Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў Нацыянальны сход i рэферэндум 2004 года
 
Маніторынг

ЛIДЗIЯ ЯРМОШЫНА: "КОЛЬКАСЦЬ НАЗІРАЛЬНІКАЎ МОЖА БЫЦЬ БОЛЬШАЯ, ЧЫМ НА ПРЭЗІДЭНЦКІХ ВЫБАРАХ" ("Звязда")


2004-10-13

Аўтар: "Звязда"

Як адзначыла Л. Ярмошына, выбарчыя ўчасткi ўжо былi адкрытыя ўчора ў 10 гадзiн ранiцы. На працягу пяцi дзён, калi прагаласаваць можна датэрмiнова, iх можна будзе наведаць з 10 да 14 i з 16 да 19 гадзiн. У дзень жа выбараў выбарчыя ўчасткi будуць адкрытыя з 8 да 20 гадзiн. Як вядома, прагаласаваць можна будзе па дзвюх кампанiях: парламенцкiх выбарах i рэферэндуме. Старшыня Цэнтрвыбаркама лiчыць, што кампанiя па правядзенню рэферэндуму носiць пераважна iнфармацыйны характар: ва ўсякiм разе, падчас яе практычна няма скаргаў i спрэчак, а ў цэлым яна праходзiць спакойна.

Больш праблем выклiкае кампанiя па выбарах у Палату прадстаўнiкоў. На 11 кастрычнiка ўдзел у выбарах працягвалi прымаць 353 кандыдаты ў дэпутаты, i конкурс, такiм чынам, стаў 3,2 чалавека на адзiн дэпутацкi мандат. Як вядома, пасля разгляду скаргаў на адмову ў рэгiстрацыi кандыдатаў прэтэндэнтаў стала больш на 50 чалавек. Паводле слоў Л. Ярмошынай, значная з iх частка - каля 30 - самастойна знялi свае кандыдатуры на карысць iншых кандыдатаў. Астатнiм была адменена рэгiстрацыя ў сувязi з рознымi парушэннямi выбарчага заканадаўства. 48,7 працэнта, або 172 чалавекi з тых, хто працягвае барацьбу, з'яўляюцца прадстаўнiкамi палiтычных партый. Паводле слоў Л. Ярмошынай, такога партыйнага прадстаўнiцтва не было нi на адной выбарчай кампанii. Найбольш актыўна сярод партый прадстаўлена АГП - 36 чалавек, далей iдзе БНФ - 32, БСДП НГ - 30, ПКБ - 27, ЛДП - 25, БСДГ - 13, КПБ - 10, СДП народнай згоды - 4, Аграрная партыя - 3, Рэспублiканская партыя - 2. Такiм чынам, адметна, што толькi 44 партыйныя кандыдаты прадстаўляюць неапазiцыйныя палiтычныя партыi. "Тры чвэрцi партыйных кандыдатаў, - адзначыла Л. Ярмошына, - прадстаўляюць менавiта апазiцыю". Жанчын сярод кандыдатаў 68 (19,3 працэнта), моладзi да 30 гадоў - 27 (7,5 працэнта), дэпутатаў ПП НС - 56 (15,7 працэнта). Астатнiя з'яўляюцца прадстаўнiкамi розных галiн народнай гаспадаркi: 55 чалавек працуюць у прамысловасцi, транспартце, сувязi, 7 - у сельскай гаспадарцы, 51 - у адукацыi, культуры, навуцы, 20 - у ахове здароўя, сацыяльнай абароне, 19 - у дзяржаўных органах i iнш. 34 чалавекi з'яўляюцца прадпрымальнiкамi. А 20 увогуле нiдзе не працуюць.

За час выбарчай кампанii Цэнтрвыбаркамам было разгледжана 412 скаргаў, 207 з якiх датычылiся адмоў у рэгiстрацыi кандыдатам у дэпутаты, 96 - перадвыбарнай агiтацыi, 21 - работы акруговых камiсiй i iнш. Л. Ярмошына адзначыла, што Цэнтрвыбаркам пры разглядзе скаргаў працаваў у дастаткова напружаным тэмпе, асаблiва падчас разгляду скаргаў на адмову ў рэгiстрацыi. Аднак, лiчыць яна, "здолелi ўсе разгледзець у вызначаны законам тэрмiн".

"Выбарчая кампанiя гэтага года ўжо прыцягнула дастаткова вялiкую ўвагу назiральнiкаў", - адзначыла таксама Л. Ярмошына. Так, Цэнтрвыбаркам ужо акрэдытаваў 529 мiжнародных назiральнiкаў з 50 краiн свету. Найбольшую прадстаўнiчасць будзе мець мiсiя АБСЕ, у склад якой ужо ўвайшло 244 чалавекi. 146 назiральнiкаў прадстаўляюць краiны СНД, 22 - розныя пасольствы. Дарэчы, назiральнiкi ад ЗША ўвайшлi ў мiсiю АБСЕ. Нашмат большай будзе колькасць нацыянальных назiральнiкаў, якiх цяпер налiчваецца 16.723. I гэта пры тым, што цяпер толькi пачалося датэрмiновае галасаванне, а таму "асноўная акрэдытацыя пойдзе ў суботу". Для параўнання: у дзень прэзiдэнцкiх выбараў працавала каля 22 тысяч назiральнiкаў. Цяпер 482 назiральнiкi прадстаўляюць палiтычныя партыi, 8157 - грамадскiя аб'яднаннi, 5649 - працоўныя калектывы, 2435 сталi iмi шляхам падачы заяў. 498 назiральнiкаў былi акрэдытаваныя пры акруговых камiсiях, 171 - тэрытарыяльных, 16.054 - на выбарчых участках. Нагадаем таксама, што ў Беларусi каля 6,5 тысячы выбарчых участкаў, на якiх могуць прагаласаваць каля 7 млн. выбаршчыкаў. Дарэчы, колькасць выбаршчыкаў падчас гэтай выбарчай кампанii будзе на 135 тыс. чалавек меншая, чым на выбарах у мясцовыя Саветы. Гэта тлумачыцца тым, што каля 70 тыс. грамадзян Расii тады былi ўключаны ў спiсы выбаршчыкаў, яшчэ прыкладна на 60 тыс. чалавек зменшылася колькасць самога насельнiцтва Беларусi.

