ПАРЛАМЕНЦКIЯ ВЫБАРЫ
СТРУКТУРА ПАРЛАМЕНТА
Беларускі парламент - Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь - з'яўляецца двухпалатным і складаецца з Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі.
ДАТА ВЫБАРАЎ ДЭПУТАТАЎ ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ
Выбары ў Палату прадстаўнікоў новага склікання прызначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь не пазней за чатыры месяцы і праводзяцца не пазней за 30 дзён да заканчэння паўнамоцтваў Палаты прадстаўнікоў дзеючага склікання.
Паводле ўказа прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ад 14 ліпеня, выбары ў Палату прадстаўнікоў другога склікання былі прызначаныя на 17 кастрычніка 2004 года.
ТЭРМІНЫ ВЫБАРАЎ ЧЛЕНАЎ САВЕТА РЭСПУБЛІКІ
Выбары членаў Савета Рэспублікі новага склікання прызначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь не пазней за чатыры месяцы і праводзяцца не пазней за 30 дзён да заканчэння паўнамоцтваў Савета Рэспублікі дзеючага склікання.
Паводле ўказа прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ад 17 жніўня, выбары членаў Савета Рэспублікі трэцяга склікання былі прызначаныя на перыяд з 18 жніўня да 18 лістапада 2004 года. Аднак ужо 10 лістапада Цэнтрвыбаркам зацвердзіў кандыдатуры 56 членаў верхняй палаты беларускага парламента, абраных ад шасці абласцей і горада Мінска.
ЭТАПЫ КАМПАНІІ ПА ВЫБАРАХ ДЭПУТАТАЎ ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ
У адпаведнасці з Выбарчым кодэксам, кампанія па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў 2004 года складалася з наступных этапаў:
За 75 дзён (з 2 жніўня) да даты выбараў - стварэнне акруговых выбарчых камісій.
За 70 дзён (з 8 жніўня) да даты выбараў - пачатак вылучэння кандыдатаў у дэпутаты.
За 45 дзён (з 1 верасня) да даты выбараў - стварэнне ўчастковых выбарчых камісій.
За 40 дзён (з 6 верасня) да даты выбараў - заканчэнне этапа па вылучэнню кандыдатаў з перадачай адпаведных дакументаў у акруговыя выбарчыя камісіі.
За 39-29 (7-16 верасня) дзён да даты выбараў - рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты.
З дня рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты да дня, які папярэднічае даце выбараў (да 16 кастрычніка), - перадвыбарчая агітацыя.
На працягу пяці дзён перад выбарамі (12-16 кастрычніка) - датэрміновае галасаванне на ўсіх выбарчых участках.
Дата выбараў - 17 кастрычніка 2004 года - першы тур выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў;
27 кастрычніка 2004 года - другі тур выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.
20 сакавіка 2005 года - паўторныя выбары ў Гродзенскай Цэнтральнай выбарчай акрузе №52.
ЭТАПЫ КАМПАНІІ ПА ВЫБАРАХ ЧЛЕНАЎ САВЕТА РЭСПУБЛІКІ
Кампанія па выбарах членаў Савета Рэспублікі 2004 года складалася з наступных этапаў:
З моманту падпісання прэзідэнтам Беларусі ўказа аб прызначэнні выбараў у Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь трэцяга склікання (17 жніўня 2004 года) - пачатак кампаніі.
За 90 дзён (з 20 верасня) да заканчэння паўнамоцтваў Савета Рэспублікі дзеючага склікання - пачатак вылучэння кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі.
За 60 дзён (19 кастрычнiка) да заканчэння паўнамоцтваў Савета Рэспублікі дзеючага склікання - заканчэнне этапа па вылучэнню кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі.
На працягу наступных дваццаці пяці дзён (19 кастрычніка – 9 лістапада) - пасяджэнні дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню вобласці, дэпутатаў Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў па выбарах членаў Савета Рэспублікі.
Са дня пасяджэнняў дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню вобласці, дэпутатаў Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў па выбарах членаў Савета Рэспублікі да 10 лістапада - перадача пратаколаў пасяджэнняў у Цэнтрвыбаркам.
10 лістапада 2004 года - зацвярджэнне Цэнтрвыбаркамам пратакола аб выніках выбараў членаў Савета Рэспублікі.
АРГАНІЗАЦЫЯ ВЫБАРАЎ
Арганізацыяй і правядзеннем выбараў у Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь займаецца Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў.
