Каментары
ПАЛОВА ДЭПУТАТАЎ ІДЗЕ НА НОВЫ ТЭРМІН
Аўтар: Каментар ад 4 кастрычніка 2004 года
Гэта адбылося ў выніку разгляду Цэнтрвыбаркамам і Вярхоўным судом больш за паўтары сотні скаргаў на рашэнні акруговых камісій аб нерэгістрацыі ў якасці кандыдатаў у дэпутаты прэтэндэнтаў у парламент. Кожная чацвёртая скарга была задаволена, што можа сведчыць аб недастатковым прафесіяналізме гэтых камісій.
Па выніках гэтага этапа выбараў у парламент балатуюцца 406 чалавек, але зусім магчыма, што да 17 кастрычніка іх будзе меней. Рэгістрацыя некаторых можа быць ануляваная, напрыклад, з-за парушэнняў выбарчага заканадаўства на этапе правядзення агітацыйнай кампаніі.
Пакуль жа кандыдацкая статыстыка наступная. У Брэсцкай вобласці зарэгістравана 68 кандыдатаў у дэпутаты, у Віцебскай - 64, у Гомельскай - 44, у Гродзенскай - 36, у Мінскай - 71, у Магілёўскай - 47, у сталіцы - 76.
139 кандыдатаў у дэпутаты вылучаны ад працоўных калектываў, 81 - ад грамадзян шляхам збору подпісаў, 186 - ад палітычных партый. Пятая частка сярод зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты - жанчыны, так што прэзідэнцкае пажаданне, каб парламент на 30 працэнтаў складаўся з прадстаўніц цудоўнай паловы чалавецтва, не будзе рэалізаванае.
А вось другое пажаданне Аляксандра Лукашэнкі - каб для пераемнасці двух складаў парламента туды зноў пераабралася траціна дэпутатаў - цалкам можа быць ажыццёўлена. Зноў балатуюцца ў Палату прадстаўнікоў 57 цяперашніх парламентарыяў.
Што тычыцца канкурэнцыі паміж кандыдатамі ў дэпутаты, гэта значыць выбарчыя акругі, у якіх балатуюцца па 5-9 чалавек. Разам з тым па 8-мі акругах выбары пройдуць на безальтэрнатыўнай аснове. Не будзе канкурэнтаў у некалькіх дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, дырэктароў школ і прадстаўнікоў уладнай "вертыкалі" - увогуле, у кандыдатаў ад партыі ўлады.
Па многіх акругах балатуюцца па два, а то і па тры апазіцыйныя кандыдаты. Гэта гаворыць пра тое, што праціўнікі ўлады чарговы раз не здолелі дамовіцца між сабою.