Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў Нацыянальны сход i рэферэндум 2004 года
 
Каментары

ДАТЭРМІНОВА ПРАГАЛАСАВАЎ КОЖНЫ ШОСТЫ ВЫБАРШЧЫК

Аўтар: Каментарый ад 17 кастрычніка 2004 года

Самая высокая іх актыўнасць была зафіксавана ў Мінску - 23,02 працэнта, самая нізкая - у Брэсцкай вобласці (12,46 працэнта ад выбарчага спісу рэгіёну).

Практыка датэрміновага галасавання - адно з самых крытыкуемых месцаў у выбарчым працэсе нашай краіны. Прычым крытыка гучыць якраз як з вуснаў апазіцыі, гэтак і з боку міжнародных структур. Яны сцвярджаюць, што працэдура датэрміновага волевыяўлення па-беларуску вельмі зручная для фальсіфікацый, таму што яе ход і вынікі цяжка пракантраляваць.

Апрача таго, звяртаецца ўвага на вялікі працэнт галасуючых датэрмінова выбаршчыкаў. Маўляў, гэта дасягаецца з дапамогай адміністрацыйнага рэсурсу: людзей цэлымі вайсковымі часцямі і прадпрыемствамі "заганяюць" на выбары.

Для дасягнення станоўчага выніку на рэферэндуме Аляксандру Лукашэнку патрэбны галасы 50 працэнтаў не ад тых, хто прыйшоў галасаваць, ад агульнай колькасці выбаршчыкаў. Гэта азначае, што ўладам патрэбна дастаткова высокая яўка. У сувязі з гэтым апазіцыя прагназавала, што будуць 20, а то і 30 працэнтаў датэрмінова прагаласаваўшых.

У выніку ж, паводле афіцыйных звестак, да асноўнага дня галасавання, 17 кастрычніка, свой выбар зрабілі крыху менш беларусаў. Аднак гэта ўсё роўна больш, чым было ў ранейшыя электаральныя кампаніі. Напрыклад, у 2001 годзе на прэзідэнцкіх выбарах датэрмінова прагаласавалі 14,3 працэнта беларускіх выбаршчыкаў.

Праўда, незалежныя назіральнікі гавораць аб тым, што датэрмінова з 12 па 16 кастрычніка (уключна) прагаласавалі не 17,39 працэнта беларусаў, як сцвярджае ЦВК, а 25,21 працэнта.

Вядома, улады могуць патлумачыць узмацненне выбарчай актыўнасці тым, што цяперашняя электаральная кампанія - двайная (парламенцкія выбары плюс рэферэндум). Апрача таго, яны вядома ж, адвяргаюць усе абвінавачанні ў фальсіфікацыях на этапе датэрміновага галасавання. У Цэнтрвыбаркаме заяўляюць, што ніякіх падтасовак быць не можа: скрыні для датэрміновага галасавання добра ахоўваюцца міліцыяй аж да вечара асноўнага дня галасавання, калі і робіцца падлік галасоў.