Яе рашэннем, у адпаведнасці з Выбарчым кодэксам, для выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў былі створаныя акруговыя (у складзе 9-13 членаў) і ўчастковыя (у складзе 5-19 членаў) выбарчыя камісіі. У Палату прадстаўнікоў выбіраліся 110 дэпутатаў.
У Савет Рэспублікі выбіраліся 64 члены - па восем ад кожнай вобласці і горада Мінска шляхам тайнага галасавання дэпутатаў базавага ўзроўню кожнай вобласці і горада Мінска падчас пасяджэнняў дэпутатаў мясцовых Саветаў, і восем членаў Савета Рэспублікі павінны прызначацца прэзідэнтам.
УМОВЫ РЭГІСТРАЦЫІ
Дэпутатам Палаты прадстаўнікоў можа быць грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў 21 года. Кандыдатамі ў дэпутаты не могуць быць вылучаныя грамадзяне, якія не маюць права ў адпаведнасці з заканадаўствам займаць пасады ў дзяржаўным апараце з прычыны наяўнасці судзімасці, не знятай і не пагашанай у парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Права вылучэння кандыдатаў у дэпутаты належыць грамадскім аб'яднанням, працоўным калектывам і грамадзянам (шляхам збору подпісаў) у адпаведнасці з Выбарчым кодэксам.
Членам Савета Рэспублікі можа быць грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў 30 гадоў і жыве на тэрыторыі адпаведнай вобласці, горада Мінска не менш за пяць гадоў. Права вылучэння кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі належыць прэзідыюмам мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню і адпаведным выканаўчым камітэтам - раённым, гарадскім (гарадоў абласнога падпарадкавання), а ў горадзе Мнску - прэзідыюму Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў і Мінскаму гарадскому выканаўчаму камітэту.
Адна і тая ж асоба не можа адначасова з'яўляцца членам абедзвюх палат Парламента. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў не можа быць дэпутатам мясцовага Савета дэпутатаў. Член Савета Рэспублікі не можа быць адначасова членам Урада. Не дапускаецца сумяшчэнне абавязкаў дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі з адначасовым знаходжаннем на пасадзе Прэзідэнта або суддзі.
ВЫБАРЧАЕ ПРАВА НА ВЫБАРАХ ДЭПУТАТАЎ ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ
Выбарчым правам на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў валодаюць усе грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 18 гадоў. Не валодаюць правам голасу грамадзяне Рэспублікі Беларусь, прызнаныя судом недзеяздольнымі; асобы, якія ўтрымліваюцца па рашэнню суда ў месцах пазбаўлення волі, а таксама асобы, у дачыненні да якіх у парадку, устаноўленым крымінальна-працэсуальным заканадаўствам, абраная ў якасці меры стрымання ўтрыманне пад вартай.
У спісы грамадзян, якія мелі права удзельнічаць у выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, былі ўключаныя 6 986 163 выбаршчыкі.
ВЫБАРЧАЕ ПРАВА НА ВЫБАРАХ ЧЛЕНАЎ САВЕТА РЭСПУБЛІКІ
Выбарчым правам на выбарах членаў Савета Рэспублікі валодаюць дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню вобласці, дэпутаты Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, якія бяруць удзел у пасяджэнні па выбарах членаў Савета Рэспублікі.
ПАРАДАК ГАЛАСАВАННЯ НА ВЫБАРАХ ДЭПУТАТАЎ ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ
Выбарчае заканадаўства Беларусі прадугледжвае датэрміновае галасаванне, якое пачынаецца за 5 дзён да даты асноўных выбараў. У перыяд датэрміновага галасавання (12-16 кастрычніка) выбарчыя ўчасткі працавалі з 10.00 да 14.00 і з 16.00 да 19.00. Непасрэдна ў дзень выбараў участкі для галасавання былі адкрытыя на працягу 12 гадзін - з 8.00 да 20.00.
Выбары ў Палату прадстаўнікоў праходзілі па 110 выбарчых акругах. Абранне дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў ажыццяўлялася на аснове дэклараваных Канстытуцыяй усеагульнага, свабоднага, роўнага, прамога выбарчага права пры тайным галасаванні. Правам на ўдзел у галасаванні валодалі усе грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі да дня або ў дзень выбараў 18 гадоў. Галасаваць яны маглі на ўчастках па месцы іх пастаяннага або часовага пражывання. Участкі для галасавання ствараліся з колькасцю не менш за 20 і не больш за 3000 выбаршчыкаў не пазней чым за два месяцы да выбараў; у раёнах і гарадах - раённымі, гарадскімі (у гарадах абласнога падпарадкавання) выканаўчымі камітэтамі, а ў гарадах з раённым дзяленнем - раённымі адмінiстрацыямі.
