Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў Нацыянальны сход i рэферэндум 2004 года
 
Каментары

ВЫБАРЫ Ў САВЕТ РЭСПУБЛІКІ ПРАЙШЛІ НА БЕЗАЛЬТЭРНАТЫЎНАЙ АСНОВЕ


2004-11-15

Аўтар: Каментарый ад 15 лістапада 2004 года

У выніку выбары ў Савет Рэспублікі прайшлі на безальтэрнатыўнай аснове: на кожны мандат прэтэндаваў адзін чалавек. Усяго балатаваліся 56 так званых кандыдатаў ад улады - і ўсе яны сталі членамі Савета Рэспублікі.

Кожная вобласць нашай краіны і сталіца дэлегавалі ў верхнюю палату парламента па 8 чалавек. Столькі ж складае і прэзідэнцкая квота - гэта значыць, таксама 8 сенатараў прызначае кіраўнік дзяржавы.

Як паказвае практыка, ён прызначае "сваіх" сенатараў не адразу. Так, апошні "прэзідэнцкі" член Савета Рэспублікі папярэдняга складу з'явіўся там толькі на трэці год працы верхняй палаты.

У 2003 годзе кіраўнік дзяржавы звольніў прэм'ер-міністра Генадзя Навіцкага, але хутка яго працаўладкаваў ў Савет Рэспублікі, дзе таго абралі спікерам. Навіцкі змяніў на гэтай пасадзе былога кіраўніка Акадэміі навук Аляксандра Вайтовіча. Лукашэнка пазбавіў яго сенатарскага статусу, які сам жа ў свой час і даў.

Сваё першае пасяджэнне новы склад Савета Рэспублікі правёў 15 лістапада. І на ім ў якасці сенатара, прызначанага прэзідэнтам, быў толькі адзін чалавек - Мікалай Чаргінец, які працаваў і ў верхняй палаце парламента другога склікання. Выбар прэзідэнта нікога не здзівіў: Чаргінец быў кіраўніком ягонага перадвыбарчага штаба ў 2001 годзе.

А наогул ў Савет Рэспублікі ўваходзяць нямала вядомых і аўтарытэтных у Беларусі асобаў. Напрыклад, гэта - кіраўнікі усіх абласцей і Мінска, дзеячы культуры, прадстаўнікі прамысловага дырэктарату. Аднак, як зазначаюць незалежныя аналітыкі, гэта - малаўплывовы орган. Верхняя палата, як і ніжняя, фармуецца і дзейнічае пад кантролем выканаўчай улады.