Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў Нацыянальны сход i рэферэндум 2004 года
 
Маніторынг

ЦВК РАЗГЛЯДАЕ СКАРГІ НА АДМОВУ Ў РЭГІСТРАЦЫІ КАНДЫДАТАМІ ("Звязда")


2004-09-22

Аўтар: "Звязда"

Усяго Цэнтрвыбаркам плануе разгледзець каля 150 скаргаў. Гэта амаль палова ўсiх адмоваў у рэгiстрацыi. Усяго ж акруговыя камiсii зарэгiстравалi кандыдатамi ў дэпутаты 359 чалавек. Асноўная iх частка прадстаўляюць палiтычныя партыi - 151 кандыдат, далей iдуць працоўныя калектывы -- 137 чалавек. Яшчэ 71 чалавек здолелi стаць кандыдатамi ў дэпутаты праз працэдуру збору подпiсаў. З кандыдатаў, якiя прадстаўляюць палiтычныя партыi, 38 чалавек будзе мець ЛДП, 26 - АГП, 25 - БСДП "НГ", 24 - БНФ, 21 - ПКБ, 8 - БСДГ, 6 - КПБ, 2 - СДПНЗ, 1 - Рэспублiканская партыя. Што датычыцца рэгiёнаў, то найбольшая колькасць кандыдатаў была зарэгiстравана ў Вiцебскай i Мiнскай абласцях - па 64. Далей iдзе Брэсцкая вобласць - 63 чалавекi. У Мiнску, якi лiдзiраваў па прэтэндэнтах, зарэгiстраванымi аказалiся 60 кандыдатаў. Найменшая колькасць кандыдатаў у дэпутаты ў Гомельскай вобласцi - 33 чалавекi, крыху больш у Гродзенскай i Магiлёўскай - 34 i 41 адпаведна. Такiм чынам, хутчэй за ўсё, конкурс на парламенцкiх выбарах 2004 года ў сярэднiм не перавысiць трох з паловай чалавек на месца. Гэта нашмат менш (асаблiва калi браць пад увагу актыўны ўдзел у выбарах палiтычных партый) у параўнаннi з мiнулым? выбарамi 2000-га года, калi кандыдатамi былi зарэгiстраваны 562 чалавекi.

Першае пасяджэнне Цэнтрвыбаркама, на якiм разглядалiся скаргi прэтэндэнтаў, прайшло ўчора ранiцай. Усяго было разгледжана 15 скаргаў прэтэндэнтаў па Гродзенскай вобласцi. Пашанцавала толькi аднаму - прэтэндэнту ад АГП Уладзiмiру Чарвоненку, якi балатуецца па Ваўкавыскай акруге № 50. Акруговая камiсiя адмовiла яму ў рэгiстрацыi на падставе таго, што знайшла парушэннi пры запаўненнi дэкларацыi, а менавiта - недакладна ўказаны памер заработнай платы. Тым не менш, у справе аказалiся дзве даведкi (адну прадаставiў У. Чарвоненка) з адной i той жа арганiзацыi, якiя былi выдадзены з рознiцай усяго толькi ў месяц. У сувязi з гэтым Цэнтрвыбаркам палiчыў, што прэтэндэнт не вiнаваты ў нейкiм утойваннi свайго даходу.

Амаль усiм астатнiм прэтэндэнтам з Гродзенскай вобласцi не пашанцавала. Хаця, напрыклад, пры разглядзе скаргi Раiсы Масько таксама фiгуравала некалькi даведак. Так, прэтэндэнт запаўняла дэкларацыю на падставе даведкi аб сукупным гадавым даходзе, якая была выдана ў сакавiку i якая, як аказалася, не ўлiчвала асобныя даходы, а акруговая камiсiя аперыравала даведкай за верасень. На гэты раз Цэнтрвыбаркам падтрымаў акруговую камiсiю. Па словах старшынi ЦВК Лiдзii Ярмошынай, рэгiстрацыю можна параўнаць з экзаменацыйным iспытам, якi павiнен прайсцi прэтэндэнт, а таму ён сам павiнен быў удакладнiць свае даходы. Не была падтрымана i скарга цяперашняга дэпутата Палаты прадстаўнiкоў Сяргея Скрабца. Па словах Л. Ярмошынай, камiсiя атрымала бясспрэчныя доказы прадастаўлення недакладнай дэкларацыi. Была адхiлена i скарга Тадэвуша Гавiна, якi з 1990 па 2000 гады ўзначальваў беларускi Саюз палякаў. Амаль усе адмовы ў рэгiстрацыi датычылiся недакладнага запаўнення дэкларацыi або наяўнасцi несапраўдных подпiсаў. Па адной скарзе вынясенне рашэння было адкладзена. Цэнтрвыбаркам не вырашыў, каго з двух бакоў падтрымаць - акруговую камiсiю або прэтэндэнта ад АГП Яраслава Раманчука, - наконт тэрмiнаў продажу аўтамабiля.

У другой палове дня Цэнтрвыбаркам разгледзеў скаргi прэтэндэнтаў з Мiнскай вобласцi.