ПАРАДАК АБРАННЯ ЧЛЕНАЎ САВЕТА РЭСПУБЛІКІ
Выбары членаў Савета Рэспублікі праводзіліся з ліку зарэгістраваных Цэнтрвыбаркамам кандыдатаў на пасяджэннях дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню вобласці, дэпутатаў Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў. Гэтыя пасяджэнні лічыліся правамоцнымі, калі ў іх бралі ўдзел больш за палову ад агульнай колькасці дэпутатаў, абраных у мясцовыя Саветы дэпутатаў базавага ўзроўню вобласці, у Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў. Пры гэтым у пасяджэнні дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню вобласці павінны былі браць удзел не менш за адну чвэрць дэпутатаў ад кожнага мясцовага Савета дэпутатаў базавага ўзроўню. Выбары членаў Савета Рэспублікі ажыццяўляліся шляхам тайнага галасавання дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню вобласці, дэпутатаў Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, якія бяруць удзел у пасяджэнні па выбарах членаў Савета Рэспублікі.
УМОВЫ АБРАННЯ ДЭПУТАТАЎ ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ
Прызнавалася, што выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў у першым туры адбыліся, калі ў галасаванні ўзялі ўдзел больш за палову выбаршчыкаў акругі, уключаных у спісы грамадзян, якія мелі права на ўдзел у выбарах.
Паводле дадзеных Цэнтрвыбаркама, удзел у галасаванні на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў у першым туры прынялі 6 297 600 выбаршчыкаў, што складае 90,14 працэнта ад колькасці выбаршчыкаў, унесеных у спісы для галасавання. Прызнана, што выбары адбыліся ва ўсіх 110 выбарчых акругах.
Абраным у першым туры выбараў па выбарчай акрузе лічыўся кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, які атрымаў больш за палову галасоў выбаршчыкаў, што бралі ўдзел у галасаванні, калі было прызнана, што выбары адбыліся.
Цэнтрвыбаркам прызнаў, што ў першым туры былі абраныя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад 108 выбарчых акругаў.
Калі ніводзін з кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў не набіраў неабходнай колькасці галасоў, то праз два тыдні ў гэтай выбарчай акрузе прызначаўся другі тур галасавання па двух кандыдатах у дэпутаты, якія атрымалі найбольшую колькасць галасоў выбаршчыкаў падчас першага туру.
Другі тур галасавання прайшоў 27 кастрычніка 2004 года ў Наваполацкай выбарчай акрузе №25. Выбары прызнаныя сапраўднымі, ад гэтай акругі быў абраны дэпутат Палаты прадстаўнікоў.
Калі па выбарчай акрузе пры правядзенні першага тура выбараў або другога тура галасавання выбары былi прызнаныя не прайшоўшымі або несапраўднымі, або ў першым туры выбараў балаціравалася не больш за два кандыдаты і ніводзін з іх не набраў неабходнай колькасці галасоў выбаршчыкаў, або калі ў другім туры галасавання застаўся для балаціравання адзін кандыдат у дэпутаты, які не набраў неабходнай колькасці галасоў выбаршчыкаў, а таксама ў выпадку выбыцця ўсіх кандыдатаў у дэпутаты Цэнтральная камісія павінна была даручыць акруговай выбарчай камісіі правесці ў выбарчай акрузе паўторныя выбары.
Такая сітуацыя склалася ў Гродзенскай Цэнтральнай выбарчай акрузе №52. З прычыны нізкай яўкі выбаршчыкаў там былі прызначаныя паўторныя выбары. Яны адбыліся 20 сакавіка 2005 года. У першым жа туры гэтых выбараў быў абраны апошні са 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.
УМОВЫ АБРАННЯ ЧЛЕНАЎ САВЕТА РЭСПУБЛІКІ
Абраным членам Савета Рэспублікі лічыцца кандыдат, які атрымаў па выніках галасавання больш за палову галасоў дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню вобласці, дэпутатаў Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, якія ўзялі ўдзел у галасаванні.
10 лістапада рашэннем Цэнтрвыбаркама былі зацверджаныя кандыдатуры 56 членаў верхняй палаты беларускага парламента, абраных ад шасці абласцей і горада Мінска.
ФІНАНСАВАННЕ ВЫБАРАЎ
Выдаткі на падрыхтоўку і правядзенне выбараў у абедзве палаты Нацыянальнага сходу ажыццяўляюцца ў межах выдаткаваных з дзяржаўнага бюджэту сродкаў. Згодна з Законам аб дзяржаўным бюджэце Беларусі на 2004 год, на гэтыя мэты было выдаткавана каля 13 мільярдаў рублёў.
