўрад цi ёсць i ва ўсiм новым складзе Палаты прадстаўнiкоў". У сувязi з гэтым беларускi парламентарый мяркуе, што змяненнi ў рабоце новай дэпутацыi Беларусi ў Парламенцкiм сходзе не спатрэбяцца. Важна iншае, лiчыць ён, - адмянiць бюракратычныя бар'еры, якiя ствараюць чыноўнiкi.