Л. Ярмошына адказала на шэраг пытанняў журналiстаў. Як вядома, грамадзянская iнiцыятыва "Партнёрства" выказала намер праводзiць шырокамаштабнае назiранне за выбарамi. Да гэтай iнiцыятывы старшыня Цэнтрвыбаркама мае рэзка адмоўнае стаўленне. "У адпаведнасцi з заканадаўствам Беларусi, якую б там нi было дзейнасць маюць права ажыццяўляць толькi зарэгiстраваныя грамадскiя аб'яднаннi, - адзначыла яна. -Дзейнасць нiякiх грамадскiх iнiцыятыў заканадаўствам не прадугледжаная. Таму ўсе заявы гэтай iнiцыятывы могуць разглядацца толькi як заявы прыватнай асобы. Такое ж стаўленне ў мяне i да нейкага камiтэта, якi ўзначалiў спадар Вайтовiч".

Пракаментавала Л. Ярмошына i яшчэ адну заяву. Група грамадзян прапанавала выбаршчыкам узяць бюлетэнi па рэферэндуму, парваць iх, адну частку кiнуць у скрыню для галасавання, а другую забраць дадому, каб такiм чынам пазбегнуць фальсiфiкацыi. "Я нiколi не думала, - заявiла старшыня Цэнтрвыбаркама, - што нашы так званыя праваабаронцы дойдуць да такога кашчунства: па сутнасцi, яны заклiкаюць сарваць, сказiць вынiкi народнага волевыяўлення. Зразумела, наша заканадаўства спецыяльна не прадугледжвае падобныя абставiны. Але я спадзяюся, што пракуратура дасць ацэнку гэтаму заклiку. Я не ведаю, процiзаконна гэта цi не. Але тое, што гэта амаральна - несумненна. Пракуратуры патрэбна правесцi экспертызу адносна таго, цi не маецца ў словах спадара Паганяйлы заклiку да ўчынення крымiнальнага злачынства ў выглядзе процiдзеяння дзейнасцi выбарчых камiсiй".

Было зададзена i пытанне адносна самога факта правядзення рэферэндуму, прысутнасцi ў вынесеным пытаннi асобаснага аспекта. Л. Ярмошына адзначыла, што "нiдзе i нiкiм не вызначана, што ён не можа быць вынесены на рэферэндум. Пытанне канстытуцыйнага рэферэндуму адно - аб змяненнi Канстытуцыi. Тое, што ўказана ў першай частцы, - прэамбула, псiхалагiчны зварот да выбаршчыка. Падзялiць пытанне на дзве часткi немагчыма. Станоўчы адказ на першую частку пытання нiчога не дасць будучай выбарчай кампанii, бо не зменена Канстытуцыя. Што ж датычыцца самога змянення Канстытуцыi на рэферэндуме, то такi шлях - гэта не толькi права беларускага народа, але i адзiны магчымы спосаб яе змянення". Адказваючы ж на пытанне адносна агiтацыi супраць рэферэндуму, Л. Ярмошына заявiла, што "дзяржаўныя СМI - гэта сродкi дзяржаўнай iдэалогii, i было б нелагiчна патрабаваць, каб яны праводзiлi агiтацыйную кампанiю супраць рэферэндуму. Гэта робяць недзяржаўныя СМI, i дастаткова шырока. Хацелася б таксама адзначыць, што агiтацыя за рэферэндум вядзецца дзяржаўнымi СМI даволi мякка".

Дарэчы, бюлетэнi па рэферэндуму будуць напiсаныя на рускай мове. Паводле слоў Л. Ярмошынай, камiсiя не мела права перакладаць пытанне, якое змяшчаў указ прэзiдэнта, на беларускую мову. А вось бюлетэнi для галасавання на парламенцкiх выбарах зроблены на беларускай мове для таго, "каб не адштурхнуць тых, для каго пытаннi мовы маюць прынцыповае значэнне".

Што ж датычыцца першых даных аб галасаваннi, то яны могуць з'явiцца ўжо пасля падлiку 3 працэнтаў выбарчых участкаў. "Я спадзяюся, - адзначыла Л. Ярмошына, - што ўжо пасля 20.00 17 кастрычнiка мы атрымаем даныя з так званых закрытых участкаў. Гэта тыя ўчасткi, дзе колькасць выбаршчыкаў пасля нейкага часу ўжо не можа змянiцца дакладна, гэта ўчасткi, якiя былi створаны ў бальнiцах i ваенных часцях. Iх каля трох працэнтаў. Далей усё будзе залежаць ад усiх астатнiх выбарчых участкаў. Пры гэтым трэба адзначыць, што патокi iнфармацыi будуць iсцi з двух узроўняў: з тэрытарыяльных камiсiй па рэферэндуму i акруговых камiсiй па выбарах".