РЭФЕРЭНДУМ
ПАНЯЦЦЕ, ВIДЫ I МЭТА РЭФЕРЭНДУМУ
Рэферэндум з'яўляецца спосабам прыняцця грамадзянамi Рэспублiкi Беларусь рашэнняў па важнейшых пытаннях дзяржаўнага i грамадскага жыцця.
У Рэспублiцы Беларусь могуць праводзiцца рэспублiканскiя i мясцовыя рэферэндумы.
ПЫТАННI, ЯКIЯ ВЫНОСЯЦЦА НА РЭФЕРЭНДУМ
На рэспублiканскi рэферэндум могуць выносiцца важнейшыя пытаннi дзяржаўнага i грамадскага жыцця Рэспублiкi Беларусь.
На рэспублiканскi рэферэндум не могуць выносiцца пытаннi:
якiя могуць выклiкаць парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасцi Рэспублiкi Беларусь;
звязаныя з выбраннем i вызваленнем Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь, назначэннем (выбраннем, вызваленнем) службовых асоб, назначэнне (выбранне, вызваленне) якiх адносiцца да кампетэнцыi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь i палат Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь;
аб прыняццi i змяненнi бюджэту, устанаўленнi, змяненнi i адмене падаткаў;
аб амнiстыi, памiлаваннi.
На рэспубліканскі рэферэндум 17 кастрычніка 2004 года было вынесена пытанне наступнага зместу: "Ці дазваляецце вы першаму прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Лукашэнку А.Р. браць удзел у якасці кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь у выбарах прэзідэнта і ці прымаеце частку першую артыкула 81 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у наступнай рэдакцыі: ''Прэзідэнт выбіраецца на пяць гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь на аснове ўсеагульнага, свабоднага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні'?".
IНIЦЫIРАВАННЕ РЭСПУБЛIКАНСКАГА РЭФЕРЭНДУМУ
Права iнiцыятывы на правядзенне рэспублiканскага рэферэндуму належыць Прэзiдэнту Рэспублiкi Беларусь, Палаце прадстаўнiкоў i Савету Рэспублiкi, грамадзянам Рэспублiкi Беларусь.
Iнiцыятыва Палаты прадстаўнiкоў i Савета Рэспублiкi на правядзенне рэспублiканскага рэферэндуму выказваецца ў выглядзе прапановы, якая прымаецца на iх раздзельных пасяджэннях большасцю галасоў ад поўнага складу кожнай з палат, i ўносiцца Прэзiдэнту Рэспублiкi Беларусь.
Iнiцыятыва грамадзян на правядзенне рэспублiканскага рэферэндуму выказваецца ў выглядзе прапановы, унесенай не менш чым 450 тысячамi грамадзян, якiя валодаюць выбарчым правам, у тым лiку не менш чым 30 тысячамi грамадзян ад кожнай з абласцей i горада Мiнска.
Указ аб правядзенні рэферэндуму падпісвае прэзідэнт.
Рэферэндум 17 кастрычніка 2004 года быў прызначаны па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Адпаведны ўказ прэзідэнта быў падпісаны 7 верасня 2004 года.
ПАДВЯДЗЕННЕ ВЫНIКАЎ РЭФЕРЭНДУМУ
Рэферэндум лiчыцца адбыўшымся, калi ў галасаваннi прыняло ўдзел больш палавiны грамадзян, унесеных у спiсы грамадзян, якiя маюць права ўдзельнiчаць у рэферэндуме. Рашэнне лiчыцца прынятым рэферэндумам, калi за яго ў цэлым па Рэспублiцы Беларусь прагаласавала больш палавiны грамадзян, што прынялi ўдзел у галасаваннi.
Паводле дадзеных Цэнтрвыбаркама, у галасаванні на рэферэндуме прынялі ўдзел 6 307 395 грамадзян, што складае 90,28 працэнта от колькасці грамадзян, унесеных у спісы для галасавання.
Рашэнне аб прыняццi, змяненнi i дапаўненнi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь лiчыцца прынятым, калi за яго прагаласавала большасць грамадзян, унесеных у спiсы для галасавання.
Паводле дадзеных Цэнтрвыбаркама, за прыняцце рашэння, вынесенага ў якасці пытання на рэферэндум, прагаласавала 5 548 477 грамадзян, што складае 79,42 працэнта от колькасці грамадзян, унесеных у спісы для галасавання.