Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў Нацыянальны сход i рэферэндум 2004 года
 
Каментары

ПАВОДЛЕ ЦВК, ЛУКАШЭНКА АТРЫМАЎ НА РЭФЕРЭНДУМЕ СТАНОЎЧЫ ДЛЯ СЯБЕ ВЫНІК

Аўтар: Каментарый ад 18 кастрычніка 2004 года

Згодна з інфармацыяй Цэнтрвыбаркама, Канстытуцыя будзе перапісана, а Лукашэнка зможа ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах 2006 года. За гэта, паводле афіцыйных даных, прагаласавалі 79,42 працэнта ад агульнай колькасці беларускіх выбаршчыкаў.

Цэнтрвыбаркам заяўляе аб тым, што сур'ёзных парушэнняў падчас галасавання не заўважана. Апазіцыя сцвярджае адваротнае. Яна абвінавачвае ўлады ў прамых фальсіфікацыях і ў дастаткова інтэнсіўнай агітацыі ў дзень выбараў, што забаронена выбарчым заканадаўствам.

Напрыклад, практычна на працягу ўсяго перыяду галасавання 17 кастрычніка беларускае тэлебачанне агучвала вынікі экзіт-полу - апытання людзей на выхадзе з выбарчых участкаў (згодна з імі, пераважная большасць нашых грамадзян - каля 75 - 80 працэнтаў - выбірала адказ "за"). Аднак у Цэнтрвыбаркаме гэта не лічаць парушэннем: маўляў, экзіт-пол - не сацыялагічнае апытанне.

Апазіцыянеры і гэтыя вынікі экзіт-полу, і афіцыйныя даныя называюць "намаляванымі". Дарэчы, згодна з экзіт-полам, праведзеным аўтарытэтным Інстытутам Гэлапа, на рэферэндуме "за" прагаласавала толькі 48 працэнтаў ад усіх выбаршчыкаў.

Што тычыцца выбараў у парламент, то тут, згодна з афіцыйнымі данымі, поспех быў на баку так званых кандыдатаў ад улады. Парламенцкія выбары адбыліся ў 109 акругах Беларусі. Са 110 дэпутатаў абрана ажно 108. Для параўнання, на выбарах у Палату прадстаўнікоў у 2001 годзе у першым туры перамог толькі 41 чалавек. Прычым прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных партый у парламенце не будзе. Гэта значыць, ён застанецца прапрэзідэнцкім.

У Палаце прадстаўнікоў новага складу будуць працаваць 32 жанчыны (было 12). Пераабраны туды 47 дзеючых кандыдатаў. Нагадаем, што напярэдадні выбараў прэзідэнт Беларусі выказваў пажаданне, каб трэць дэпутацкага корпуса складалі жанчыны і пераабраныя парламентарыі. Як на заказ, так яно амаль і атрымалася.