Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў Нацыянальны сход i рэферэндум 2004 года
 
Маніторынг

ЯЎГЕН НЕСЦЕРАЎ: "ПОГЛЯД АСОБНАЙ МІЖНАРОДНАЙ АРГАНІЗАЦЫІ НЕ ПАВІНЕН БЫЦЬ ІСЦІНАЙ У АПОШНЯЙ ІНСТАНЦЫІ" ("Звязда")


2004-10-07

Аўтар: "Звязда"

- Місія назіральнікаў ад СНД працуе ўжо з 6 верасня. Мы вызначылі раёны для доўгатэрміновых назіральнікаў, асабіста мне дасталіся Віцебск і Віцебская вобласць. Асноўная наша задача на гэтым этапе - правесці сустрэчы з мясцовымі ўладамі з мэтай удакладнення мераў, якія прымаюцца імі па арганізацыі выбараў і падрыхтоўкі ўчасткаў для галасавання, наведаць акруговыя, участковыя камісіі, сустрэцца з кандыдатамі ў дэпутаты, прадстаўнікамі палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў.

- Ці магчыма ўжо зрабіць нейкія высновы аб якасці падрыхтоўкі і правядзення выбараў у Беларусі?

- У Віцебску і Віцебскай вобласці мы наведалі палову з 16 акруговых камісій, а таксама 12 участковых камісій. Наша першае ўражанне - работа ідзе арганізавана, без нейкай мітусні. Таксама нас уразіла, што падрыхтоўка на сельскіх выбарчых участках нават большая, чым на гарадскіх. Пры гэтым мы наведвалі не толькі тыя ўчасткі, якія нам жадалі паказаць мясцовыя ўлады. I ўсюды работы ўжо знаходзіліся на завяршальнай стадыі. Мы таксама сустрэліся з кандыдатамі ў дэпутаты, ніводны з іх нейкіх скаргаў у адрас выбарчых камісій не меў. Усе яны знаходзяцца ў роўным становішчы, усім прапанаваны час выступіць на радыё, мясцовым тэлебачанні, у газеце, надрукаваць агітацыйныя матэрыялы.

- Наколькі адрозніваецца праца назіральнікаў у Беларусі і Расіі?

- Праца істотна не адрозніваецца. Міжнародныя назіральнікі ад СНД у любой краіне кіруюцца выбарчым заканадаўствам краіны, у якой знаходзяцца, а таксама палажэннямі аб місіі назіральнікаў ад СНД на прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах. Розніца, напэўна, у маштабах - у Беларусі лягчэй аб'ехаць больш участкаў.

- Як вы ставіцеся да ідэі правядзення сумесна з парламенцкімі выбарамі рэферэндуму?

- Па-першае, з заканадаўчага пункту гледжання - гэта ўнутраная справа Беларусі. Па-другое, гэта дазваляе зэканоміць істотныя грашовыя сродкі. У Расіі, на жаль, вельмі шмат выбараў рознага ўзроўню, на якія выдзяляюцца вялікія сумы, хаця іх можна было б выкарыстаць больш эфектыўна і з большай карысцю.

- Якую сілу будуць мець высновы назіральнікаў ад СНД?

- Як і любыя іншыя міжнародныя назіральнікі, мы не павінны быць "сілай". Па выніках выбараў і рэферэндуму мы зробім заяву, у якой, калі яны будуць, укажам нейкія памылкі, заўвагі.

- Вашы высновы будуць вызначальнымі для кіраўніцтва краін, якія вы прадстаўляеце?

- Наш погляд - гэта наш погляд. Нехта мае іншы погляд. Але мы не менш бачым і чуем, чым прадстаўнікі іншых міжнародных арганізацый.

- Ці сустракаліся вы з прадстаўнікамі БДІПЧ АБСЕ?

- Так, такая сустрэча адбылася. Але ў асноўным размова датычылася тэхнічных аспектаў правядзення выбараў. Пакуль яны з намі сваімі ўражаннямі не дзяліліся. Думаю, гэта будзе зроблена пасля выбараў.

- Вы раней удзельнічалі ў назіранні за выбарамі ў Беларусі?

- Удзельнічаў. Больш таго, рыхтаваў тут правядзенне расійскіх выбараў: арганізоўваў выбарчы ўчастак для грамадзян Расіі, якія пражываюць або часова знаходзяцца на тэрыторыі Віцебскай вобласці. Таму вопыт узаемаадносінаў з мясцовымі ўладамі, іншымі структурамі ў мяне дастаткова вялікі.

- Як вядома, на мінулых выбарах высновы назіральнікаў ад СНД і назіральнікаў ад БДІПЧ АБСЕ былі розныя...

- Яны і павінны быць рознымі. Поўная аднадушнасць бывае толькі на могілках. Калі ў той ці іншай краіне праходзяць агульнанацыянальныя выбары і з іх вынікамі згодны ўсе, то ўзнікае пытанне аб існаванні ў гэтай краіне дэмакратыі. Адзін з прызнакаў дэмакратыі - наяўнасць розных поглядаў.

- Тым не менш, іх высновы для беларускага парламента былі не самымі лепшымі ў плане міжнароднага супрацоўніцтва.

- БДІПЧ АБСЕ зрабіла крытычныя заўвагі і ў адносінах да выбараў у нашай краіне. Нічога страшнага ў гэтым няма. Мы з павагай ставімся да АБСЕ. Погляд АБСЕ, як і любой іншай міжнароднай арганізацыі, безумоўна, выклікае цікавасць. Але погляд АБСЕ па любой міжнароднай падзеі, у тым ліку і па выбарах у Беларусі, не можа і не павінен быць ісцінай у апошняй інстанцыі.

- Наколькі маштабным будзе назіранне місіі ад СНД?

- Мы чакаем, што ў дзень выбараў назіраннем будуць займацца каля 200 чалавек з дзяржаў СНД. Прыедуць шмат прадстаўнікоў з Расіі, у тым ліку і з Цэнтрвыбаркама, парламента і інш. Мы паспрабуем ахапіць як мага больш выбарчых участкаў.