ВЫБАРЫ ДЭПУТАТА Ў ГРОДНЕ ПРАЙШЛІ ПА СЦЭНАРЫ ЎЛАДАЎ
Аўтар: Каментар ад 22 сакавіка 2005 года
Паводле звестак Цэнтрвыбаркама, перамога Маскевіча больш чым пераканаўчая: ён атрымаў 65,33 працэнта галасоў. Канкурэнты - член Партыі БНФ, лідэр арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюза ААТ "Гродна-Азот" Сяргей Антусевіч і дэпутат Палаты прадстаўнікоў 2-га склікання Валерый Фралоў - набралі адпаведна 14,22 і 12,4 працэнта. Як сцвярджаюць прадстаўнікі ЦВК, "выбары праходзілі ў спакойнай абстаноўцы", а парушэнні, што мелі месца, былі такія нязначныя, што не маглі паўплываць на вынікі галасавання.
Іншай думкі прытрымліваюцца незалежныя назіральнікі. Яны заяўляюць пра шматлікія грубыя парушэнні выбарчага заканадаўства. Гэта, перш за ўсё, прымушэнне да датэрміновага галасавання; наяўнасць на некаторых участках у кабінетах для галасавання ў якасці ўзору запаўнення выбарчага бюлетэня з адзнакай "за" насупраць прозвішча Маскевіча; адмова ў допуску на выбарчыя ўчасткі незалежных назіральнікаў.
Шмат шуму нарабілі інцыдэнты з трыма польскімі журналістамі, якія былі беспадстаўна затрыманыя і правялі некалькі гадзін у аддзяленні міліцыі, і шасцю дэпутатамі мясцовых Саветаў, якія прыбылі з іншых гарадоў для назірання за выбарамі. Апошніх фактычна выдварылі з выбарчых участкаў на падставе пастановы акруговай выбарчай камісіі, згодна з якой назіраць за выбарамі могуць толькі дэпутаты Саветаў Гродзенскай вобласці. Паказальна, што пастанова была прынята імгненна, непасрэдна ў дзень выбараў.
Каментуючы гэтую калізію, сакратар ЦВК Мікалай Лазавік папракнуў дэпутатаў, якія прыбылі для назірання, у "прававой недасведчанасці". "Для Гродзенскай вобласці гэта фактычна замежныя дэпутаты", - заявіў чыноўнік.
Між тым, Выбарчы кодэкс не забараняе дэпутатам мясцовых саветаў назіраць за выбарамі на тэрыторыі іншых рэгіёнаў.
Напярэдадні выбараў абстаноўка ў акрузе таксама была, мякка кажучы, нервовай. Кандыдатам ад апазіцыі перашкаджалі ў выданні перадвыбарных улётак і правядзенні сустрэч з выбаршчыкамі, іх называлі "стаўленікамі Захада". А за два тыдні да выбараў, 4 сакавіка, на 10 сутак адміністрацыйнага арышту быў асуджаны кіраўнік штаба Антусевіча Вадзім Саранчукоў - за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў.
Адным словам, было відавочна, што шансаў на перамогу ў канкурэнтаў кандыдата ад улады практычна няма. Так што афіцыйна абвешчаныя вынікі галасавання не сталі вялікай нечаканасцю. Яшчэ не ведаючы іх, генерал Фралоў у дзень выбараў заявіў агенцтву БелаПАН: "Я не сумняюся, вынік выбараў ужо сфальсіфікаваны".
Між тым, аналітыкі чакалі паўторных выбараў у Гродне з цікавасцю. Бо ў адрозненне ад кастрычніцкай парламенцкай кампаніі, калі большасць дэмакратычных прэтэндэнтаў сышлі з дыстанцыі яшчэ на стадыі рэгістрацыі, тут у адной акрузе выйшлі на фінішную прамую адразу два кандыдаты ад апазіцыі.
Акрамя таго, паколькі Гродзеншчына традыцыйна лічыцца самым апазіцыйным рэгіёнам краіны ("заходнікі"!), прагназаваліся масавыя выступленні пратэсту ў выпадку фальсіфікацыі вынікаў галасавання. Але ніякіх акцый не адбылося.
Сяргей Антусевіч тлумачыць гэта дыскрымінацыйнымі ўмовамі, у якіх апынуліся дэмакратычныя кандыдаты. "Масавыя акцыі пратэсту мелі б сэнс, калі б, па-першае, нам далі нармальна правесці агітацыйную перадвыбарную кампанію і людзі былі б гатовы выступіць супраць афіцыйных вынікаў выбараў, - сказаў ён у інтэрв'ю "Белорусской неделе". - Па-другое, у дзень выбараў дзейнасць, напрыклад, майго штаба была проста паралізавана. Даводзілася выязджаць на ўчасткі, адкуль выганялі назіральнікаў, разбірацца з інцыдэнтамі. Арганізоўваць акцыі было проста няма калі".
Антусевіч не ўтойвае, што ён і Фралоў не каардынавалі сваіх дзеянняў: "Мы сустракаліся ўсяго два разы, і то - у самым пачатку перадвыбарнай кампаніі".
"Адсутнасць каардынацыі і негатоўнасць паступіцца асабістымі амбіцыямі - старая хвароба нашай апазіцыі - і выбары ў Гродне, на жаль, не сталі выключэннем, - лічыць палітолаг Віктар Чарноў. - Неабходна ўлічваць псіхалогію электарата: чым больш кандыдатаў, тым мацнейшая дэзарыентацыя выбаршчыкаў. У гэтым выпадку кандыдатура рэктара універсітэта сама па сабе была з пункту гледжання папулярнасці дастаткова цяжкай для яго канкурэнтаў. А калі яшчэ ўлічыць механізм фальсіфікацый, то тым больш было б лагічна, каб кандыдаты, якія прадстаўляюць дэмакратычны лагер, дзейнічалі заадно".